Яна разлічана для дзяцей старэйшага дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Першымі экскурсантамі сталі вучні 1 і 2 класаў СШ № 11 г. Ліда. Іх сустрэў каля манументальна-дэкаратыўнай скульптуры “Верабейкі” галоўны герой Верабейка. Ён пазнаёміў дзяцей з новым інклюзіўным арт-аб’ектам, які быў адкрыты нядаўна ў Дзень беларускага пісьменства. Такім чынам, дзеці даведаліся, хто стварыў гэты прывабны манумент і каму ён прысвечаны. Ім жа стала вядома пра гісторыю напісання верша, змешчанага на разгорнутай гранітнай кнізе, а таксама пра незвычайны варыянт яго на другой старонцы – пра азбуку Брайля.

Разам з Верабейкам дзеці паскакалі ў дваровую гульню “класікі” і вядома, наведалі галоўнае жытло – Дом-музей, у якім жыў і займаўся творчасцю аўтар аднаімен-нага твора Валянцін Таўлай. З задавальненнем пабывалі ў мемарыяльным пакоі паэта, пазнаёміліся з экспазіцыямі, паўдзельнічалі ў разнастайных забавах.


Верабей – птушка, якая не пакідае сваё месца, не адлятае ў вырай, знаходзіцца каля жытла чалавека. І вось пагэтаму яе часта можна цяпер пабачыць каля Дома Валянціна Таўлая. А вы бачылі арт-аб’ект “Верабейкі” ў Лідзе? А вы былі ў Доме Валянціна Таўлая? Запрашаем Вас на Замкавую, 7.
PS: на тэатралізаваную інтэрактыўную экскурсію “Дружнай сямейкай да Верабейкі” можна запісацца па тэлефоне +375154 541552.
Алесь Хітрун.

