***
Ніколі не пішы пра анёлаў узвышана,
Яны – толькі Бога рабы
І лётаюць невядома куды.
Кабеты старой плот гнілы і прыніжаны.
У маладухі ногі бываюць крывыя,
Толькі жаданне таго з яе прэ.
Хто нарадзіўся, той і памрэ.
З гадамі людзі сівыя.
Вада Ніягары падае ўніз.
У дзяўчыны бывае капрыз.
А мне даспадобы зоркапад.
Так хочацца вярнуцца ў маленства назад.
У немаўляці павольна сляза сплывае.
Гаротнік пад плотам сумную песню спявае.
***
Час мой не просты, і я
Хаджу па калені ў брудзе яго,
Сам наглыкаўся такога ўсяго,
Чаго не ставала Іудзе.
Чыстая рэчка жыцця памутнела.
Ночкаю зоркі на небе гараць.
Пад дзірваном мой дзядуля ўлёгся спаць.
Ясная даль для мяне пацямнела.
Што б ні стала ў веку з табою,
Не апускай душы зброю, у лепшае вер
І пакідай давер.
Бывае лагчына вадой напоўнена,
Хай будзе сэрца надзеяй запоўнена.
***
Я змэнчыўся ад гэтага жыцця.
І колы воза, што вязуць у Лету, па восі ў гразі.
Хачу памерці сёння ў разе,
Хутчэй бы дачакацца небыцця.
Не слухае мяне ні пан і ні мужык,
Што лепячу я вершамі сваімі,
Што я хачу ўзвысіць імі
Прыязны нечы выгляд, прыпудраны парык.
Услаўляю закуток, дзе нарадзіўся я,
Там была дружная сям’я.
Ды толькі з часам гэтага не стала.
Зязюля мала накувала.
Ветрам прыбітае ў лужыне лісце.
І каханне было калісьці.
***
Бываеш пяшчотнаю ты, як мора,
Хваляй мілосці мяне ахінаеш,
Рукамі гарачымі шыю сціскаеш.
Бываеш, як шторм, тады мне гора.
Гэтага свету цемень і яснасць.
Твая сукня прагожая ў гарошак,
Сваім фліртам ігрывая трошкі.
Далягляду шырокая бачнасць.
Смачная спелая бэра.
Нехта бармоча: “Спякота, халера”.
Любое надвор’е мае адметнасць сваю.
Сівота ўзабралася на галаву тваю і маю.
Вечным нішто не бывае.
Кожны час сваё нешта мае.
***
Людзі, як дарогі, сыходзяцца і расходзяцца.
Нехта сыходзіцца, нехта расходзіцца назаўжды.
Усяк бывае, такой бяды.
Птушкі песняй вясной заходзяцца.
Бурштын нябеснай вышыні
На захадзе яскрава грае,
І з цягам часу зоркам небасхіл спрыяе.
Удвух мы ў немай цішыні.
І сум кахання іншы раз адалявае,
Былое шчасце ў цемры патанае,
Усё шырацца кругі надзеі.
Якая сумная для нас падзея –
Між іншым застаецца вера
Аскалам, быццам пашча звера.
***
А ці прыгожае наша жыццё?
Я здымаю нечы станік,
Можа, неўзабаве народзіцца Ванік.
Як не рыфмуй, дапасуе тут небыццё.
Сцёрты падэшвы і збіты абцасы –
Гэта жыцця майго выкрунтасы.
Гора – абставінамі ты падмяты.
На неба Возік узняты,
Элькор усеўся яму на дышаль.
Як прыемна ночкаю слухаць цішу
Ды марыць аб нечым таемным.
Верыцца, тое будзе ўзаемным:
Вэлюм і танец вясельны, радасці подых прыемны.
Сціхлі фанфары, і сум надышоў.
***
На пераправе хто пераплывае, хто не.
Вада аднолькава ўсіх прымае.
Показкі аб шчасці не кожны ўспрымае.
Вадзе не сумаваць ні па чыёй бядзе.
Ты не палохайся воўчай гайні.
Чалавек не бывае ласкавым у бядзе.
Вер! Час твой, урэшце, прыйдзе.
І коні кусаюцца ў стайні.
Смяротны не толькі чалавек, але і камень.
Праз хмары прабіваецца сонца прамень.
У асушаным балоце не жыве кулік.
Гармонік грае: пілік-пілік.
Восенню вецер заўжды завывае,
Апошні ліст да долу кідае.
***
Вольны заўжды марыць толькі аб волі,
Нават, калі ў вязніцу яго ўпяклі.
Дні, што вада скрозь пальцы, навек уцяклі,
Прысак застаўся нядолі.
Недзе па рэйках цягнік стукоча.
Людзі ў горадзе ў “сотах” жывуць.
На дне бакала бачыцца муць,
А чалавек усё нечага хоча.
Музыка Шапэна ідзе ад зямлі,
Натхненнем яго была Санд.
Аблокі па небе спрадвеку плылі.
Прыгожы вясновы сад.
Старыя прысады трухнуць паволі,
Садавіны не будзе ад іх ніколі.
***
За парадай ніхто не ідзе ў каханні,
Яе патрабуе гора.
Нават калі яе кропля, не мора,
Камусь даспадобы чужыя казанні.
Бунтуецца ў віры вада.
Бывае, думкам няма спакою.
Нехта кажа: “Давай прыдумаем, нас жа трое”,
Следам ідзе бяда.
Сонейка неяк узбунтавалася,
Наслала магнітныя буры.
Дзеўка заплакала з дуру.
Паралельныя збягаюцца ў бясконцасці –
Хтось так кажа, чаго не ведае.
Не кожны з нас ранкам снедае.
***
Хтосьці некалі казаў: “Каханне ёсць пакуты”, –
А можа сам сабе маніў?..
Бывалі дні, калі алкаш не піў.
Каханне – гэта сэрца путы.
Не ўсё так гладка ў гэтым часе,
Бывае абярэг не збяражэ,
А хтось купляе яйкі Фабержэ.
Ніколі не спяшай на трасе.
Ты, як заўжды, у тарантасе.
Свет не патух, сабою ганарыцца.
Што маладуха, то царыца,
І шчасце ў прыгаршчах нясе,
Бывае шмат, бывае пакрысе.
Мачылі ногі мы ў расе і асалоду мелі.

