Янка Маўр
Драўляная лыжка
“Дарагая мама. Паведамляю, што я жывы і здаровы, і жадаю вам усім здароўя. Кланяюся дзеду Сафрону і цётцы Арыне. Я атрымаў звесткі, што брат наш Антон таксама жывы і здаровы. У нас цяпер зацішша, сядзім, як мышы ў норах. Затое і немец не можа высунуць носу – не даём яму спуску. Але больш за ўсё мне даводзіцца цярпець ад лыжкі. Я сваю недзе згубіў, а дастаць тут нельга. Трэба чакаць, пакуль таварыш пад’есць і пазычыць сваю. А страва стыне. А то бывае, што і зусім не паспееш пад’есці…”
Калгасніца Кацярына Васільеўна, пачапіўшы акуляры, чытала гэты ліст, уздыхала і выцірала пад акулярамі слязінкі, якія ўпарта вылазілі з вачэй. Радасці ад ліста многа. І сын Васіль жывы і здаровы, і сын Антон жывы і здаровы. Толькі прыкра, што прыходзіцца цярпець ад такой дробязі, як лыжка. Нікчэмная рэч, а праз яе нават галадае хлапчына. Трэба неяк дапамагчы яму. Ці не паслаць лыжку з лістом? Прычапіць і паслаць. Хоць так і не робіцца, але ж цяпер вайна. Паштавікі зразумеюць, у чым справа. Пэўна, і ў кожнага з іх ёсць на вайне блізкі чалавек.
Яна ўзяла лісток паперы ад сшытка і сяк-так накрэмзала:
“Мой любы сынок Васіль. Пасылаю табе матчына дабраславенне. Хай міне цябе варожая куля. А жыву я добра і толькі чакаю, калі вернуцца мае сыночкі. А без лыжкі табе зусім кепска. Я табе з гэтым лістом пасылаю лыжку. Людзі ж свае, павінны прапусціць…”.
190 слоў.

