У Стаўпецкім раёне Менскай вобласці размешчана невялікая вёска Васілеўшчына. Пачатак яе знаходзіцца прама каля дарогі, аднак калі рушыць углыб, то воку адкрываюцца прыгажосці – маляўнічыя палі, возера, лясныя рэкі, маленькія балоты. Ніхто не ведае дакладнай даты заснавання, па падліках мясцовых, вёска існуе ўжо больш за 150 гадоў.
Людміла Бычынская жыве побач з могілкамі і з асаблівай увагай ставіцца да свята Радаўніцы. “На Вялікдзень нельга наведваць магілы, таму менавіта ў дзень Радаўніцы мы прыходзім на могілкі. Мы паважаем памяць нябожчыкаў, молімся за іх і чакаем сустрэчы”, – адзначыла яна. Людміла аддае перавагу правілу не прыносіць ежу на магілы, тлумачачы, што ў яе сям’і на працягу пакаленняў уладкоўвалі трапезы непасрэдна на могілках. Яна сама не падтрымлівае гэтую традыцыю і не перадае яе сваім дзецям. “Мы можам, вядома, прынесці чырвонае яечка і пакачаць яго, але не пакідаць там. Царква вучыць нас, што гэта не трэба, – дадала яна. – Перш за ўсё мы прыходзім да магілы і вымаўляем: “Хрыстос уваскрос”, на што памерлыя адтуль “адказваюць”: “Сапраўды ўваскрос”. Таксама мы трохкратна спяваем галоўны велікодны спеў “Хрыстос воскресе з мёртвых…”. Але самае галоўнае для нас – сабрацца ўсім разам у храме і пабыць на службе”.

На могілках у Васілеўшчыне можна сустрэць людзей усіх узростаў: ад самых юных да пажылых, як у адзіночку, так і вялікай сям’ёй. Крысціна Ждановіч са сваім мужам Аляксандрам прывяла з сабой дзяцей, у яе іх трое. Яна лічыць важным перадаваць традыцыю даглядаць магілы з ранняга ўзросту. “Гэта свята – яшчэ адна нагода ўспомніць нябожчыкаў і ўшанаваць іх памяць, магчымасць сустрэцца са сваімі сёстрамі і братамі, дзядзькамі і цёткамі. Сёлета так супала, што маёй бабулі ў дзень Радаўніцы спонілася 90 гадоў з дня нараджэння. Дзеці, нажаль, не ведалі яе, але яны ўвесь час цікавяцца гісторыямі з яе жыцця і тым, якой яна была. Я імкнуся ім распавядаць як мага больш – у дзяцінстве ўсё лета праводзіла ў бабулі, яе хата знаходзіцца ў іншым канцы вёскі. Дагэтуль памятаю смак ранішніх бліноў і тое, якімі асаблівымі былі смятана і малако ад нашай каровы”, – падзялілася Крысціна.

Пакуль яна ставіла зьніч на магіле бабулі, дзеці адышлі разглядаць каменныя пахаванні наводдаль. “Глядзіце, 1897 год. Гэты самая старая дата, якую мы тут бачылі”, – выклікнула Сцяфанія, дачка Крысціны, паказваючы на старадаўнюю надмагільную таблічку. Мама прывучыла яе даглядаць не толькі свае магілы, але і клапаціцца пра тыя, якіх няма каму дагледзець. Таму Сцеша разам з дзецьмі з суседніх хат узялі венікі і пачалі чысціць зямлю ад апалага лісця і галінак. І ўсяроўна, хто пахаваны на гэтых участках, таму што ў Васілеўшчыне ніхто не дзеліцца на чужых і сваіх – усё адзін аднаму дапамагаюць…
БелТА.

