Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Да Дня беларускага пісьменства. “Паэтычнае суквецце Лідчыны”, ці “Майстры слова пра сябе і сваю паэзію”

Да Дня беларускага пісьменства. “Паэтычнае суквецце Лідчыны”, ці “Майстры слова пра сябе і сваю паэзію”

29 жніўня 2025, 08:05 Выданні, літаратура 71
Да Дня беларускага пісьменства. “Паэтычнае суквецце Лідчыны”, ці “Майстры слова пра сябе і сваю паэзію”

Засталіся лічаныя дні, калі гасцінная лідская зямля стане сталіцай XXXII Дня беларускага пісьменства. Майстры мастацкага слова літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідская газета” таксама рыхтуюцца да рэспубліканскага свята.

Маё сяброўства з пісьменнікамі Лідчыны пачалося больш дваццаці гадоў назад. За гэты час я ўласна ўпэўнілася, што кожны з іх унёс значны асабісты ўклад у літаратурнае жыццё нашага рэгіёна. А яшчэ многія вуліцы горада сёння носяць імёны пісьменнікаў. Імя класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы ў 1946 годзе прысвоена раённай бібліятэцы. У скверы, насупраць Музычнага каледжа, у 1993 годзе ўстаноўлены помнік беларускаму першадрукару Францішку Скарыну. У 2010 годзе адкрыў свае дзверы літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея, які больш вядомы ўсім як Домік Валянціна Таўлая. Яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны беларускі пісьменнік Валянцін Таўлай працаваў у рэдакцыі раённай газеты “Уперад”. Больш за паўстагоддзя пры рэдакцыі “Лідскай газеты” працуе літаратурнае аб’яднанне “Суквецце”.

І таму, я ўпэўнена, Ліда не выпадкова атрымала такі статус і стала сталіцай Свята беларускага пісьменства ў 2025 годзе.

Ужо напярэдадні гэтай значнай падзеі ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла прэзентацыя кнігі “Паэтычнае суквецце Лідчыны”, аўтарамскладальнікам якой мне пашчасціла стаць.

Зборнік вершаў – гэта знак пашаны і павагі да нашых літаратараў, да нашых таленавітых землякоў. Пад адну вокладку кнігі трапілі звыш двухсот паэтычных твораў трыццаці сямі аўтараў. Гэта вершы на беларускай і рускай мовах. Кожны аўтар, нягледзячы на тое, што творы аб’яднаны агульнай тэмай, усё ж па-свойму выказвае ўласнае стаўленне да паэта і паэзіі. У выніку кожны чытач заўважыць, што феномен “паэта” і “паэзіі” ў лідскіх творцаў шматгранны: паэт, па меркаваннях лідскіх літаратараў, – “творца”, “чалавек, аблашчаны анёлам”, “будаўнік моўнага палаца”, “чараўнік песень і казак”, “цар усіх душ”, “наіўны, добры дзівак”, “спявак кахання”, “прадвеснік і празарлівец”, “трубадур і летапісец кахання”, “прыхільнік муз”, “голас нябёсаў”, “доктар”, “і жнец, і акцёр, і валацуга безнадзейны, і ўсемагутны кароль”… А паэзія – гэта “космас”, “мястэчка раю”, “карабель надзеі”, “жывая крыніца”, “бясцэнны дар”, “энергіі паток”, “пяшчотны гук”, “лёгкае дакрананне ветрыку”, “сон нявіннага дзіцяці”, “чароўная краіна”…

Усе вышэй названыя высновы былі атрыманы мною падчас правядзення сумесна з вучнямі сярэдняй школа №11 г. Ліды даследчай працы “Феномен паэта і паэзіі ў творчай парадыгме літаратараў Лідчыны”. Калі ж нашы майстры мастацкага слова пазнаёміліся з даследаваннем і падборкай вершаў, узнікла цікавая ідэя: неабходна выдаць зборнік вершаў, прысвечаны тэме паэта і паэзіі. І мара здзейснілася: зборнік вершаў “Паэтычнае суквецце Лідчыны” выйшаў з друку.

На прэзентацыі прысутнічалі як пісьменнікі, аўтары вершаў, так і прыхільнікі паэзіі. Падчас мерапрыемства  ішло абмяркаванне новай кнігі, у аўтарскім чытанні гучалі вершы, словы падзякі за працу над выданнем і, канешне, віншаванні з надыходзячым святам мастацкага слова.

Лідчына – край паэтаў і паэзіі. Ёй прысвячаюць вершы, песні, паэмы. Паэзія жыве ў кнігах, часопісах і, вядома, у душах людзей. Сучасныя майстры мастацкага слова – людзі апантаныя, творчыя, таленавітыя. Колькі паэтычных твораў напісана імі, каб абудзіць душы звычайных людзей, якім талентам яны валодаюць, каб кожны раз мастацкім словам уразіць і дарослых, і дзяцей. Тэматыка паэтычных твораў самая разнастайная: радзіма, мова, прырода, каханне, роздум аб жыцці, духоўныя і філасофскія разважанні… А яшчэ ў цэнтры ўвагі майстроў мастацкага слова, канешне, тэма паэта і паэзіі.

Мастацкае слова дапамагае кожнаму чалавеку: часам яно вяртае нас да жыцця, адкрывае вочы на штосьці незразумелае і таямнічае, дапамагае ўспрымаць пры-роду, уявіць сябе патрэбным цэламу чалавецтву. Паэзія ж для паэта – гэта сэнс жыцця, гэта магчымасць падзяліцца думкамі з чытачамі, гэта паветра, якім ён жыве, гэта хлеб, натхненне, бальзам для душы.

Паважаныя майстры мастацкага слова, шчыра дзякую вам за цудоўныя паэтычныя творы, за ваш талент, за пазітыўны настрой, які вы дорыце нам, вашым чытачам! Сардэчна віншую вас з надыходзячым Святам беларускага пісьменства на Лідскай зямлі!

Наталля Анашкевіч,

настаўніца рускай мовы і літаратуры

сярэдняй школы № 11 г. Ліды.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды
Мова

Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды

21 лютага 2026, 19:4920
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

15 лістапада 2025, 12:4220
Беларускія і польскія гісторыкі абмяркоўваюць складаныя пытанні
Грамадства

Беларускія і польскія гісторыкі абмяркоўваюць складаныя пытанні

4 снежня 2018, 16:0918
Названы лаўрэат “Мядовай літаратурнай прэміі- 2018”
Выданні

Названы лаўрэат “Мядовай літаратурнай прэміі- 2018”

13 снежня 2018, 10:5117
Далучайцеся да нас