19 лютага наведала сваю родную Ганчарскую сярэднюю школу Лідскага раёна, куды мяне запрасілі на сустрэчу з вучнямі 5-11 класаў. Сустрэча была прысвечана Дню роднай мовы, таму больш гадзіны я вяла аповед на беларускай мове, нягледзячы на тое, што ўжо 27 гадоў працую настаўніцай рускай мовы і літаратуры.

Падчас сустрэчы я падзялілася ўспамінамі пра тыя гады, калі сама з’яўлялася вучаніцай, расказала пра сябе, пра тое, як стала настаўніцай, як займалася даследчай дзейнасцю і пачала выдаваць кнігі. Сёння ў мяне выйшла з друку 5 кніг. Кожнае выданне – гэта асобная гісторыя, асобныя ўспаміны.


Другой часткай сустрэчы сталі пытанні вучняў. Іх было шмат, я маю на ўвазе пытанні. Для мяне гэта было вельмі прыемна. Такое ў маім жыцці ўжо было. Калісьці прымала ўдзел у беларуска-нямецкай канферэнцыі настаўнікаў. Нікому нямецкая дэлегацыя пытанняў не задавала, а пасля майго выступлення, пасыпаліся пытанні. Гэта тлумачылася проста: людзі зразумелі, аб чым я гаварыла, што хацела данесці. Дык і сёння, як я зразумела, вучні пранікліся маім аповедам і пачалі задаваць пытанні рознага зместу. Для мяне ж было галоўнае тое, што мне было што сказаць, чым здзівіць суразмоўцаў. Юных слухачоў цікавілі і мае хобі, і гісторыі з школьнага жыцця, і тое, што б я сказала сабе ў першым класе, над якой кнігай я працую зараз, ці падтрымліваю сувязь з аднакласнікамі, мой любімы пісьменнік і літаратурны персанаж, хто быў любімым настаўнікам…. Усяго не пералічыць…

Вельмі прыемна было і тое, што сустрэча праходзіла ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры, дзе я вучылася з 5 па 11 клас, што на сустрэчы прысутнічалі мае настаўнікі Марына Валяр’янаўна Кумпяк, Святлана Зыгмунтаўна Купчык, Ганна Аляксандраўна Ярмантовіч.

Вялікі дзякуй, мае шаноўная настаўнікі, за магчымасць наведаць школу! Вялікі дзякуй, мае юныя суразмоўцы, за цікавыя пытанні і магчымасць падзяліцца з вамі ўспамінамі.
Наталля Анашкевіч.

