24 лютага 1935, на хутары Верасоўка цяперашняга Ушацкага раёна Віцебскай вобласці нарадзіўся Рыгор Іванавіч Барадулін – вядомы таксама як Дзядзька Рыгор – беларускі і савецкі паэт, эсэіст і перакладчык. Народны паэт Беларусі. Вучыўся ва Ушацкай школе, на філалагічным факультэце БДУ.
Працаваў у журналістыцы Беларусі. Выдавецтву “Мастацкая літаратура” аддаў больш за дваццаць гадоў.
Аўтар больш чым сотні выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Песні на словы Рыгора Барадуліна напісалі беларускія кампазітары.
На працягу ўсяго жыцця выступаў супраць русіфікацыі беларускага насельніцтва ў БССР, негатыўна ўспрымаў працяг гэтага працэсу ў незалежнай Беларусі, прытрымліваўся ідэі цалкам беларускамоўнай Беларусі.
Барадулін: “Усё жыццё абапіраўся на беларускую мову, мова – гэта мая апора. Цяпер чую ў натоўпе беларускую мову дужа рэдка, ці ад старых людзей, ці ад тых, што з вёскі прыехалі. Радасна, калі ад моладзі чую, значыць, нейкая перспектыва яшчэ ёсць. Хаця паўсюль цяпер ідзе ўдушэнне беларускай мовы – такое ўражанне, што пятлю ўжо накінулі, але не да канца зацягнулі. Іншым часам нават здаецца, што было б лепш, каб мову забаранілі зусім, – можа, тады б пачалася зваротная рэакцыя. Улада зрабіла выгляд, быццам праблемы такой няма. Але няма праблемы – няма і мовы. Такія адносіны…
Хацеў бы каб усе беларусы гаварылі па-беларуску, каб любілі сваю мову, беларускую паэзію, каб беларуская мова гучала шырока”.
Калекцыяніраваў сланоў і чарапах.
Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Знак Пашаны, латвійскім ордэнам Трох Зорак, медалём Францыска Скарыны. Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола, Дзяржаўнай прэміі Янкі Купалы.
Памёр у Менску 2 сакавіка 2014 (79 гадоў), быў адпеты ў Чырвоным Касцёле у грэка-каталіцкім (уніяцкім) і рымска-каталіцкім абрадах (Рыгор Барадулін вызнаваў сябе як уніята, ахрышчаны быў у рыма-каталіцтве).
Пахаваны ва Ушачах у беларускай народнай вышытай кашулі побач з магілай мамы, як таго і жадаў паэт пры жыцці. Запячатванне магілы зрабіў апостальскі візітатар для уніятаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
У Менску усталявана памятная дошка на доме, дзе жыў паэт.
Паводле СМІ.