Відэачэлендж беларускай паэзіі праходзіць у Лідскім раёне
Паэтычны челлендж “Чытай вершы”, удзельнікі якога выконваюць у Сеціве вершы беларускіх аўтараў, стартаваў у Лідскім раёне, дзе сёлета пройдзе рэспубліканскае свята ў гонар Дня беларускага пісьменства, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА (https://belta.by/regions/view/kab-ljubits-belarus-nashu-miluju-videochellendzh-belorusskoj-poezii-startoval-v-lidskom-rajone-701193-2025/) у Лідскім райвыканкаме.
– А давайце запусцiм чэлендж “Чытай вершы”, прысвечаны Дню беларускага пiсьменства!” – з такой прапановай звярнуўся ў сваім телеграм-канале да падпісантаў і ўсіх жыхароў раёна старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Слова хутка стала справай: кіраўнік раёна, у якім краіна адзначыць Дзень беларускага пісьменства сёлета, даў старт творчай ініцыятыве і прачытаў вядомы кожнаму беларусу верш Максіма Багдановіча “Слуцкiя ткачыхi”.
Уключылася ў творчы праект моладзь. Член моладзевага парламента пры Лідскім раённым Савеце дэпутатаў Яўген Доўган выступіў з творам Пімена Панчанкі “Родная мова”, а старшыня Савета працоўнай моладзі Лідскага раёна Павел Трон – з аўтарскім сачыненнем “Кожны сам сабе мастак”. Сваё слова кажа і самае юнае пакаленне жыхароў Гарадзеншчыны: выхаванцы дзіцячых садоў таксама дэкламуюць на роднай мове, і першым прачытаў верш Васіля Жуковіча “Васiлёк” Міша Міхаловіч з дзіцячага садку №12 г. Ліды.
Ідэю прапаганды беларускай паэзіі падтрымаў святар – протаіерэй Расціслаў Салаўёў, які абраў для праекта вядомыя кожнаму і такія родныя радкі Янкі Купалы “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…”.
Бухгалтар Лідскага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў сацыяльнай сферы Святлана Дон прачытала верш уласнага сачынення “Беларусь мая, родны мой кут, не забыць майму сэрцу нiколi тваiх казак і песень, шчодрасць палёў i людзей з незабыўнаю іх дабрынёю…”. А намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кашкевіч з сапраўдным артыстызмам прачытаў байку Кандрата Крапівы “Дыпламаваны баран”, раскрыўшы яшчэ адну грань шматграннай беларускай літаратуры.
Марафон беларускай паэзіі ўжо выйшаў за межы Лідскага раёна. Падтрымала чэлендж намеснік старшыні абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Святлана Вараніца, якая прачытала легендарны верш Алеся Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць”.
У Сеціве з кожным днём з’яўляюцца ўсё новыя відэаролікі, дзе чытаюць вершы на роднай мове людзі розных прафесій і пакаленняў, і робяць гэта не толькі артыстычна, але і з душой. Ёсць усе падставы меркаваць, што да Дня беларускага пісьменства жыхары Гарадзеншчыны, якія шчыра любяць сваю вялікую і малую радзіму, складуць вялікі відэазборнік беларускай паэзіі, адкрываючы яе для сябе і для ўсіх нас ва ўсім сваім багацці і прыгажосці.
А пакуль вярсталася гэтая старонка ў Сеціве з’явіўся запіс верша Васiля Лапiцкага “Добра думай”. Чытае старшыня Лiдскага раённага Савета дэпутатаў Iнеса Белуш разам з унучкай Арыянай.
Так трымаць!
ТК “Культура Лідчыны”.