Вось ужо трэція выходныя запар у Лідзе панавала атмасфера свята. Горад масава прыняў удзел у аўтафестывалі “Тачкі. Пікнік”, на два дні стаў сталіцай Дня беларускага пісьменства. А 13 верасня лідзяне зноў выйшлі на вуліцы, каб разам адсвяткаваць Дзень горада. У былыя часы Дзень горада прывязваўся да 8 ліпеня – Дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але вось ужо гадоў дзесяць прывязваецца да 17 верасня – даты надання гораду Лідзе Магдэбургскага права, дарэчы, сёлета споўнілася 430 гадоў гэтаму акту.

Урачысты прыём дэлегацый гарадоў-пабрацімаў з Расійскай Федэрацыі, а таксама многіх высокіх гасцей з розных рэгіёнаў Беларусі папярэднічаў святочным мерапрыемствам з нагоды Дня горада Ліды. Прыём, ініцыяваны старшынёй Лідскага раённага выканаўчага камітэта, прайшоў у цёплай і сяброўскай атмасферы.

У дзень нараджэння Ліды з усіх канцэртных пляцовак гучалі прызнанні ў любов да роднага горада. Ва ўнісон шчырым віншаванням гораду стукаюць сэрцы яго жыхароў, перапоўненыя радасцю і гонарам за сваю малую радзіму.
Старт святочнай праграме дала ўрачыстая цырымонія адкрыцця свята.
Падчас цырымоніі адбылося ўзнагароджанне перадавікоў вытворчасці, дзеячаў культуры, ушанаванне працоўных дынастый.
Сярод узнагароджаных Шчэліна Алена Валянцінаўна загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Дзяржаўнай ўстановы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, якая атрымала ПАДЗЯКУ ПРЭМ’ЕР- МІНІСТРА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай культуры.

На ўрачыстым адкрыцці святочных мерапрыемстваў да Дня горада дарылі сваю творчасць гасцям і жыхарам горада творчыя калектывы ўстаноў адукацыі, сярод іх узорная студыя сучаснага танца “База” аб’яднання па інтарэсах “Art DANCE STUDIO”, узорны ансамбль танца “Вясёлая карусель” СШ № 9 г. Ліды імя А.В. Нічыпорчыка, танцавальны калектыў “Пралеска” СШ № 17 г. Ліды, а таксама высокапрафесійныя калектывы Палаца культуры г. Ліды.
ТК “Культура Лідчыны”.

