Колеры і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Колер валасоў
Колер валасоў вызначаецца ўтрыманнем у іх двух пігментаў – эўмеланіна і феамеланіна. Феамеланін мае чырванаватае адценне і, у адрозненне ад цёмнага і крупчастага эўмеланіну, яго малекулы не ўтвараюць гранул (размеркаваны дыфузна). Калі сінтэзуецца вялікая колькасць эўмеланіну, то колер валасоў становіцца цёмным – карычневым (калі ў дастатковай колькасці прысутнічае феамеланін) ці чорным (калі феамеланіну мала ці няма зусім). У выпадку меншай выпрацоўкі эўмеланіну валасы набываюць русыя адценні (з цёплым рудаватым адлівам, калі феамеланіну шмат, і халодным – калі яго мала). Руды колер валасоў – вынік вельмі вялікай колькасці феамеланіну і амаль поўнай адсутнасці эўмеланіну. Светлымі валасы становяцца, калі феамеланін сінтэзуецца ў параўнальна малых порцыях, а эўмеланін практычна не выпрацоўваецца. Папялістыя і светла-шэрыя тоны валасоў назіраюцца ў выпадку дэфіцыту як эўмеланіну, так і феамеланіну.
Прычыны пігментацыі валасоў
Колер валасоў вызначаецца ўтрыманнем пігменту ў клетках коркавага пласта воласа, што залежыць ад шматлікіх фактараў, самымі галоўнымі з якіх з’яўляюцца генетычныя і эндакрынныя. Абодва пігменты сінтэзуюцца адмысловымі клеткамі (меланацытамі) у адпаведнасці з генетычнай праграмай.
Актыўнасць меланацытаў нераўнамерная па масе валасоў, таму асобныя валасы аднаго чалавека адрозніваюцца па адценні, што і надае валасам натуральны выгляд у адрозненне ад валасоў, афарбаваных раўнамерна штучным спосабам. З часам актыўнасць клетак, якія вырабляюць пігмент, падае, і валасы сівеюць.
Пры парушэнні сінтэзу меланіну ўзнікае альбінізм. Пры гэтым не толькі валасы становяцца бясколернымі, але абескаляроўваюцца і ўсе скурныя пакровы, вясёлка вачэй (становіцца чырвонай з-за капіляраў, якія прасвечваюцца ) і г. д. Расліны і жывёлы, якія не сінтэзуюць фарбавальныя пігменты, завуцца альбіносамі.
Колер валасоў чалавека
Для вызначэння колеру валасоў створаны адмы-словыя шкалы з прамых натуральных або штучных вала-соў. У наш час ужываецца распрацаваная В. В. Бунакам шкала, заснаваная на дакладным вызначэнні розных адценняў з разбіўкай па даўжыні хвалі ўсёй гамы каляровасці на тры шэрагі: чырванавата-памяранцавы, жаўтлява-памяранцавы і папялісты. Таксама колер валасоў вызначаюць пры дапамозе спектрафотаметрыі адлюстраванага святла ці колераметрыяй раствораў з пігментнымі выцяжкамі.
У штодзённым разуменні вылучаюць бландынаў (белыя, жоўтыя), рудых (рыжыя і ўласна рудыя), шатэнаў (каштанавыя, цёмна-русыя) і брунетаў (чорныя).
Брунеты

File source: http://commons.wikimedia.org/wiki/File:Salma_Hayek_2,_2012.jpg
Брунетамі (фр. brunet – “цёмнавалосы”, “карычневавалосы”, ад лац. brunus – “карычневы”) завуць людзей з чорным колерам валасоў. Калі сінтэзуецца вялікая колькасць эўмеланіну, а феамеланіну вельмі мала ці зусім няма – колер валасоў становіцца цёмным (карычневым, чорным ці цёмна-русым). Цёмны колер – найболей распаўсюджаная ў людзей афарбоўка валасоў. З’яўляецца дамінантнай прыкметай, сустракаецца ў прадстаўнікоў усіх рас і нацыянальнасцяў. Валасы брунетаў адрозніваюцца адмысловым бляскам. Чорны колер можа мець да-датковыя адценні: ад карычняватага да сінявата-чорнага. На сонцы такія валасы могуць адліваць срэбна-блакітным. Большасць людзей, якія пражываюць за межамі Еўропы, маюць чорны ці карычневы колер валасоў. Сярод еўрапеоідаў цёмны колер валасоў з’яўляецца пераважным у краінах Паўднёвай Еўропы, Пярэдняй Азіі і Паўночнай Афрыкі, па-за залежнасцю ад этнамоўнай прыналежнасці індывідаў. Паўночней гэта афарбоўка вельмі распаўсюджана сярод кельтаў (у Ірландыі цёмнавалосых людзей так і завуць – Black Irish, ці Чорныя ірландцы). Брунеты складаюць прыкметную частку насельніцтва і ў Вялікабрытаніі, а таксама ў розных рэгіёнах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У Беларусі чыстымі брунетамі былі яцвягі. Іхнія нашчадкі да нашага часу захоўваюць гэтую адметнасць.
Рудыя

Перавага феамеланіну надае валасам руды колер (найболей аднастайны і “чысты”, дзякуючы мінімуму змешвання пігментаў). Рудыя валасы з’яўляюцца часцей за ўсё ў людзей з дзвюма копіямі рэцасіўных алеляў на 16-й храмасоме, якая вырабляе змененую версію MC1R бялку. Руды колер валасоў сустракаецца досыць рэдка: 1% насельніцтвы Еўропы і 0,2 % у чалавечай папуляцыі ў цэлым. У свой час руды колер валасоў быў даволі распаўсюджаны, да прыкладу шмат качавых народаў былі рудымі (скіфы, сарматы, рудымі былі жыхары Туркестана, некаторыя роды хунну, манголаў і цюрак). У наш час рудавалосыя сустракаюцца часцей за ўсё ў Паўночнай і Заходняй Еўропе. Шатландыя мае самую высокую долю рудых (13 %), далей Ірландыя (10 %). Злучаныя Штаты маюць самае шматлікае насельніцтва рудых у свеце; 2 % насельніцтва. У Расіі пояс рудых валасоў праходзіць ва Удмуртыі, чые жыхары справядліва лічацца самым рудым народам Еўропы. Рудыя валасы вар’іруюцца па колеры ад бардовага і “згарэлага” памяранцавага да яркага колеру медзі, ад венецыянскага бландына да бронзавага. У рудых, як правіла, светлая скура, зялёныя вочы, вяснушкі, і маецца адчувальнасць да ўльтрафіялету. Культурныя рэакцыі сярод розных народаў на рудавалосых вар’іраваліся ад насмешак да захаплення; шматлікія агульныя стэрэатыпы існуюць сярод розных народаў свету адносна рудых дагэтуль.
Руды колер валасоў сустракаецца досыць рэдка, што робіць магчымым такое незвычайнае мерапрыемства, як “сусветная сустрэча рудавалосых”. У 2009 годзе такая сустрэча праводзілася ў нідэрландскім горадзе Брэда. Арганізатары чакалі каля 4000 удзельнікаў з 36 краін.
Бландыны

Бландыны (фр. blondins, blondines ад blond “бялявы, папялісты, светлавалосы”) – людзі, валасы якіх маюць жоўты, белы колер ці іх адценні. У шэрагу еўрапейскіх моў сюды ж адносяць светла-карычневы колер, званы русым. У краінах Паўночнай Еўропы больш за 80% насельніцтва маюць светлыя валасы. Найболей светлыя валасы распаўсюджаны ў Фінляндыі і Швецыі. Большасць расійскіх бландынаў таксама пражывае на поўначы: у Карэліі, у Мурманскай і Архангельскай абласцях. Больш паловы насельніцтва гэтых тэрыторый – натуральныя бландыны. Светлыя валасы таксама сустракаюцца ў некаторых аўстралійскіх абарыгенаў, асабліва ў дзяцінстве.
Шатэны

Шатэны (ад фр. chаtain – “каштанававалосы”, chаtaignier – “каштан”) – уладальнікі цёмна-карычневых, каштанавых валасоў. Паміж чорным і русым. З’яўляецца другім найболей распаўсюджаным колерам валасоў чалавека, пасля чорных валасоў. Колер валасоў вар’іруецца ад светла-карычневага (цёмна-русага) да амаль чорнага. Ніткі валасоў таўсцей, чым у светлых, але танчэй, чым у рудых валасоў. Людзі з карычневымі валасамі часта завуцца брунетамі, хоць правільна іх зваць шатэнамі. Карычневы колер валасоў з’яўляецца распаўсюджаным сярод насельніцтва ў заходнім свеце, асабліва сярод жыхароў Цэнтральнай Еўропы, Паўднёвай Еўропы, Азіі, Паўднёвага конусу, Злучаных Штатаў Амерыкі, а таксама некаторых груп насельніцтва ў Вялікім Блізкім Усходзе, дзе адценні валасоў плаўна пераходзяць у чорныя валасы. Карычневы колер валасоў распаўсюджаны сярод аўстралійскіх абарыгенаў і меланезійцаў. Шатэны таксама распаўсюджаны ў Цэнтральнай і Паўднёвай Афрыцы.
Русыя

Светла-карычневы колер з шараватым, рудаватым ці жаўтлявым адценнем адносяць да катэгорыі русы.
У выпадку меншай выпрацоўкі эўмеланіну валасы набываюць русыя адценні (з цёплым рудаватым адлівам, калі феамеланіну шмат, і халодным шэрым – калі яго мала). Абазначае колер, які ўключае дыяпазон адценняў, што ляжаць на скрыжаванні бландына і шатэна. У тлумачальным слоўніку жывой вялікарускай мовы Уладзіміра Даля тлумачыцца як карычневы, светла-буры, сярэдні паміж чорным, карым і белым колерам валасоў. Адносіцца да катэгорыі светлых валасоў. Шырока распаўсюджаны ва Усходняй Еўропе (Польшча, Беларусь, Украіна, Расія). Падпадзяляецца на светла-русы (сярэдні бландын), сярэдне-русы (цёмны бландын) і цёмна-русы (светлы шатэн). Русыя валасы з’яўляюцца адной з антрапалагічных асаблівасцяў славянскіх народаў. Старажытных славян антычныя аўтары Усходу і арабы апісвалі як людзей высокіх, стройных, румянатварых, яснавокіх (шэравокіх) з валасамі светла-карычневага ці ж светла-рудога колеру, які параўноўвалі з мядовым колерам або медным, часам з колерам свежага піва, гэта значыць бурштынавага колеру. Рымскія аўтары пра першых сустрэтых імі славян паведамлялі, што валасы іх не зусім светлыя, не бялявыя, але і не зусім цёмныя – русыя. Зайцу-русаку далі мянушку русак, бо колер яго скуркі светла-карычневы, падобны да колераў класічнага паняцця русых валасоў. У рускіх народных казках валасы дзяўчат набываюць адмысловае сакральнае значэнне. Доўгія, галоўным чынам русыя, валасы галоўнай гераіні з’яўля-юцца адным з галоўных атрыбутаў яе прыгажосці.
Сівыя

Серабрысты ці белы колер валасоў, выкліканы ад-сутнасцю больш за 70 % меланіну ў пігментацыі.
Як правіла, з узростам, або пад уздзеяннем унутраных фактараў (напрыклад, альбінізм), валасы змяняюць сваю структуру. Парушаецца выпрацоўка меланіну, з’яўляецца вялікая колькасць паветраных бурбалак. У выніку валасы набываюць серабрыста- ці жаўтлява-белае адценне.
Акрамя таго, клеткі валасоў чалавека вырабляюць малекулы перакісу вадароду, і чым старэй становіцца чалавек, тым больш яго выдзяляецца. Такім чынам, валасы абескаляроўваюцца знутры і становяцца шэрымі, а затым цалкам белымі. Эксперты зрабілі гэтае адкрыццё, вывучаючы клеткавую культуру валасяных фалікулаў. Было зафіксавана, што назапашванне перакісу вадароду выклікана скарачэннем сінтэзу ферменту каталазу, спрыяльнага распаду перакісу вадароду на ваду і кісларод. Валасяныя фалікулы не могуць пакрыць шкоду, прычыненую перакісам вадароду, з-за нізкага ўзроўню фер-ментаў, якія звычайна выконваюць гэтую функцыю (ферменты MSR A і B).
Узроставыя змены колеру валасоў
Даволі часта ў дзяцей ва ўзросце 1-2 гадоў назіраецца змена колеру валасоў. Канчаткова колер валасоў звычайна вызначаецца прыкладна да 5 гадоў. Але ў некаторых людзей гэты працэс адбываецца пазней, у перыяд палавога паспявання: іх валасы моцна цямнеюць ад паступлення ў арганізм тэстастэрону (асабліва гэты працэс заўважны ў аўстралоідаў Саламонавых выспаў).
Пасля 20-30 гадоў валасы могуць паступова губляць пігментацыю, з’яўляецца сівізна. Апошняе адбываецца ў выніку спынення прадукцыі меланіну. Страта пігменту пачынаецца з той часткі валасоў, якая бліжэй да кораня, затым як правіла распаўсюджваецца на іншыя часткі твару і цела (часам нават у непрапарцыйнай колькасці). Амерыканскія даследаванні пацвердзілі, што да ўзросту 40 гадоў у 60 % сусветнага насельніцтва ўжо маецца генетычны недахоп меланіну. Да 50 гадоў гэтая лічба ўзрастае да 86 %. Як правіла, першымі сівеюць брунеты, затым рудыя і русыя колеры. Бландыны сівеюць самымі апошнімі, хоць за правіла такую трактоўку прымаць нельга, паколькі сівізна залежыць ад мноства як вонкавых, так і ўнутраных фактараў (напрыклад, сілкаванне, лад жыцця, экалагічнае становішча і т. д.).
Штучнае афарбоўванне валасоў
Афарбоўванне валасоў з’яўляецца распаўсюджанай касметычнай працэдурай. У сучасным грамадстве існуе і рэгулярна змяняецца мода на колер валасоў.
Асноўнымі спосабамі афарбоўвання валасоў з’яўляюцца наступныя тэхнікі:
– Асвятленне, пераважна перакісам вадароду;
– Афарбоўванне натуральнымі фарбавальнікамі – басмай, хной, цыбульным адварам і іншымі;
– Двухфазнае афарбоўванне ў чорны, карычневы і іншыя колеры з дапамогай акісляемых фарбавальнікаў.
Натуральныя фарбавальнікі дзейнічаюць накшталт таніруючых, гэта значыць пранікаюць толькі ў вонкавы пласт воласа, але трымаюцца больш трывала, асабліва пры сістэматычным ужыванні. Яны не ў стане радыкальна змяніць колер (калі чалавек не бландын), але могуць узмацніць адценне.
Выгаранне валасоў на сонцы
Выгаранне валасоў – натуральнае асвятленне. Пад уздзеяннем ультрафіялетавых прамянёў сонца валасы пачынаюць святлець, таму што іх меланін распадаецца на сонцы. У старажытных Рыме і Грэцыі многія жыхаркі апраналі шыракаполыя капялюшы з выразанымі верхнімі часткамі, каб застацца ў цені і захаваць модную ў тыя часы бледнасць, ішлі на сонечныя месцы і чакалі выгарання валасоў да бялявых ці рудых колераў. У Італіі эпохі Адраджэння таксама модным было натуральнае асвятленне валасоў, пасля чаго з’явіліся паняцці “венецыянскі бландын” (самы светлы з рудых колераў) для пазначэння тых колераў, да якіх часцей выгаралі валасы ў венецыянак.
(Працяг у наступным нумары.)

