Мой край, мой рай бульбяна-жытны!
Зеленадолы, залаты!
Як спеў матулі – старажытны,
Як песня любай – малады!
Якіх ты меў на зайздрасць свету
І цесляроў, і маляроў,
І летапісцаў, і паэтаў,
І музыкантаў-дудароў!
…Калі на свеце нехта дзесьці
Умее добра працаваць, –
То ўмее ён і смачна з’есці
І – адпаведна – згатаваць!
Таму дастойна, без эфекту
Прымай падзяку-пахвалу –
І беларускаму палетку,
І беларускаму сталу!
26 красавіка ў ам. Беліца адбылося свята традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні”, якое з’яўляецца адным з каларытных брэндаў Гарадзеншчыны.
Гэта ўнікальнае свята, заснаванае на асаблівасцях нацыянальнай беларускай кухні, якая існуе ўжо некалькі стагоддзяў. Конкурс ладзіцца з мэтай захавання, развіцця і папулярызацыі традыцыйнай беларускай кухні. У 2025 годзе галоўнай тэмай мерапрыемства сталі стравы з капусты.
З даўніх часоў стравы з агародніны ў меню беларусаў прысутнічаюць штодня. І сярод іх традыцыйна на першым месцы разам з бульбай – капуста. Варыянтаў прыгатавання гэтай каштоўнай агародніны вялікае мноства, і гэта не выпадкова! Бо гэтую вітамінную расліну можна ўжываць круглы год.
Так, пры дварах беларускай шляхты вырошчвалі квяцістую, белакачанную, ліставую, чырвоную, савой-скую, брусельскую капусту, а таксама кальрабі. Просты ж люд на сваіх сціплых агародах аддаваў перавагу белакачаннай капусце, з якой гаспадыні рабілі нарыхтоўкі на зіму, захоўваючы яе квашанай і свежай на працягу доўгага часу. Пры гэтым у белакачаннай капусты выкарыстоўвалі не толькі белае, але і шэрае лісце.
Гатуюць капусту як самастойную страву, так і ў якасці дадатку да мяса і рыбы. Капусту вараць, тушаць, смажаць, ужываюць свежай і квашанай. Нездарма ж у народзе аб сваёй любові да гэтай агародніны казалі: “Сем страў, ды ўсё – капуста”, ці яшчэ “Густа, тлуста наша капуста!”
Наогул, стравы з капусты нахвальвалі і тыя, хто еў, і тыя, хто гатаваў. Асабліва палюбіліся галубцы, якія нашы гаспадыні гатуюць з разнастайнымі начынкамі. Так, сё-летнія кулінарныя вандроўкі ў розных рэгіёнах Беларусі паказалі, што галубцы – вельмі распаўсюджаная і любімая ў многіх сем’ях страва.
Добра прыгатаваныя, смачныя стравы не толькі насычаюць, але і лекуюць. І гэта, перш за ўсё, датычыць страў з капусты. Напрыклад, у старажытным Рыме лічылі, што капустай можна вылечыць любую хваробу, і былі ўпэўнены, што той, хто часта ўжывае капусту, становіцца асабліва моцным, смелым, а хваробы абыходзяць яго бокам.
На мерапрыемстве панавала сапраўдная атма-сфера смачнага свята – з дэгустацый страў з капусты, гульнямі, песнямі, майстар-класамі.

smart

smart
Радавалі прысутных сваім майстэрствам мастацкія калектывы Лідчыны, сярод іх выдзяляліся “Талер” і “Лідчанка”.
Народ беларускі – гасцінны народ –
І любіць прыгожыя святы,
Дзе столькі вясёлых, цудоўных прыгод,
Дзе стол накрываюць багаты.
А стравы такія, што нашы дзяды
Калісьці яшчэ гатавалі.
Нашчадкі да нашых часоў праз гады
Рэцэпты тых страў захавалі.
Мы верым, што звычаі нашы не ўмруць,
Майстэрства народа не стухне!
Няхай жа традыцыі нашы жывуць
І ў песнях, і ў святах, і ў кухні.
Наш кар.