Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Паэтычны свет Пятра Глебкі

Паэтычны свет Пятра Глебкі

12 ліпеня 2025, 08:12 літаратура 33
Паэтычны свет Пятра Глебкі

6 ліпеня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадска-культурнага дзеяча, паэта, перакладчыка, вучонага, драматурга Пятра Глебкі (1905-1969).

Пачатак творчага шляху Пятра Глебкі быў тыповым для многіх прадстаўнікоў маладога літаратурнага пакалення 1920-х гадоў – выхадцаў з вясковага асяроддзя.

Нарадзіўся будучы паэт у вёсцы Вялікая Уса Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1923 годзе закончыў сямігодку. Потым паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум, з 1927 года працягваў навучанне на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ).

У 1925 годзе Пятро Глебка стаў сябрам літаратурна-мастацкага аб’яднання “Маладняк”, праз год сябрам літаратурна-мастацкага аб’яднання “Узвышша”. Пасля заканчэння ўніверсітэта юнак працаваў у рэдакцыях газеты “Калгаснік Беларусі”, часопіса “Полымя рэвалюцыі”, быў кансультантам па паэзіі ў Саюзе пісьменнікаў БССР. Аднак асноўным заняткам Пятра Глебкі заставалася літаратурная творчасць.

Першыя вершы паэта з’явіліся ў 1925 годзе ў газетах “Беларуская вёска”, “Савецкая Беларусь”, часопісах “Работніца і сялянка”, “Беларускі піянер” і іншых:

Так з’явіўся на свет паэт –

Непакліканы

І непрызнаны –

Малады безыменны паэт,

Да вушэй у красу закаханы.

Ён шукаў незвычайнай красы,

Ад каторай дужэюць калекі,

Ад каторай палі і лясы

Б’юць паклоны да ног чалавеку.

 У 1927 годзе выйшаў першы зборнік Пятра Глебкі “Шыпшына” – красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, глыбокае выяўленне душы Пятра Глебкі, сведчанне яго самабытнага таленту. Вершы прысвечаны роднаму краю, у якім адбываліся істотныя змены; у іх творча асэнсоўваюцца палітычныя, эканамічныя і ваенныя падзеі гісторыі Беларусі. Тэма кахання стала адным з важных сродкаў самавыяўлення Пятра Глебкі. Створаны паэтам эскіз прыроды ў яго прыродаапісальных цыклах спрыяе раскрыццю стану лірычнага героя. У пазнейшых зборніках паэзіі – “Урачыстыя дні” (1930), “Хада падзей” (1932), “Чатыры вятры” (1935), “Мужнасць” (1938) – яскрава адбілася атмасфера літаратурнага жыцця 1930-х гадоў з яе натхнёным услаўленнем гераічнай сучаснасці і апафеозам рэвалюцыі.

У час Другой сусветнай вайны паэт працаваў у рэдакцыях франтавых газет “За Савецкую Беларусь”, “За свабодную Беларусь”. Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну” і “Партызанскай дубінцы”. У 1943-1945 гадах паэт з’яўляўся рэдактарам выдавецтва “Савецкая Беларусь”, галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве.

У 1944 годзе Пятро Глебка быў прызначаны кіраўніком групы па складанні “Руска-беларускага слоўніка” (1953).

На фота: Пятро Глебка і Кандрат Крапіва, 1950 г.

 

Пасляваенная дзейнасць Пятра Глебкі цесна звязана з Акадэміяй навук БССР (АН БССР). Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва, затым загадчыкам сектара лексікаграфіі, дырэктарам Інстытута мовазнаўства. За час, калі быў дырэктарам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957-1969), Пятро Глебка надрукаваў дзясяткі навуковых прац і артыкулаў па праблемах беларускай лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Ён стаў ініцыятарам выдання шмат-томнага “Збору беларускага фальклору” (з 1970 г.). У 1950 годзе пісьменнік быў выбраны членам-карэспандэнтам, а ў 1957 годзе акадэмікам АН БССР. У 1968-1969 гадах выконваў абавязкі акадэміка-сакратара Аддзялення грамадскіх навук…

На фота: Пётр Андрэеў, Самсон Пярловіч і Пятро Глебка на сустрэчы ў Наваградскай бібліятэцы, 1960-я гады

 

Плённай была і творчая дзейнасць Пятра Глебкі. Галоўнымі тэмамі пасляваеннай творчасці з’яўляліся аднаўленне беларускіх гарадоў і вёсак, памяць вайны, барацьба за мір. Пятро Гле-бка прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1955-1967). Як член дэлегацыі Беларусі неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН.

На фота: Шыльда на доме, дзе нарадзіўся паэт

 

Імя паэта прысвоена Літвянскай школе (Уздзенскі раён), яго імем названа вуліца ў Менску. На доме, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!
Грамадства

Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!

9 лістапада 2018, 09:2818
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0017
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
Далучайцеся да нас