Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Язэп Палубятка. С А Н Е Т Ы

Язэп Палубятка. С А Н Е Т Ы

18 снежня 2025, 10:32 літаратура 1
Язэп Палубятка. С А Н Е Т Ы

***

 

Агнём душы бывае сорам,

Як чалавек са шчырым сэрцам.

Нехта любіць стравы з перцам.

Спявалі песні добрыя мы хорам.

 

Падчас пажару зоркі ёсць таксама,

Далёкія, таму і свецяць слаба.

Семкі на базары прадавала баба.

Дзіцё малое енкам галасіла: “Мама!”

 

Бяда на караблі, адкрытыя кінгстоны,

Ужо чуваць параненых матросаў стогны,

А дзень наўкол такі прыгожы.

 

І я, дзяўчына, нечым гожа.

Пецярнёй жагнаюцца ў царкве,

Жагнаюцца, але не ўсе.

 

***

 

Нехта ўзносіцца з зямлі ў неба, нехта падае на зямлю.

Чарвяк усё роўна будзе есці нас.

У спёку прыемна піць халодны квас,

А я яго заўжды люблю.

 

Неспакой душы калісь аціхне.

Немаўля цацку новую ў ручках зацісне.

Чалавек заўжды сталее.

Вера ў дабрыню ані не стлее.

 

Рукі ўздымае дзіця ўгару,

Небу і сонцу рада.

Цешыць сэрца карысная парада.

 

Хочацца нешта сказаць – не магу,

Язык мой адняўся, як на бяду,

Вось таму – ні гу-гу.

 

***

 

Месяц пакуль не тавар,

Свеціць чужым святлом,

Цень адкідае нагбом,

Можа з яго калісь будзе навар?

 

У матэматыцы ёсць мінус і плюс,

Гэтак жа ў чалавека,

Які нешта хоча ад веку.

Бывае ў роце флюс.

 

Мо яно праўда: ёсць Бог!

Чаму бацьку ад смерці не засцярог?

Ніхто не хоча паміраць маладым.

 

Розныя думкі прыемны старым,

Ад гэтага ўсмешка на зморшаным твары.

На паліцы ў краме кладуцца тавары.

 

 

***

 

Сустрэне дурань роўнага сабе і лічыць,

                                                                      што паразумнеў,

Душа яго сягае ўвысь, нябачная нідзе.

Прыліў прастору аддае вадзе.

Спяшаўся нехта, толькі не паспеў.

 

На небе зорак, як на сабаку блохаў,

Іх процьма – і не палічыць.

Увосень рэчцы ціха стыць.

Падмурак дома склалі з блокаў.

 

Ты кажаш праўду, а табе не вераць,

А як хлусня, то не правераць.

Сланечнік не бяжыць за сонцам,

 

І поспех твой не можа быць бясконцым.

Пражытым дням згубіўся лік,

Ты ім, нібы з сякераю мяснік.

 

 

 

***

 

Шмат хто хацеў на неба сігануць,

Падаў да долу, чарвяк яго еў,

Нават у шыкоўнай труне ён трухнеў.

Нехта хацеў між зямлёю і небам завіснуць.

 

Жаданні жыцця збываюцца і не збываюцца,

Рулетка жыцця дзіўна круціцца,

Вада ў віры каламуціцца.

Вясною ў спевах птушкі спрачаюцца.

 

Не дасягальны вышыні нябёсаў,

Стромкія камяні нашых лёсаў,

Ёмкае  “эго” і тых, і тых.

Час бывае ўдарыць пад дых –

Мужна знясі той урок,

Быццам яно было незнарок.

 

 

***

 

Спрыянне бывае рознае,

Як розным бывае надвор’е.

У бацькі было ўладкавана падвор’е,

Я не крыўдую, што ён казаў мне штосьці грознае.

 

Разбіты мой лёс аб рэчаіснасць,

Аскепкі раняць радню.

Толькі суцешыць я іх не магу.

Такая жыццёвая існасць.

 

Падае дождж ці йдзе снег –

Узняты парасон наспех.

У цябе на душы паганы настрой.

 

Нават у такім выпадку ідзі наперад, не стой.

Хай ліха баіцца цябе, а не ты яго.

Барацьба – гэта: хто каго.

 

 

***

 

Я сваю трываю адзіноту.

У ложку спім, не ведаем, што ўдвух.

Сузор’еў у небе непаўторны круг.

Не адчуваем між сабой пяшчоту.

 

Ворыва ляжыць загон,

Жаўрук пяе ў небе вясновым,

Як сумна знаць, што ты адзін, як воін,

І чуць: “Ну не сыходзь!” – твой вокрык наўздагон.

 

Пані не здзівіць кабрыялетам.

Якім бы ты не быў паэтам:

Слова да слова – створаны радок.

 

З-пад сукні вабіць дзеўчыны грудок

І вуснаў непаўторны смак…

Але ў жыцці не тое ўсё й не так.

 

 

***

 

Зноў новы бог

Грукае людзям у дзверы,

Не спытаўшы дазволу, пераступае парог,

Патрабуе: “Трымайцеся гэтае веры!”

 

І святароў паўстала бязмерна.

Люд у галечы, як той жабрак.

Падачкі богу непамерныя

Плоціць народ-прастак.

 

Свет наш – хімера.

Што з ім не так? –

Модлы богу, а святару апошні праснак.

 

Зямному хочацца ўзнесціся ў неба,

Гуляць у раі

І есці ўдосталь хлеба.

 

 

 

***

 

То горы, то мора, то проста раўніна –

Усё рэчаіснасць нашай Зямлі,

На якой мы калісьці жылі.

Бываюць яшчэ на Зямлі пустыні.

 

Горай за ўсё пустэльня душы.

А недзе расце граб.

Калісьці быў раб.

Як ты чалавек, то хвалебных прамоў не пішы.

 

Чарвяк па дажджы асфальтам паўзе,

Трушчаць яго кола машыны.

У мяне аб табе ўспаміны.

 

Патухае аскепак шчасця,

Сонца яго да жыцця не вяртае.

Хто штосьці набыў, тое мае.

 

 

 

***

 

Гербарый жыцця майго яшчэ не сабраны,

Чыстыя ёсць старонкі.

Хай на шляху маім бераг стромкі,

Я ж не богам абраны.

 

Не падарожжы вабяць мяне.

Што мне чужыя краіны!

У іх я калісьці загіну.

Гора і шчасце цябе не міне.

 

Хоць век гаротны, але не сумуй,

А на падставы сяброў проста плюй.

Толькі б шчырым быў пацалунак.

 

Увязаны моцна жыццёвы пакунак,

Сэрца баліць ад таго,

Што не сустрэну ніколі сябра свайго.

***

 

Наша жыццё – лабірынт,

У ім толькі выхад адзін –

Смерць – ды розная колькасць жыцця гадзін.

Для каго марафон, а для іншага спрынт.

 

Нехта пляце байду пра геройства сваё,

Мільгаюць дарогі, слупы.

Не кажы, што разумны, не кажы, што тупы,

Што б ні было – перамогі, паразы – яны твае.

 

Легкавік нясецца хутка.

На галаве кабеты хустка

Чорная ў жалобны дзень.

 

Месячнай ноччу размазаны цень.

Шлях мой далёкі, адолела стома.

Радуйся смерці. Ты ўжо дома.

 

 

***

 

Не прыбраны, не чышчаны райскія кушчы,

Дравасекаў там няма,

А сярод зямных прыхільнікаў бога

Дзікая ідзе гульня.

 

Шмат служакаў у нябеснага бога,

Іх процьма, а шмат хто не ведае імя яго.

Што ім імя Саваофа таго –

Болей яшчэ халуёў у зямнога.

 

Недарэка ўзабраўся на трон:

“Бог я ў вас да веку, да скону…”

Лугі няскошаны, мычаць галодныя быкі,

 

Равуць ад скрухі мацяркі,

Што немаўлятак нечым накарміць.

Спрадвечнае пытанне Гамлета: быць ці не быць?

 

 

 

***

 

Горай пасеваў здратаваных здратаваныя душы.

Калючы дрот перад акопамі,

Перад атакай немая цішыня.

Не плач дзяўчына, што адна.

 

Еднасць душы і цела –

Гэта карэнні і крона дрэва.

У вераб’іную ноч успалохі маланкі: то справа, то злева.

Прыемная на смак груша, якая паспела.

 

Пайшоў веснавы дождж цёплы,

Рукі падняты насустрач яму.

Хочаш прызнацца ў каханні – падумай каму.

 

Дыхае холад увечар з акна,

Процьма думак шугае.

Нехта чагосьці доўга чакае.

 

 

***

 

Я не Геракл, а ты не Іпаліта,

І пояс  усемагутны твой мне не патрэбны.

Голас, як срэбра, як матчын фартук зрэбны,

Прыемней бляску аксаміта.

 

Нябесныя пуцявіны, што зямныя,

У марах ідуць у вышыню

Ці стомлена плятуцца па зямлі.

Не запяюць ніколі нямыя.

 

Можа ты выпадкова зачаты?

Ах, як прыемны водар мяты!

Палкасцю губ сваіх не мані.

 

Калісь я цябе за руку вазьму,

Не важна, ці ўвесну, ці ўвосень.

На зямлі дрэў мноства, але ёсць ясень.

 

 

***

 

Звялы букет. Твой погляд маркотны.

Сонца зыркае на дня зыходзе,

Па ім гаданні ідуць у народзе.

Дзяўчына плача. Выгляд самотны.

 

Шпарка скача верабей па ходніку.

Нехта кажа будзённа: “Вёдра”,

Некаму гэта добра.

Мёду жадай бортніку.

 

Чаго не бывае ў варунках жыцця нашых.

Дожджыку рада зялёная рунь.

Агонь разгарыцца, толькі дунь.

 

Не гаруй, што стаміўся,

Узняўся настрой, як вадзічкі крынічнай напіўся.

Далягляд наперадзе, ідзі шпарчэй.

 

 

***

 

Як усё ў гісторыі пераблытана:

Радасць перамог і смутак паразы,

Чалавек памірае ад невылечнай заразы.

Дзіця ў калысцы спавіта.

Рэдка бывае зімою гром.

Неспадзявана прыходзіць шчасце,

Нават, калі на двары нянасце.

Не адгадаеш усё нутром.

 

Ранкам на лузе паслаўся туман,

Госці з’ехалі, у галаве дурман.

Гадзінніка бег несупынны.

 

Нат, калі вінаваты, выгляд рабі нявінны.

Мамка дзіцятку песеньку бае,

Носік маленькі яго выцірае.

 

 

 

***

 

Можа супынімся мы ў абразах,

Колькі казаць адно і тое ж!

Восень прыносіць нам моразь,

Хочацца нешта данесці ў сказах.

 

Толькі ў паэта няма натхнення,

Муза сышла, і бяссонная ноч,

А можа і добра, што сышла яна з воч,

Дзень паўстае, гэта шчасце стварэння.

 

Пярсцёнак вянчальны – вернасці не зарука,

Бывае каханне паўстане мукай.

Калісь да таго асалода была.

 

Як сумна, што радасць сустрэчы раптоўна сплыла.

Вецер развее дым папялішча.

Вясною шпак весела свішча.

 

 

 

***

 

Не намагайся, свет не ахопіш,

Веліч яго не падуладна табе.

Час страціш, надзею ўтопіш

У гэтай пустой барацьбе.

 

Крылы Ікара табе не падходзяць,

Наканавана хадзіць па зямлі.

Пасеенае зерне хутка ўсходзіць.

Калісь па жыцці мы з табою побач ішлі.

 

Не бойся, калі мяцеліца слепіць вочы,

Снегам калючым кідае ў твар.

Увесну прыгожа квітнее бульвар.

 

Не пагаджайся ніколі з паразай,

Думак благіх не трымай,

А калі кажаш: “Бывай”, – дык бывай

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
20 нечаканых фактаў з жыцьця Багдановіча, якіх вы ня ведалі
Грамадства

20 нечаканых фактаў з жыцьця Багдановіча, якіх вы ня ведалі

10 снежня 2018, 08:5726
Восеньскія дні назірання за птушкамі
Грамадства

Восеньскія дні назірання за птушкамі

7 кастрычніка 2019, 15:5424
Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу
Навіны

Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу

26 сакавіка 2020, 10:1420
Мова пра мову: Адаме, kto ty jesteś? Твае Дзяды. (Пра Міцкевічавы беларусізмы)
Мова

Мова пра мову: Адаме, kto ty jesteś? Твае Дзяды. (Пра Міцкевічавы беларусізмы)

5 лістапада 2018, 20:3219
Далучайцеся да нас