Ніна Міхайлаў-на Тарас (15 траўня 1916, в. Заполле, цяпер Наваградскі раён Гарадзенскай вобласці – 12 снежня 2006, Менск) – беларуская пісьменніца. Сябра СП СССР з 1940 г.
Нарадзілася ў сялянскай сям’і. Сапраўднае прозвішча – Жданук. У час Першай сусветнай вайны дакументы былі згубленыя, і бацька Ніны (Міхаіл Адамавіч) у час перапісу жыхароў вёскі, узяў сабе прозвішча Тарас, якое потым перадаў і сваім дзецям. Акрамя Ніны ў сям’і Жданук былі тры малодшыя сястры і брат.
Першую адукацыю Ніна Тарас атрымала ад бацькі. Калі пачала працаваць сельская школа, яна была залічана ў другі клас, які складаўся з трох вучняў. Навучанне было толькі на польскай мове.
Свой першы верш – “Пастушка” – яна напісала прыкладна ў трэцім класе. Верш трапіў да дырэктара школы, і ён разам з бацькам Ніны Міхайлаўны вырашыў паслаць яе вучыцца ў гімназію. Праз некаторы час пачала пісаць вершы на беларускай мове (галоўны чынам, пра прыроду). Бацька падтрымліваў Ніну, яе літаратурныя пачынанні. І ў 1930 годзе Ніна, пасля здачы іспытаў, паступае ў трэці клас наваградскай гімназіі. У тым жа годзе ўступае ў падпольную камсамольскую ячэйку.
У 1934 годзе гімназію зачынілі, і Ніна вяртаецца да бацькоў. У той час матэрыяльнае становішча ў сям’і было вельмі дрэннае, але, нягледзячы на гэта, Ніна ўгаворвае бацькоў накіраваць яе на два гады ў Вільню – закончыць гімназію. Так Ніна Тарас апынулася ў Віленскай гімназіі, куды таксама пасля закрыцця наваградскай гімназіі прыехалі яе сябры-наваградцы з розных класаў. Там жа пазнаёмілася з Максімам Танкам, які ў той час працаваў у рэдакцыі газеты “Наша воля”. Аднойчы Максім Танк папрасіў у яе верш для газеты “Наша воля”. Так упершыню быў надрукаваны яе верш “Яшчэ, веру, ты, вёска, устанеш…”.
У 1936 годзе пасля паспяховай здачы выпускнога іспыту Ніна вяртаецца дамоў, дзе ў дрэнным стане знаходзіцца яе сястра Марыся (тубэркулёз лёгкіх). У той час матэрыяльныя сродкі ідуць на лячэнне сястры, таму пра паступленне ва ўніверсітэт не магло быць і размовы.
Восенню яна прымае рашэнне пакінуць назаўсёды родны дом і другога верасня выязджае ў Вільню ў по-шуках працы. Пасля доўгіх, безвыніковых пошукаў звяртаецца ў Віленскае бюро працы. Першым месцам працы аказваюцца звычайныя парнікі ў раёне Звярынца (па-летувіску: Zverynas), якія трэба было прыводзіць у парадак. У той жа час кватэра, у якой Ніна пражывала з сяброўкай, становіцца явачнай. Часта для сустрэч з падпольшчыкамі на явачную кватэру прыходзіў і Максім Танк. У той жа час (прыкладна 1935 год) Ніна рыхтуецца да паступлення на філалагічны факультэт (партыйная арганізацыя хацела паслаць яе вучыцца). Адначасова з падрыхтоўкай да паступлення, піша і друкуе новыя вершы, пакуль існуюць газеты “Наша воля” і “Па-просту”.
Увесну 1937 года, пасля атрымання паведамлення ад бацькоў, Ніна вяртаецца дамоў, каб наведаць сястру, якая адчувае сябе вельмі дрэнна. Прайшло лета, а восенню сястры Марыські не стала.
У Вільні пачаліся арышты падпольшчыкаў, таму не ўдалося вярнуцца туды. Таксама Ніне не ўдалося і паступіць ва ўніверсітэт.
Летам 1938 года выходзіць замуж за Федаровіча Янку і пераязджае жыць да мужа ў Ліду, дзе ён меў свой домік.
“Чырвоную армію сустракала ў Лідзе. А праз нейкі час пайшла працаваць у лідскую газету “Уперад”. Гэта была першая праца ў маім жыцці”. “Пачалося новае, вольнае, поўнае захапленьня жыццё. Новыя вершы, літаратурныя старонкі ў газеце. Праца грамадская – мяне выбіраюць дэпутатам лідскага гарадскога Савета; прымаюць у члены ВЛКСМ – ужо фармальна, па ўсіх правілах. Выступленні перад выбаршчыкамі, перад чытачамі”, – пісала ў сваёй аўтабіяграфіі Ніна Тарас.
У 1940 годзе выходзіць першы зборнік – “На ўсход ідучы”. Ніну Тарас прымаюць у Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Нямецка-савецкую вайну сустрэла ў Лідзе. У 1942-1944 гг. сувязная лідскай спецгрупы партызанскай брыгады імя С. М. Кірава і партызанскага атрада імя Р. І. Катоўскага брыгады імя Ф. Э. Дзяржынскага Баранавіцкай вобласці. У час вайны хата Ніны Міхайлаўны выкарыстоўвалася для явак партызан. Праз некаторы час хата згарэла, згарэлі і ўсе рукапісы, памятныя кнігі і іншыя каштоўныя для яе матэрыялы.
Пасля вайны пераехала ў Менск. Працавала ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, у рэдакцыі газеты “Піянер Беларусі”. У пасляваенныя гады друкавала зборнікі вершаў, пісала аповесці. Вучылася завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які так і не скончыла. Скончыла Вышэйшыя двухгадовыя курсы ў Маскве.
Пахавана на могілках у Калодзішчах. Значная частка архіва Ніны Тарас трапіла ў Лідскі музей. У альманаху “Ад лідскіх муроў” у 2025 г. надрукавана аповесць Ніны Тарас “Бура”.
Паводле СМІ.

