Шмат беларусаў наведваюць кожную нядзелю Шапэнаўскія канцэрты, каб атрымаць асалоду ад глыбокай і рамантычнай музыкі польскага генія фартэпіяна.

Канцэрты Ф. Шапэна, арганізаваныя сумесна з Каралеўскімі Лазенкамі і Таварыствам Фрыдэрыка Шапэна, з’яўляюцца адным з найстарэйшых музычных мерапрыемстваў Варшавы.


Першыя канцэрты ля помніка Ф. Шапэну адбыліся ў 1959 годзе, неўзабаве пасля рэканструкцыі помніка выдатнаму польскаму кампазітару.
Сам помнік перажыў бурную гісторыю.
Ідэя яго стварэння нарадзілася ў 1889 годзе, у 40-ю гадавіну смерці Фрыдэрыка Шапэна. Аднак Польшча тады знаходзілася пад падзелам, і расійскія ўлады фактычна заблакавалі гэтую ініцыятыву. Толькі праз дзесяць гадоў мастацкая супольнасць Варшавы здолела арганізаваць конкурс на праект помніка.
Міжнароднае журы палічыла найбольш цікавай інавацыйную працу выдатнага польскага скульптара Вацлава Шыманоўскага. Гэты вердыкт выклікаў шматлікія пярэчанні і дыскусіі. Нягледзячы на гэта, конкурсны праект быў паспяхова рэалізаваны, і 14 лістапада 1926 года помнік быў урачыста адкрыты – манументальная выява натхнёнага Шапэна, які сядзіць пад зламанай вярбой.
У 1939 годзе, калі Варшава трапіла пад нацысцкую акупацыю, выкананне музыкі Шапэна было забаронена, а ў наступным годзе (1940) помнік быў узарваны. Толькі пасля заканчэння вайны ў руінах Вроцлаўскага вагона-будаўнічага завода была знойдзена галава Шапэна са скульптуры ў Лазенках, і твор Шыманоўскага быў рэканструяваны па захаванай гіпсавай мадэлі. Помнік Фрыдэрыку Шапэну быў усталяваны на яго былым месцы ў 1958 годзе, і праз год адтуль загучала музыка польскага кампазітара.
На працягу многіх гадоў канцэрты ў Лазенках зведалі розныя змены.
У рэшце рэшт была прынята формула класічных канцэртаў, якія праводзяцца кожную нядзелю з сярэдзіны траўня да канца верасня. Гэты выбар быў прадыктаваны вялікай цікавасцю да канцэртаў у Лазенках. На гэтую папулярнасць таксама паўплываў адбор артыстаў, якія лічылі за гонар выступаць пад помнікам Шапэну, нягледзячы на пэўныя нязручнасці, такія як надвор’е. Фартэпіяна звычайна ўсталёўваецца пад тэнтам ля помніка.



У канцэртах прымаюць удзел выбітныя піяністы з усяго свету. У чэрвені публіка мела магчымасць слухаць маладых польскіх піяністаў – Кшыштафа Вярцінскага, Зюзанны Войдак, Мікалая Брастовіча, а таксама – Філіпа Джузіяна з Францыі, Мішэля Кандоці і Альберта Носе з Італіі, Хао Рао з Кітая, Л. Ангелава з Балгарыі.
А 2-23 лістапада 2025 года ў Варшаве адбудзецца ХІХ Міжнародны конкурс піяністаў імя Ф. Шапэна.
Э. Дзвінская,
фота аўтара.

