Кожную вясну вока чалавека лашчыць квецень садоў. Прыгожа цвітуць яблыні, грушы, слівы, вішні. Водар іх плыве над зямлёю, пчолкі-працаўніцы збіраюць нектар, а мы, людзі, назіраем за гэтай прыгажосцю і чакаем імгнення, каб пакаштаваць садавіны. Незаўважна праходзіць палова лета – на вішнях з’яўляюцца чырвоныя ягады. Яны прыцягваюць позірк і дзяцей, і дарослых, і нават птушак, якія не супраць паласавацца імі. Звычайныя вішні апошнім часам сталі для мяне незвычайнымі. Чаму? Таму, што кожны год яны нагадваюць мне аб бабулі, аб яе маладосці і талентах.
Аднойчы, яшчэ пры жыцці бабулі Анюты, я звярнула ўвагу на даматканую тканіну, якая ляжала на паліцы ў шафе. Чамусьці раней я не заўважала яе і нават не бачыла. Узяла тканіну, разгарнула – і перада мной з’явіўся сапраўдны шэдэўр, створаны рукамі чалавека. Гэта абрус, на якім прыгожа і вельмі тонка былі вышыты вішні, быццам хтосьці акуратна расклаў іх па ільняной тканіне. Чырвоныя круглыя ягады і зялёныя пялёсткі вышыты так незвычайна, што глядзіш на іх і не верыш: ці магчыма простай дзяўчыне стварыць такую невера-годную рэч.
Узяўшы абрус, я падышла да бабулі з пытаннямі: “Што гэта за шэдэўр? Хто яго вышываў? Чаму я раней не бачыла яго?”

Бабуля беражліва ўзяла абрус і адказала: гэта яна яшчэ да вайны, будучы школьніцай, вышыла яго на занятках працоўнага навучання. Такі ж абрус вышывала і настаўніца, а бабулі, на той час дванаццацігадовай дзяўчынцы, таксама захацелася паўтарыць узор. Так і адбылося. Праз некаторы час прыгожы вішнёвы абрус быў створаны.

За сваё шматгадовае жыццё ільняны абрус стаў крыху шэрым, хаця калісьці быў беласнежным. Памеры яго складаюць 135 на 175 сантыметраў. Палатно пасярэдзіне сшыта з дзвюх палавін ільняной даматканіны. Напэўна, адпаведнымі былі памеры кроснаў, на якіх маці маёй бабулі ткала палатно, а пазней і сама бабуля. Сапраўды, у даўнія часы сяляне павінны былі самі вырасціць лён, прывезці яго з поля, захаваць, перапрацаваць за зіму і толькі тады выткаць тканіну, каб пашыць адзенне ці патрэбныя для гаспадаркі рэчы.
Калі дэталёва разгледзець абрус, то ў цэнтры яго гладдзю вышыты вішнёвы вянок у выглядзе складзеных галінак, на якіх чырванеюць вішні ў акружэнні зялёных пялёсткаў. Па краях яго – прыгожыя вішнёвыя галінкі, а аздабляюць нашу сямейную рэліквію з усіх чатырох бакоў ільняныя махры, створаныя таксама рукамі бабулі.


Аб тым, што мая бабуля ўмее прыгожа вышываць, я ведала і нават бачыла ў дзяцінстве яе за гэтай працай. Памятаю, яшчэ напрыканцы 80-х гадоў здарылася так, што бабуля зламала нагу. Некаторы час яна не магла хадзіць, але час дарма не марнавала. У яе былі драўляныя пяльцы, якія ёй калісьці зрабіў тата, былі і ніткі мулінэ, было жаданне, і вось з’явіўся час. Штодня бабуля Анюта сядзела за вышыўкай сурвэтак і ручнікоў. Узоры яна брала з часопіса “Работніца і сялянка”, які выпісвала шмат гадоў. Яго любілі гартаць і мы, яе ўнукі.

Толькі цяпер я разумею, наколькі дарагімі для маёй памяці сталі ўспаміны таго часу і рэчы, вышытыя бабу-ляй, якія яна падарыла мне. Я захавала таксама заплеценыя ў касу ніткі мулінэ, калаўрот і драўляныя пяльцы. Сёння я зноў злавіла сябе на думцы, што менавіта імі дванаццацігадовая Анюта карысталася, вышываючы работу. Вішнёвы абрус, якому амаль 90 гадоў, – гэта сапраўдная сямейная рэліквія. Ён перажыў Вялікую Айчынную вайну, да яго дакраналіся рукі маіх продкаў, прадзеда і прабабулі, ім накрывалі стол, за якім збіраліся мае родныя.
Колькі гадоў таму мой тата, убачыўшы вішнёвы абрус, які бабуля перадала мне для захоўвання, спытаў, дзе я яго ўзяла. Ён нават не думаў, што абрус яшчэ захаваўся! Яго здзіўленне было выклікана дзіцячымі ўспамінамі. Тата адразу ўзгадаў, як на самыя вялікія святы ў пасляваенныя гады іх сям’я збіралася за сталом, накрытым вішнёвым абрусам. Ба-буля засцілала ім стол на Каляды, Вялікдзень і іншыя важныя падзеі, якія збіралі ўсю сям’ю разам. З цягам часу ў доме з’явіліся новыя аб-русы, а свой любімы вішнёвы бабуля захавала, як успамін аб мінулым.
Мая бабуля, Ганна Аляксандраўна Раік (дзявочае прозвішча Чылек), нарадзілася 20 студзеня 1924 года ў вёсцы Баравічы Лідскага павета (цяпер Лідскі раён) у сялянскай сям’і. Акрамя яе ў сям’і выхоўваліся два старэйшыя браты Віктар і Фёдар. Вучыліся спачатку ў Дзітрыкаўскай пачатковай школе, а пасля ў Ганчарскай. Нягледзячы на тое, што школа да 1939 г. была польскай, бабуля казала, што вывучалі яны таксама рускую мову і літаратуру. Яна ведала шмат вершаў на памяць і часта чытала іх нам. А аднойчы, калі ёй было ўжо 90 гадоў, бабуля пачала чытаць на памяць урывак з рамана А. Пушкіна “Яўгеній Анегін”. Гэтаму здзівіліся ўсе, хто быў побач, а бабуля выразна прачытала нам пісьмо Таццяны і сказала, што памятае яго яшчэ са школы.


Скончыўшы на выдатна школу, Ганна са старэйшым братам Фёдарам пайшлі вучыцца ў Ліду. Бацькі вельмі хацелі, каб дзеці атрымалі адукацыю і працавалі настаўнікамі. Але марам не наканавана было спраўдзіцца – пачалася вайна. У першы яе дзень, 22 чэрвеня 1941 года, калі нямецкія самалёты здзяйснялі авіяналёт на г. Ліду, бабуля разам з братам, пакінуўшы ўсе рэчы і дакументы ў хаце, дзе кватаравалі, беглі ў бок лесу, каб як мага хутчэй схавацца ад жаху.
Сваімі ўспамінамі аб вайне бабуля не вельмі хацела дзяліцца з намі. На вачах яе праступалі слёзы, яна пачынала плакаць. Канешне, некаторыя моманты бабуля і сама ненарокам ўзгадвала. Такім чынам я даведалася, што прыйшлося перажыць маім родным. На жаль, перамогу бабуля сустрэла адна. Яе бацькі і абодва браты загінулі. Але гэта ўжо іншая гісторыя, аб якой я напішу пазней.
…А вось вішнёвы абрус бабулі Анюты зараз захоўваецца ў мяне. Падчас тэматычных заняткаў у школе я бяру яго з сабой. Паказваю вучням – яны з цікавасцю яго разглядаюць, дзівяцца прыгажосці чырвоных ягад, распытваюць пра яго гісторыю. Я з гонарам расказваю пра сваю бабулю, яе лёс. І амаль кожны раз на маіх вачах праступаюць слёзы. Успамінаю бабулю Анюту, якая перажыла жахі вайны і да апошніх дзён паўтарала нам: “Дзеткі, рабіце ўсё, каб не было вайны”.
Наталля АНАШКЕВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
дзяржаўнай установы адукацыі
“Сярэдняй школы № 11 г. Ліды

