Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Ватыкане адбыліся развітальная Імша і пахаванне Папы Францішка

У Ватыкане адбыліся развітальная Імша і пахаванне Папы Францішка

1 мая 2025, 21:12 Грамадства 40
У Ватыкане адбыліся развітальная Імша і пахаванне Папы Францішка

26 красавіка на ватыканскай плошчы Святога Пятра адбылося развітанне з Папам Францішкам, пасля чаго цела Пантыфіка было перавезена ў Базыліку Санта-Марыя-Маджорэ – месца яго вечнага спачыну.

Пахавальная святая Імша распачалася ў 10.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе (11.00 па менскім часе). Яна стала першай з дзевяці эўхарыстычных цэлебрацый, якія будуць праходзіць на працягу бліжэйшых дзевяці дзён жалобы і малітвы пасля смерці Святога Айца.

Літургію, якая праходзіла на лацінскай мове, узначальваў 91-гадовы італьянскі кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Разам з ім маліліся каля 5 тысяч канцэлебрантаў – кардыналаў, біскупаў і святароў. Беларускі епіскапат на пахаванні Папы Францішка прадстаўлялі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На пахавальнай Імшы прысутнічалі каля 160 афіцыйных дэлегацый з розных краін свету. Сярод іх была таксама афіцыйная дэлегацыя Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Сергяенкі.

Пасля заканчэння літургіі і абрадаў апошняга развітання труна з целам Святога Айца пад гукі магутных званоў была ўнесена ў Базыліку Святога Пятра. Затым, пакладзеная на белы папамабіль, яна назаўсёды пакінула Ватыкан і ў суправаджэнні паліцэйскага картэжу матацыклістаў на малой хуткасці адправілася ў свой апошні шлях.

Згодна з запаветам Пантыфіка, ён быў пахаваны ў Базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ – галоўным марыйным храме Вечнага горада. Цырымонія тумуляцыі насіла прыватны характар і не транслявалася СМІ.

266-ы наступнік святога Пятра знайшоў спачын у простай магіле паміж Паўлінскай капліцай і капліцай Сфорца. Абрад праводзіў камерленга Святога Рымскага Касцёла, кардынал Кэвін Джозэф Фарэл.

Удзельнікі цырымоніі прасілі Бога прыняць душу Папы Францішка ў “жытло міру і святла” і дараваць яму “шчасце і супольнасць са святымі і выбранымі”.

 Тэкст: Аляксандр Панчанка.

Паводле: Vatican News. Catholic.by.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
"Кракаўскія калядныя батлейкі»
Грамадства

"Кракаўскія калядныя батлейкі»

15 лістапада 2018, 00:0416
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0015
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Грамадства

Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

9 ліпеня 2024, 19:3215
Далучайцеся да нас