Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Тэксты 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Тэксты 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

13 лютага 2026, 21:58 Мова 51
Тэксты 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Алаіза Пашкевіч (Цётка)

(ДАВЕДКА)

Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімам Цётка (у шлюбе Кейрыс або Кайрыс; 3 (15) ліпеня 1876, Пясчына, Лідскі павет – 5 (18) лютага 1916, Стары Двор, Лідскі павет) – беларуская паэтка, грамадская і палітычныя дзяячка, публіцыстка. Адна з заснавальнікаў партыі Беларуская сацыялістычная грамада, якая стала цэнтрам беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя. Псеўданімы: Цётка, Гаўрыла з Полацка, Мацей Крапіўка, Крапіўка, М. Крапівіха, Крапівіха, Гаўрыла, Тымчасовы, Банадысь, Асака, Ciotka і Tymczasowy.

Пры дарозе памяці

(ТЭКСТ)

Першая сусветная вайна раскідала вялікую сям’ю Пашкевічаў. Малодшы брат Юзік быў забіты, Войцах пасля ранення зноў ваяваў з немцамі, маці, сястра Караліна і жонка Войцаха з дзецьмі аказаліся бежанцамі і ў час вайны жылі ў Расіі. Бацька не хацеў пакідаць гаспадарку, хату і не паехаў з маці. У студзені 1916 года ён памёр ад тыфу ў Лідзе.

Аплаквалі бацьку толькі тры дачкі – Стафанія, Алаіза і Зося. Пасля пахавання Стафанія паехала ў Шымкаўшчыну, дзе жыла, будучы замужам. У Старым Двары заставалася цяпер малодшая сястра Цёткі Зося.

Чаму Цётцы пасля пахавання бацькі так захацелася дадому, у Стары Двор? Захацелася ў горы пабыць сярод родных сцен?

Зімоваю дарогай, коньмі, пры вялікім марозе паехала на бацькаўшчыну. Там яе сустрэлі цішыня, глухата – вайна спустошыла вёскі, яны як вымерлі, гаспадарыла толькі эпідэмія тыфу.

Цётка, чым магла, дапамагала землякам, пакуль не злягла і сама. Адразу зразумела, што гэта канец, і папрасіла, каб пахавалі яе тут, на радзіме, каля саду, каля шляху. Ведаючы пра сваё слабое здароўе, не раз паказвала гэтае месца блізкім, цяпер толькі паўтарыла просьбу. А потым знепрытомнела.

Запрасілі з Васілішак доктара – немца, але ён не ўмеў лячыць тыфу і нічым не дапамог. Шукаць іншага лекара было немагчыма – завеі, маразы, да Вільні не дабярэшся, ды было ўжо гэта, мусіць, і запозна.

Так і памерла Цётка – у адзіноце, але на радзіме. На пахаванне сышлося не шмат людзей, толькі тыя, каго не забрала вайна, не скасіла хвароба.

Яшчэ адно гора прыйшло ў сям’ю Пашкевічаў, і вялікае гора прыйшло да беларускага народа, які страціў сваю заступніцу, сваю абаронцу.

Рэшткі сям’і Пашкевічаў потым так і не сабраліся пад родным дахам. Да 1939 года ў Старым Двары жыла адна толькі Стафанія, якая ў 1918 годзе аўдавела і пераехала на радзіму. У 1936 годзе яна паставіла на магіле Цёткі помнік, ён стаіць і сёння.

(268 сл.)

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0015
Свой край вывучай. ВЯРТАННЕ  З  НЯБЫТУ
Культура

Свой край вывучай. ВЯРТАННЕ З НЯБЫТУ

28 кастрычніка 2019, 18:5315
Далучайцеся да нас