Пабачыла свет чарговая кніга эсэ і нарысаў вядомага журналіста і пісьменніка Уладзіміра Барысенкі “На глебе спадчыны”. Яна стала своеасаблівым працягам двух папярэдніх выданняў аўтара : “І колькі б часу ні прайшло” (2022) і “Карані сілы” (2024).
Адна з адметнасцяў нядаўняй – вялікая колькасць фотаілюстрацый, сярод якіх партрэты вядомых асобаў, фатаздымкі сустрэч пісьменнікаў, удзельнікаў імпрэзаў, дакументы з сямейных архіваў, фота кніг, паштовых марак, будынкаў… Гэты каштоўны матэрыял дапамагае ў найбольшай ступені пазнаёміцца з тэматыкай саміх 16 артыкулаў.
Пачынаецца расповед з “Калыскі дзяржаўнасці”, у якой гаворка ідзе пра найстаражытнейшы паводле згадак летапісу беларускі горад Полацак. Дарэчы, на ілюстрацыі, пададзенай на веку аправы, мы бачым Полацкі Сафійскі сабор. Аўтар апавядае пра Рагнеду, Еўфрасінню Полацкую, Францыска Скарыну…

Зразумела, чаму Ул. Барысенка зрабіў ад пачатку “гістарычную запеўку”: сказанае далей павінна разумецца ў кантэксце гісторыі Беларусі як наша гістарычная спадчына, як агульная велізарная каштоўнасць, што і падкрэсліваў у свой час наш пясняр Янка Купала :
Ад прадзедаў спакон вякоў
нам засталася спадчына…
Калі гаварыць пра артыкулы цалкам, дык трэба адзначыць, што напісаны яны добрай мовай, проста і даходліва, з разлікам на чытача, якому, магчыма, асноўныя гістарычныя звесткі мала ці зусім невядомыя. У асноўным тэматыка звязана з літаратуразнаўствам, але аўтар не робіць паглыбленага аналізу літаратурных паэтычных твораў, якія ён часам цытуе. Вельмі важна, што ў матэрыялах ёсць шчырае захаванне памяці пра мінулае, прасвечваецца адукацыйная, асветніцкая мэта…
У полі даследаванняў аўтара такія вядомыя прадстаўнікі беларускай літаратуры, як Алаіза Пашкевіч, Змітрок Бядуля, Канстанцыя Буйло, Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўкі, Міхась Лынькоў, Пімен Панчанка, Іван Чыгрынаў, Леанід Дайнека, а гэтаксама прадстаўнік пісьменніцкай хвалі ўжо незалежнай Беларусі Юрась Кур’яновіч.




У галерэю герояў далучаны яшчэ тры асобы – ветэраны беларускай міліцыі – генерал Віктар Лазебнік, падпалкоўнікі Станіслаў Крэпскі і Канстанцін Андрончык. Варта адзначыць, што Крэпскі разам са сваёй унучкай Арынай Клімовіч з’яўляецца аўтарам выдання “Тапонімы роднага краю i побыт яго насельнікаў” (2021) – цікавага пазнавальна-адукацыйнага краязнаўчага нарыса пра мясціны Пухавіцкага раёна, а Канстанцін Андрончык напісаў кнігу прозы “Всегда с тобой, моя земля…” (2024). Генералу Лазебніку прысвечана кніга “Віктар Лазебнік. Тры вайны генерала міліцыі”, якую выпусціла выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” ў 2021-м у серыі “Асобы”.
Што ж аб’ядноўвае ўсіх герояў кнігі Уладзіміра Барысенкі “На глебе спадчыны”? Сам аўтар кажа, што адказ на гэтае пытанне трэба шукаць найперш у анатацыі да выдання. Працытуем яе: “Героі новай кнігі Уладзіміра Барысенкі – слынныя творцы мінулых часоў і тыя, для каго вялікая, неацэнная, багатая літаратурная спадчына папярэднікаў стала моцным, трывалым, надзейным падмуркам для выказвання з дапамогай сваёй асабістай творчасці сваіх асабістых разваг, думак, памкненняў і адносінаў да нашай гісторыі і культуры, унутраным псіхічным жыццём, якое мы называем духоўнасцю. Менавіта супрацьлегласць фізічнай і цялеснай сутнасці чалавека і вызначае і ягоны асабісты лёс, і лёс усёй краіны, у якой у той ці іншы перыяд гісторыі гэты чалавек жыве. На прыкладзе герояў эсэ і нарысаў, якія склалі кнігу, яе аўтар слушна сцвярджае, што наша гісторыя – гэта скарбніца нашых учынкаў і дзеянняў, сведка нашага цяжкога мінулага, прыклад, павучанне для цяперашняга і перасцярога для будучага”.
Асабліва трэба адзначыць наступнае. Уладзімір Барысенка падае цікавыя, часам невядомыя шмат для каго факты. Гэтак, напрыклад, мы чытаем пра абставіны смерці Змітрака Бядулі (Самуіла Плаўніка), адрозныя ад таго, як гэта падавалася раней. Спасылка ідзе на сведчанне сына пісьменніка. Аўтар піша: “Па словах сына З. Бядулі Яфіма Самуілавіча, наш класік памёр не ў час спынення цягніка на станцыі, калі выйшаў з вагона, а потым, пачуўшы гудок, пабег з хворым сэрцам і не дабег да свайго месца. Змітрок Бядуля памёр менавіта ў вагоне, падчас руху цягніка ў бок Уральска” (с. 34). Вядома, падобныя дэталі-ўдакладненні будуць цікавымі для ўсіх прыхільнікаў неўміручай творчасці класіка, для літаратуразнаўцаў і даследчыкаў дзейнасці пісьменніка.
У гэтым аглядзе нельга звярнуць увагу на эсэ “Энцыклапедыя “Караткевіч”. Гаворка ў ім ідзе пра адметны энцыклапедычны даведнік “Уладзімір Караткевіч (Мінск, 2020).” Выдаўцы палічылі патрэбным здзейсніць такую задуму раней за час завяршэння выхаду 25-томнага Збору твораў Уладзіміра Сямёнавіча, які цяпер выпускае “Мастацкая літаратура”. Несумненна, шмат якія факты, патрэбныя дзеля гэтага, мы мусім браць менавіта адтуль, дзе ёсць, напрыклад, каментары. Але даведнік выйшаў да 90-годдзя вялікага творцы. У выданні змешчаны і артыкулы, напісаныя пра юбіляра і самім аўтарам “На глебе спадчыны”.

Ствараецца ўражанне, што Ул. Барысенка спрабуе здзейсніць штось накшталт фактычнага збору твораў, і гэта правільна: важныя і цікавыя для масавага чытача газетныя і часопісныя публікацыі маюць патрэбу аб’яднання ў падобных зборніках. Выданне ж можа быць вельмі карысным, у тым лік, для школьнікаў і студэнтаў. Яно нават вабіць знешне. Калі бачыш яго эстэтычнае аздабленне, дык адразу хочацца ўзяць у рукі і пагартаць…
Магчыма, журналіст і пісьменнік, паказаўшы сябе добрым даследчыкам, выдавацьме і надалей падобныя кнігі. Пабачым. Гэтая ж, як і дзве згаданыя папярэднія, выдадзена невялікім накладам – усяго 100 асобнікаў. Гэта, на вялікі на жаль, стала частай з’явай у нашым сучасным кнігадруку. Думаю, у будучыні магло б быць і другое, дапрацаванае і дапоўненае выданне кнігі, пра якую гаворка. Яна таго заслугоўвае.
Алесь Маляўскі.

