Алесь Асіпенка
Першае заданне
Шаша была мёртвай. Яе пакарабачанае пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Сям-там тырчалі слупы без правадоў, з пабітымі ізалятарамі. Наташа доўга стаяла на грудку ў засені густога ельніку. Было страшна выйсці на роўнае поле. Нарэшце адважылася. Вытыркнулася з-за елак і зноў паспешліва адступіла назад. Роўнядзь поля і шаша палохалі яе. Гэта было яе першае сур’ёзнае і самастойнае заданне. Дасюль яна хадзіла толькі ў нейтральныя вёскі, і не адна. Хто-небудзь заўсёды быў побач. Цяпер яна была адна ў гэтым далёкім краі. Таму ўсё выдавала чужым і варожым.
Недзе далёка прагучаў стрэл. Наташа ўздрыгнула. Потым рашуча пакрочыла ў бок шашы.
Не заўважыўшы як, яна выбралася на ўзгорак. Удалечыні паказалася вежа і стромкая піка семафора. Наташа намацала ў торбачцы нямецкі пропуск. “Скажаш, што ідзеш з горада мяняць”, – успомніліся ёй словы Дагуры.
На станцыі было пуста. Блішчалі на сонцы рэйкі. Прысадзісты станцыйны будынак быў абнесены агароджай з калючага дроту. Але навокал – ні жывой душы. Наташа абышла агароджу, скіравала да вёсачкі, што відаць была за ровам. Адтуль, ведала Наташа, ідзе дарога на Красыні. Сем кіламетраў, як сказаў начальнік разведкі.
Сонца прыпякала ніштавата. Ногі гразлі ў пяску. Наташа зняла жакецік, павесіла цераз руку. Хацелася піць. Смаглі вусны, а ў галаве звінела ад стомы.
200 сл.