24 верасня 2025 года Пісьменніцкі клуб “Літаратурны экватар” правёў у Менску, у бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога святочную імпрэзу, прысвечаную 60-годдзю даўняга сябра суполкі спадара Глеба Ганчарова.
Распачаў мерапрыемства кіраўнік “Літэкватара”, пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут. Ён павіншаваў спадара Глеба з юбілеем, адзначыўшы важкасць ягонай творчай спадчыны, што ўвасоблена ў кнігах, якія юбіляр выдаў апошнім часам: “Дары вешчуноў” (вершы і паэмы) і “Казкі дзядзюхны Мянеска” (проза). Вячаслаў заўважыў цікавасць п’ес і казак, вершаў і паэм Глеба Ганчарова. Асаблівую старонку складаюць пераклады, якія гэты творца выконвае з асаблівым, толькі яму ўласцівым натхненнем. Таксама Вячаслаў адзначыў плённы ўклад Глеба ў творчую і грамадскую працу Пісьменніцкага клуба “Літаратурны экватар”, у якой ён прымае актыўны ўдзел. Гэта – выступы на творчых вечарынах, канцэртах, прэзентацыях. І заўсёды выхады на сцэну Глеба Ганчарова выклікаюць значную цікавасць, а яго асаблівае стаўленне да мастацкага слова надае такім сустрэчам непаўторны каларыт. Кіраўнік клуба пажадаў юбіляру моцнага здароўя, новых творчых вышынь, цікавых і яркіх кніг, дзе шчыра і яскрава жыве роднае слова. Напрыканцы выступу Вячаслаў Корбут прачытаў у гонар юбіляра уласны твор пад назвай “Дворык”, прысвечаны бадай што усім паэтам:
Гэты дворык вельмі цесны –
Мала подыху вятрам…
Спевы птушак чуў у весну –
Сёння гулка крэхча кран.
Птушак крылы грэе сонца
З вераснёўскім шэптам ліп.
Што падаўся нейкім сонным,
Бы жаданняў пералік?
– А спяваць мы сёння будзем? –
Раіўся зноў грак з сястрой.
– Не скажу, хай дрэмлюць людзі
Гэтай восеньскай парой.
Яны спяць зімой і летам:
Духам, нават сэрцам спяць.
Глянь, не спяць адны паэты,
З іх усіх за гэта кпяць!..
Перамыюць косці люду,
Беднаце, правадырам,
Стос ідэй ці нават груду
Раскідаюць тут і там.
– Ай, паэты? Што паэты?!
Я ніводнага не чуў!
– Дык пачуй ты іх сакрэты…
– Добра! Палку перагнуў…
І заснуў тут дворык зноўку.
Кран дзяўбецца, нібы грак.
А паэт чытаў ім лоўка,
І спяваў за ім спявак!
Далей слова перайшло да сувядоўцы мерапрыемства і непасрэднай ягонай агранізатаркі – пісьменніцы і журналісткі Інгі Вінарскай. Спадарыня зазначыла, што вельмі цэніць Глеба Ганчарова як аўтара і як рэдактара, і рада працаваць разам з ім у рэдкалегіі альманаха “Літаратурны экватар”, дзе з’яўляецца шэф-рэдактарам. Інга зачытала прысутным анатацыю пра спадара Глеба з вышэй адзначанага выдання:
“Глеб Ганчароў – паэт, празаiк, перакладчык, драматург, публiцыст, журналіст. Нарадзiўся 23 верасня 1965 года ў Менску ў настаўнiцкай сям’i. Скончыў прыборабудаўнiчы факультэт Беларускага полiтэхнiчнага iнстытута (1988) i факультэт гаспадарчага права Беларускага iнстытута правазнаўства (1999).
Працаваў iнжынерам-оптыкам, гаспадарчым юрыстам, журналiстам у газетах “Обозреватель”, “Знамя юности”, “Вместе!”
Творы друкавалiся ў часопiсах “Маладосць”, “Полымя”, “Нёман”, газеце “Лiтаратура i мастацтва”, калектыўных зборнiках “Мы – скарынiчы”, “Мiнск – горад майго лёсу” i iншых, перакладалiся на iўрыт, рускую, украiнскую, польскую, лiтоўскую мовы.
Упершыню пераклаў на сучасную беларускую мову творы лiцвiнскiх паэтаў мiнулага Ю. Бакi, А. Крумана, Г. Наваградскага.
П’есы Глеба Ганчарова ставiлiся ў тэатрах Беларусi, Украiны, Польшчы, Расii, Лiтвы, Латвii. Спектакль Гомельскага абласнога драматычнага тэатра “Уваскрэсенне Лазара”, паводле аднайменнай п’есы, быў вылучаны на Нацыянальную прэмiю Рэспублiкi Беларусь.
Лаўрэат Дзяржаўных прэмій Польшчы, Ізраіля і Украіны.
У 2023 годзе выдаў зборнік вершаў “Дары вешчуноў”, у 2024 годзе – кнігу прозы “Казкі дзядзюхны Мянеска”.
Спадарыня Вінарская пажадала спадару Ганчарову ўсіх даброт і перадала яму слова.
Трэба зазначыць, што Глеб Уладзіміравіч добра падрыхтаваўся да сваёй імпрэзы. Некалькі разоў на працягу мерапрыемства ён выходзіў выступаць са сваімі творамі. Шмат вершаў прачытаў, пра прозу, п’есы і пераклады свае распавёў. Між іншым, зараз рыхтуецца да друку яшчэ адна кніга прозы Глеба Ганчарова – “Казкі матухны Беларусі”. У хуткім часе яна павінна пабачыць свет.
Што тычыцца прачытаных спадаром Глебам на імпрэзе вершаў, то тут варта прыпыніць увагу на адным з самых любімых паэтычных твораў юбіляра, які, дарэчы, адкрывае кнігу “Дары вешчуноў” і назваецца “Аўтабіяграфія”:
Я з яйца без зубоў і без яду
Ў год змяі, нібы чорная ніць,
Выпаўз, як і прызначана гаду,
З мэтай нейкае гадства ўчыніць.
Пацякла за хвілінай хвіліна
Па залівістых рэчышчах дзён,
І я ўзрос, што дурная сцябліна,
Стаў на вока і ласку жадзён.
Быў багата гадоў я прыкуты
Да ўсялякіх пакут і спакус:
Як павысіць мацунак атруты;
Як навострываць сківіц прыкус.
Я даводзіў іклы на тачыле,
З перцам чылі смактаў манпасье,
Бо са шчырасцю джаліць вучылі
Пад сасной педагогі мае.
Але сэрца маё неацэнна
Аб паветраных справах баліць:
Мне б у небе лунаць летуценна
І з драконам сялібы паліць!
А таму, як прадвесце злагады,
Маранатраўна растуць на хрыбце
Два крылы для паўзучага гада,
Каб дарогу знайсці ў цемнаце.
Я пластаўся з разгубленай злосцю
І ў прадбачані суднага дня
Поўз туды, дзе валяліся косці
Прыкапанага кімсьці каня.
Там сярод маслакоў і рабрынак
Я сумесна з калегамі жыў.
Ежма ела штодзённа сябрына
Сябрукоў да выцягвання жыл.
Толькі я не суцешуся ў марах,
Не хацеў быць звычайнай змяёй,
Каб на сконе жыцця ў мемуарах
Мог апець слаўны жэрабя мой.
Так бы вечна між дзірак і трэшчын,
Як запасіўшы, глебу крапіў,
Але, марна ахрышчаны Вешчым,
Князь Алег на мяне наступіў.

filter: 0; jpegRotation: 0; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;
Паэт, празаік, бард Юрась Нераток пачаў свой выступ не з віншаванняў і пажаданняў. Ён, ведаючы эрудыцыю і глыбокае разуменне гісторыі юбіляра, папрасіў яго распавесці прысутным, хто такія чумакі і чаму прозвішчы Чумак, Чумакоў, Чумачэнка сустракаюцца на нашай зямлі. Глеб Уладзіміравіч паведаміў, што гэта прафесія, вядомая з XVI-га стагоддзя: чумакі перавозілі з паўднёвых украінскіх зямель на тагачасную беларускую розныя прадукты, у першую чаргу – соль, якой не было ў нас. Юрась Нераток дадаў, што Млечны шлях называўся яшчэ і Чумацкім: і таму, што па дарогах тая соль часам рассыпалася, і таму што дробныя зоркі Млечнага шляху, у якія ўглядаліся і па якіх арыентаваліся перавозчыкі, нагадвалі прасыпаную соль.

filter: 0; jpegRotation: 0; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;
Такім чынам прадмова, без якой не абыходзіцца ніводзін твор Нератка, прагучала і да верша “Чумацкі шлях”:
Стэп… І навошта тут столькі прасторы?
Цягнуць валы перагружаны воз.
Крупкамі солі рассыпаны зоры,
Месяца блін на патэльні нябёс.
Кольца каўбаскі, піханай пальцам;
Ззаду – аптовы закуп, магарыч…
Знікла заступніцтва ў зладжанай валцы.
А нападуць – толькі Бога і кліч!
Хвайна было б таргануць па дарозе:
Быў бы барыш і заўзяты кірмаш!
…Толькі ўся соль застанецца на возе,
Бо ў Беларусі солі няма ж!
Пахаладае – гуньку накіну.
Не дапаможа – гарэлкі глыну.
І не заўважу, як за хвіліну
Водар кавыль перадасць палыну.
Вось бы даехаць, убачыць радзіну,
Хвацкі гармонік ушыр развярнуць!
…Можа, даеду, а можа, і згіну,
Можа, князі ўсё за так адбяруць.
Здасца, супынку не будзе ніколі:
Я – і прастор, цішыня і спакой.
Пыл узнімаецца, стукаюць колы,
Цягнецца воз па дарозе пустой…
Напрыканцы выступу Юрась Нераток паведаміў юбіляру, што па сягонняшнім часе ягоны ўзрост лічыцца маладым і пажадаў без асаблівых прыгод “дацягнуць” да пенсіі.
Вершаў і віншаванняў у той вечар было шмат. Адметнай рысай мерапрыемства стала тое, што вершы юбіляра Глеба Ганчарова чыталі вучні сталічных школ. Сярод прагучаўшых паэтычных твораў былі наступныя: “Восень у Гародні”, “Лесвіца”, “Быў месяц, спляжаны пад ранак”, “Мне няёмка было ад сумнеўнага суму”, “Дзве рукі, што дзве ракі” і іншыя.
Дарослыя творцы віталі Глеба Ганчарова сваімі вершамі. Сярод выступіўшых паэтаў былі: Міхаіл Баранчык (кіраўнік Літаратурнай гасцёўні “Дзясятачка”), Ігар Шыршоў (філосаф, кандыдат філасофскіх навук), а таксама даўні сябра “Літэкватара” Вячаслаў Данілаў.

filter: 0; jpegRotation: 90; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;
Прафесар, доктар педагагічных навук, пісьменнік Алег Мельнікаў вельмі любіць пісаць пародыі на творы самых розных жанраў. Спецыяльна для юбілейнай імпрэзы Глеба Ганчарова ён падрыхтаваў некалькі паро-дый на ягоныя вершы, якія і прачытаў на мерапрыемстве.
Восеньскімі вершамі і творамі пра каханне віншвалі юбіляра паэткі Таццяна Пратасевіч і Маргарыта Багдановіч.

filter: 0; jpegRotation: 0; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;
Прыхільніца творчасці Глеба Ганчарова Міла Алім зазначыла, што чытае ягоныя вершы, калі ў яе сумны настрой, а калі добры – тады чытае прозу. Спадарыня прачытала некалькі сваіх любімых паэтычных твораў спадара Глеба.

filter: 0; jpegRotation: 90; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;

filter: 0; jpegRotation: 90; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;
Пісьменніца, педагог, навукоўца Кацярына Мату-севіч шчыра ўхваліла таленты юбіляра і прачытала прысутным некалькі сваіх кароткіх эсэ.

filter: 0; jpegRotation: 90; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;
Закрывала канцэртную праграму пісьменніца і журналістка Інга Вінарская. Яна зазначыла, што ў цяперашні час ідзе актыўная праца над новым альманахам “Літаратурны экватар” № 14 (16), які павінен убачыць свет у 2025 годзе. А больш падрабязна спадарыня выра-шыла ўзгадаць юбілейны, пятнаццаты нумар гэтага выдання (выйшаў у 2024 годзе). І вось чаму: спецыяльна для гэтага нумара альманаха былі запісаны і ў ім надрукаваны пятнаццаць інтэрв’ю з найбольш цікавымі сябрамі “экватарыяльнай” суполкі. Інга ўхваліла журналісцкі талент Глеба Ганчарова, які запісаў інтэрв’ю непасрэдна з ёй. Таксама спадарыня адзначыла дасканаласць падрыхтоўкі свайго інтэрв’юера да працы: Глеб Ганчароў прачытаў усе кнігі Інгі Вінарскай і ўжо на іх аснове задаваў свае пытанні. Некалькі вершаў Інгі асабліва спадабаліся Глебу: сярод іх быў твор пад назвай “Эмігранцкае”. Гэтым вершам спадарыя Вінарская і закончыла творчую частку імпрэзы:
Судзілі, гадалі, страчалі
Світанкі, палілі старонкі,
Глядзелі з самотаю ў далі –
Мяжу зачынілі нам звонку.
Ліцейкам больш не пераплавіць
Вялікую нашу свабоду.
Забылі пра правілы лавы:
Адрынуты будзем народам.
Хто прэ на яго – тыя маняць.
Самотныя, танныя людзі.
Ад бойкі бягуць яны самі,
І сплюнуць: хай меней вас будзе!..
Быць сытымі добра. Навошта?
Чагосьці б такога не выйшла…
Не лезьце ў мяшчанскую ношу,
Законаў ганебнае дышла.
Прэч рушце да новых арцеляў,
У штаты свае ды ў еўропы.
Задужа ад нас вы хацелі,
Культурныя вы паўхалопы.
Судзілі, пасля меркавалі –
Сумленне ад волі залежыць.
Адчынены дальнія далі,
Нам сёння адчынены межы!..

filter: 0; jpegRotation: 0; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;
Завяршылася мерапрыемства ў бібліятэцы № 1 імя Л. М. Талстога агульнай фотасесіяй усіх выступоўцаў імпрэзы. “Працяг банкету” адбыўся крыху пазней – у адной з утульных сталічных кавярняў, але гэта ўжо трохі іншая гісторыя…
Інга Вінарская,
Юрась Нераток.