Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, педагог, паэт, літаратуразнавец, вязень сталінскіх лагераў Ігнат Дварчанін (1895-1937) быў родам з вёскі Погіры Слонімскага павета (цяпер гэта Дзятлаўскі раён). 7 чэрвеня яму споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння.

У свой час Ігнат Дварчанін скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Пражскага ўніверсітэта са ступенню доктара філасофіі. Пражскі перыяд жыцця беларуса характарызуецца актыўнай грамадскай дзейнасцю. Ён быў старшынём Аб’яднання прагрэсіўных беларускіх студэнтаў, сябрам Беларускай Рады, якая аб’ядноўвала беларускую эміграцыю ў Чэхаславакіі.

З 1926 года Ігнат Дварчанін у Вільні ўступіў у Беларускую сялянска-работніцкую Грамаду (БСРГ), быў цесна звязаны з яе кіраўніцтвам, выконваў даручэнні Цэнтральнага сакрата-рыята БСРГ, вёў лекцыі ў Віленскім гуртку Грамады. Ён працаваў сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства, настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі.
У 1928 годзе ад Наваградскай выбарчай акругі Дварчанін быў абраны ў польскі сойм, удзельнічаў у беларускім рабоча-сялянскім пасольскім клубе “Змаганне”, які фактычна працягваў дзейнасць Грамады. У 1930 годзе беларускі дзеяч быў арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 8 гадоў турмы. Праз два гады яго вызвалілі ў выніку абмену палітзняволенымі паміж СССР і Польшчай. Ігнат Дварчанін пераехаў у БССР.

3 лістапада 1932 года беларускі дзеяч працаваў у АН БССР у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытута мовазнаўства. А16 жніўня 1933 года яго беспадстаўна арыштоўваюць органы НКУС па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”. Пастановай судовай калегіі ад 9 студзеня1934 года ён быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, якую замянілі на 10 гадоў пазбаўлення волі.
Пакаранне Ігнат Дварчанін адбываў на Салавецкіх астравах і будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Але 25 лістапада 1937 года, паводле прыгавору “тройкі”, яго расстралялі…
Ігнат Дварчанін пачаў друкавацца з 1917 года. Тады быў апублікаваны яго першы верш “Да беларусаў-інтэлігентаў” у “Беларускай радзе” і верш “Покліч” у “Вольнай Беларусі”. Вершы паэта змяшчаліся таксама ў газеце “Дзянніца”, часопісах “Родныя гоні”, “Маланка”, “Наш шлях”, “Маладое жыццё”, “Беларуская школа ў Латвіі” і ў іншых. Тэматыка яго твораў гэтага перыяду была прысвечана барацьбе за адраджэнне беларускай культуры, узняцце яе на больш якасны ўзровень, усведамленне беларускім народам сваёй гістарычнай і палітычнай значнасці, роўнасці з іншымі народамі.

Падчас вучобы ў Пражскім універсітэце змяшчаў вершы рэвалюцыйна-рамантычнай накіраванасці ў студэнцкіх выданнях “Прамень”, “Студэнцкая думка”, “Перавясла”.
Асобныя вершы Ігната Дварчаніна друкаваліся ў беластоцкім “Беларускім календары”, у часопісе “Беларусь”, у зборніку “Ростані волі” (Мн., 1990), які склаў Уладзімір Калеснік, у альманаху “Ятранка” (2021) і ў іншых выданнях.
У 1995 годзе ў Гародні выйшла з друку кніга “І.С. Дварчанін. Гісторыка-біяграфічны нарыс”, над якой парупіліся Яўген Місарэвіч і Мікалай Каралёў. Гэтае выданне складаецца з чатырох раздзелаў. У адзін з іх увайшлі вершы Ігната Дварчаніна і пераклад паэмы “Дванаццаць” Аляксандра Блока на беларускую мову. Усяго былі апублікаваны 22 вершы Ігната Дварчаніна. Адзін з іх – “З чужой стараны” апублікаваны нават у скарочаным варыянце – толькі дзве страфы. Гэтыя надрукаваныя вершы – далёка не ўся паэтычная спадчына заходнебеларускага паэта. Дзесяткі вершаў Ігната Дварчаніна раскіданы па многіх беларускіх выданнях 1920-х гадоў. Даўно іх пара сабраць пад адну вокладку і выдаць асобным выданнем.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
Чытачам “Нашага слова.pdf” прапаную малавядомыя вершы Ігната Дварчаніна. Яны былі напісаны напачатку 1920-х гадоў.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Ігнат Дварчанін
З чужой стараны
О, Беларусь, о, край мой мілы,
Старонка родная мая.
Тут расказаць не маю сілы,
Што адчуваю ў сэрцы я.
Цябе я бачу ў блеску сонца,
У срэбных пацерках расы,
Што красяць усё ў табе бясконца
І луг, і поле, і лясы.
Цябе, убраную ў шаты,
Ў зялёны, свежы, як бы жар.
Пакроў цудоўны і багаты,
Што робіць вобраз поўны чар.
Народ я бачу веры поўны,
Няволі выжыўшы кашмар.
Усім народам свету вольны
У роднай хаце гаспадар.
Люблю цябе, о край мой родны!
За што? Сказаць бы я не мог…
Што мушу мо, як пёс нягодны,
Туляцца па чужых кутох.
А можа быць сваю нядолю
Ў тваім я твары палюбіў,
Сваю аддаўшы ветру волю
Сабе чужую налажыў.
Што мне там месца не знайшлося,
Паміж улюбленых сяліб,
Дзе гнецца і шуміць калоссе,
Паміж галлістых груш і ліп.
Што з дому выгнаны злым рокам,
Табою запаўняюць сны.
Як птушка ў выраі далёкім
Чакаю светлых дзён вясны.
Прывет
Прывет вам з залатое Прагі,
Пад гоман светлае вясны.
Што паднялі штандар адвагі
Між бруду, здзеку і маны.
Балююць хай ўчарашнія героі
І стогне хай прыгнечаны народ,
Хай злыдні цешацца ва ўпоі –
Ды хай уступяць свой чарод.
Штандар дзяржыце горда, смела
І верце – праўда пабядзіць.
На правае, святое дзела
Хай сэрца ў страху не дрыжыць.
Вясна! З чароўнаю вясною
Прыйдзе жаданае святло.
І кінем крыўду за сабою,
Як бы яе і не было.
Вецер
Вее вецер, завывае,
Грае, свішча на прасторы.
Хмары чорныя ганяе,
Ломіць дрэвы, крышыць горы.
І ў мяне на сэрцы бура,
Каб няволі, крык адняла,
Між людзей адзін панура,
Як ачмураны блукала.
Свет вялікі, свет шырокі,
Для мяне на свеце цесна.
Рвусь, імкнуся ў розны бокі –
Духу ж скалы ўсе адвесны.
Вецер буйны, дух адвагі,
Мы так родныя з табою,
Як бяздомныя брадзягі
З цэлым зместам мы у бою.
Не знаходзім мы спакою
У прыгожым людзям свеце,
Ўсё жыццё для нас маною
Пра нужду мы мусім пеці.
Зробім сполку, брат, з табою,
Двох палецім на прасторы.
Мо распрасцімся з нудою,
Мо разгонім разам гора.
Мінор
Аб чым пяяць магу?
Дзе тоны падбяру?
О, не звініць струна,
Спакойна ліра спіць.
Там на двары вясна,
Жыццё ідзе, жыццё,
А холад на душы,
А сэрца, як бы лёд.
А крыллі дзе мае?
Апалі да зямлі
Не рвецца сэрца ўвысь,
Маўчыць зусім душа…
Надзея зарасла
Пякучай крапівой.
І свет, як бы не свет,
Жыццё, як не жыццё,
Збаўленне дзе найду?
Няўжо яго няма?
Няўжо патух агонь,
Няўжо зацміўся свет?
Гэй, стой, маўчы душа.
Не муч сябе, не муч, –
Зярняты у зямлі.
І будзе, будзе ўсход,
Надыйдзе красны май.
Надыйдзе блеску час,
І краскі зацвітуць
На полі дзіўна так.
Прыйдзе, прыйдзе яно,
Прыйдзе, прыйдзе святло.
І струны зазвіняць,
І сэрца запяе.
Адраджэнне
Касцёр гарыць, агонь палае,
Нясе усюды блеск і свет,
Кругом дружына маладая,
Прыймае дзедаўскі завет.
Не дождж ідзе, шапочуць ветры,
Праснулісь полі і лясы
Дрыжаць, трасуцца багны, нетры,
Страчаюць новыя часы.
Усе, усё ўстае на ногі,
Зганяе прошлае як дым…
Імкнецца, рвецца да дарогі,
Куды? Чаго? На што? За чым?
Агонь шыбае вышай, вышай,
На небе свеціць, як зара.
Ўсё прыцягае, ўсё калыша,
Пара прышла, прышла пара.
І словы дзедаў раздаюцца,
Ўсяляюць моц, пышаць красой.
І слёзы радасці ліюцца
На землю срэбнаю расой.
Прага, 1 лістапада 1921 г.
У тумане
Мы брыдзем ў тумане да адвечнай далі,
Сколькі ўжо ззаду, сколькі напярод.
Чэрцім жыццёвыя мудрыя скрыжалі
І падаем, уступаем для другіх чарод.
Там дзесь прамень свету задрыжыць і згасне,
Рукі працягаем, каб яго злавіць.
Але то міражы, як бы сон ці басня,
Зноў страшная цемра ўвакол стаіць.
А туман суровы косьці раз’ядае
І марозіць сэрца й душу ледзяніць.
І краса спадае з шчокаў маладая,
Валімся, каб болей ні аб чым не сніць.
Дзе ж канец імкненняў, чалавецтва мэта,
Дзе збаўлення прыстань, не відна яе –
Схована у далі, ў цемры без прасвета,
Там дзесь у нязнана-незямным краю.
Да якогась пункту ўсё брыдзем ў тумане,
А яго не бачым, схованы за вал.
І балота месім, бродзім на дзірване
Ідэал шукаем, смешны ідэал.
Вежы адбудуем і глядзім у гору,
Ці не там схаваны дзіўны талісман.
Але сумна страшна ў незямным прасторы:
Увакола цемра, увакол туман.
Хтось незразумелы, ўсемагутны вечны
Пасадзіў на землю між балот і гор.
І смяецца дзіка, і глядзіць бяспечна,
Як там мітусіцца бедны, жалкі твар.

