Напярэдадні Новага года ў людзей ёсць добрая традыцыя – дарыць падарункі. І адзін дзень напярэдадні Новага 2026 года стаў па-сапраўднаму нечаканым і прыемным удвая для навучэнцаў і педагогаў 11-й лідскай школы. Дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа № 11 г. Ліды” прысвоена імя першага дырэктара школы, ганаровага жыхара горада Ліды, першага сакратара Лідскага гаркама КПБ з 1978 па 1985 год – Надзеі Іванаўны Паповай. Для ўсяго калектыву школы – гэта сапраўдны падарунак. Бо, пра гэта і вучні, і педагогі марылі ўжо не першы год.
Урачыстае мерапрыемства прайшло з удзелам ганаровых гасцей: старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандра Людвігавіча Вярсоцкага, старшыні Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэсы Генадзеўны Белуш, начальніка ўпраўлення адукацыі Лідскага раённага выканаўчага камітэта Вольгі Зыгмундаўны Тарасюк, старшыні Лідскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Віктара Канстанцінавіча Міранцова, настаяцеля храма Усіх Святых г. Ліды протаіерэя Уладзіміра Яроміча, дачкі надзеі Іванаўны – Ларысы Андрэеўны Віркоўскай і яе сям’і. Таксама на мерапрыемстве прысутнічалі педагогі і навучэнцы школы, прадстаўнікі арганізацый горада і калегі Надзеі Іванаўны.


Усё жыццё і дзейнасць чалавека, чыё імя з гэтага часу будзе насіць 11-я школа, – гэта сапраўдны прыклад справядлівага, сумленнага, адказнага і добразычлівага кіраўніка. Надзея Іванаўна Папова – паважаны ў горадзе чалавек. Амаль дзесяць гадоў яе няма ўжо з намі, а памяць пра яе жыве. Лідчане з удзячнасцю ўспамінаюць яе мэтанакіраванасць і жаданне тварыць на карысць горада. Хоць карэннай лідчанкай яна не была, але ўсім сэрцам і душой яна любіла наш горад.

Яна пакінула глыбокі след у яго гісторыі і, вядома ж, унесла свае ідэі і задумы ў стварэнне яго аблічча. Дзякуючы яе ініцыятывам у нас і сёння працуюць буйныя прадпрыемствы, якія былі пабудаваныя больш за пяцьдзесят гадоў таму. А яшчэ ў нас ёсць аб’екты, якія з’яўляюцца візітнымі карткамі горада: Курган Бяссмерця, Палац Культуры, шляхаправод па вуліцы Ленінскай, гарадскі парк. І нават у 70-я гады ХХ стагоддзя былі пачаты работы па рэканструкцыі Лідскага замка.

Выступаючы перад прысутнымі, Аляксандр Людвігавіч адзначыў: “Кожнае грамадства выбірае для сябе маральныя арыенціры і тых лідараў, на якіх хоча раўняцца. Мы вучымся ў такіх людзей, імкнемся быць падобнымі на іх, пераймаем іх сілу духу і адказнасць. Надзея Іванаўна Папова – яркі прыклад менавіта такога чалавека. Вялікая падзяка ўсім, хто прыклаў руку да гэтай справы, і асаблівая ўдзячнасць родным Надзеі Іванаўны”.



Ларыса Андрэеўна Віркоўская, якая ў гэты дзень змагла прыехаць з Менска ў свой родны горад, бо тут яна нарадзілася, тут прайшло яе дзяцінства і юнацтва, таксама падзялілася сваімі ўспамінамі пра Надзею Іванаўну, але ўжо не як пра кіраўніка, а як пра любячую і клапатлівую маму. А яшчэ Ларыса Андрэеўна перадала асабістыя рэчы з хатняга архіва Надзеі Іванаўны для школьнага музея “На скрыжаваннях дарог”.

Дырэктар школы Наталля Эдмундаўна Кеўра, выступаючы перад гасцямі і калектывам школы, расказала і паабяцала: “Сёння наша школа – гэта дружны калектыў. Мы беражліва захоўваем традыцыі, укараняем новыя ідэі і падыходы да навучання і выхавання, развіваючы творчасць і павагу адзін да аднаго. Статус “Школы міру” адлюстроўвае наша імкненне выхоўваць талерантнасць, паразуменне і павагу да гісторыі і культуры. Асаблівы гонар школы – чыгуначныя класы, адзіныя ў Гарадзенскай вобласці. Нашы навучэнцы атрымліваюць не толькі якасную адукацыю, але і практычныя прафесійныя навыкі, якія дапамогуць упэўнена будаваць будучыню. Упэўнена, прыклад Надзеі Іванаўны стане арыенцірам для асобаснага развіцця, актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў і педагогаў”.

Для 11-й лідскай школы імя Паповай Надзеі Іванаўны заўсёды было не проста імем, а з гэтага часу гэтыя высокі гонар і адказнасць узраслі яшчэ больш. Для педагогаў і навучэнцаў яе жыццёвая мэтанакіраванасць і энергія павінны стаць жывым арыенцірам, прыкладам сілы, сумленнасці і адданасці справе. Сёння ў Лідскім раёне гэта шостая па ліку школа, удастоеная імя паважанага чалавека. Няхай гэта традыцыя стане годным пры-кладам і імкненнем для іншых устаноў адукацыі Лідскага раёна.
Наталля Анашкевіч,
кіраўнік школьнага прэс-цэнтра
сярэдняй школы № 11 г. Ліды
імя Н.І. Паповай.

