Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Жыццёвыя гісторыі з пісьменнікам Аляксеем Карпюком

Жыццёвыя гісторыі з пісьменнікам Аляксеем Карпюком

13 лютага 2025, 21:40 літаратура 46
Жыццёвыя гісторыі з пісьменнікам Аляксеем Карпюком

Пісьменнік Аляксей Карпюк (1920-1992) з Гародні быў унікальным і смелым чалавекам. Васіль Быкаў аднойчы сказаў, што “Карпюк – чалавек надзвычайны, сапраўдны гарадзенец”. І некалькі цікавых гісторый, звязаных з Аляксеем Карпюком, прыгадаў у сваёй кнізе “Доўгая дарога дадому”. А той, хто яго ведаў, да сённяшніх дзён распавядае шмат гісторый, звязаных з гэтым цудоўным пісьменнікам і смелым чалавекам. Сам Аляксей Нічыпаравіч пра сябе сказаў так: “Я – нецярплівы, самаўпэўнены, рэзкі, упарты, лёгкаранімы, нясціплы, самалюбівы, прамалінейны, некамунікабельны, скрыты, схільны перабольшваць ды кідацца ў крайнасці. Цярпець не магу розных канонаў, рэжымаў, рэгламентаў і агульнапрынятых норм”.

Прыгадваецца мне 1987 год. Слонімскі паэт Анатоль Іверс адзначаў сваё 75-годдзе ў раённым доме культуры. У Слонім прыехалі пісьменнікі з Менска, Гародні, прысутнічалі мясцовыя чыноўнікі, культработнікі, літаратары. Быў сярод іх і Аляксей Карпюк. За паўгадзіны да пачатку мерапрыемства мне сказалі, што вядоўцам на ім  буду я. Я захваляваўся, хуценька перапісаў, хто за кім будзе выступаць. Аляксей Нічыпаравіч убачыў, што я захваляваўся, падыйшоў да мяне і пытае: “Сяргей, ты, мусіць, хвалюешся?”. “Трохі хвалююся, Аляксей Нічыпаравіч”, – адказаў я. “Ды не хвалюйся, Сярожа, тут няма перад кім хвалявацца!..” – сказаў пісьменнік і сеў каля мяне побач.

 

Пісьменнік з Гародні Валянцін Дубатоўка распа-вёў мне, як аднойчы жонка Аляксея Карпюка Іна выяз-джала на экскурсію з Гародні ў Белавежскую пушчу. Аляксей Нічыпаравіч яе правёў на вакзал, пасадзіў у аўтобус (ехаў увесь калектыў на экскурсію), пацалаваў і пажадаў усім добрай дарогі. А сам хуценька ўзяў таксі і паехаў у Белавежскую пушчу – туды, куды павінен прыехаць іх аўтобус. Па дарозе купіў букет кветак. Прыехаў, стаў і чакае аўтобус. Праз некаторы час аўтобус пад’ехаў на прыпынак, спыніўся, і ўсе экскурсанты пачалі выходзіць, убачыўшы Аляксея з букетам кветак. Выйшла жонка Іна і ад нечаканасці была вельмі здзіўлена: Аляксей з букетам стаяў перад ёй. Ён уручыў жонцы кветкі, а потым сабраўся і паехаў назад у Гародню. 

 

Падчас савецкай гарбачоўскай барацьбы з п’янст-вам, Аляксей Карпюк узначальваў у Гарадзенскай пісьменніцкай арганізацыі Таварыства цвярозасці (былі такія тады створаныя арганізацыі ў СССР). Усім ён чытаў лекцыі, заклікаў не піць спіртное, бо сам ніколі не піў і не курыў. Аднойчы Юрка Голуб хацеў непрыкметна пранесці ў памяшканне Саюза пісьменнікаў бутэльку гарэлкі. Але Аляксей Нічыпаравіч заўважыў, забраў у яго бутэльку і ніколі яму яе не вярнуў. А неяк едучы ў цягніку Масква-Менск, Карпюк прапанаваў Алесю Адамовічу ўступіць у Таварыства цвярозасці. Той выслухаў яго прапанову і сказаў: “Я гатовы ўступіць. Але толькі з умовай разваліць гэтае таварыства знутры”.

 

Пісьменнік Міхась Скобла прыгадаў цікавы выпадак, калі ён, дзесяцікласнік Дзярэчынскай сярэдняй школы, трапіў у Зэльвенскі дом культуры на пісьменніцкую сустрэчу з Аляксеем Карпюком і Юркам Голубам: “Аляксей Нічыпаравіч, чытаючы свае празаічныя абразкі, спрак-тыкавана “падключаў” публіку, па-народнаму ўдала жартаваў, умела падколваў прысутнае раённае начальства. У пэўны момант ён зрабіў выгляд, што “ідзе ў народ”, але спусціцца ў залу яму не даў караткаваты провад мікрафона. “Ну от, заўсягды так залыгаюць цябе вяроўкай і не рыпайся”, – пад ажыўленне і смех слухачоў вярнуўся Карпюк у адгароджаную вазонамі зону каля прэзідыума”.

 

Аляксей Карпюк вельмі хацеў мець уласны аўтамабіль і з часам набыў сабе новенькія “Жыгулі”. Радасна сеўшы за руль пісьменнік пабіў яго на першым павароце.

Прыкладна такая самая бяда здарылася і з яго жонкай Інай, якая таксама спрабавала ехаць. З той пары іх машына стаяла без выкарыстання, а пасля яе Карпюкі прадалі.

 

Многія літаратары называюць аповесць Аляксея Карпюка “Данута” сваім самым любімым літаратурным творам. Сапраўды, “Данута” – гэта яркі ўзор лірычнай беларускай прозы. Аповесць прынесла аўтару вялікі поспех. Яна дапаўнялася аўтарам, выдавалася і перавыдавалася шмат разоў, перакладалася на іншыя мовы. А вобраз Дануты стаіць у адным шэрагу з Ядвісяй з трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” і з Ганнай з “Палескай хронікі” Івана Мележа.

Паэтка Данута Бічэль часта распавядала, як адной-чы Аляксей Карпюк заехаў ажно ў Яраслаўль (Расія) па сваіх пісьменніцкіх справах. Ён памятаў і пра тое, што ў гэтым горадзе жыў Максім Багдановіч і там засталіся яго сваякі. У іх стаяў куфар з паперамі паэта і яго бацькі. Сваякі аддавалі ўвесь куфар, але Карпюк узяў столькі, колькі мог прывезці: метрыкі хросту і смерці, фотаздымкі са штампамі гарадзенскіх майстроў, шкатулку, якую Адам падараваў Марыльцы ў Гародні, папяровую жабку, якую брат Вадзім зрабіў для Максіма. Усё гэта захавалася і цяпер знаходзіцца ў музеі Максіма Багдановіча ў Гародні.

Пасля аднаго з фуршэтаў Аляксей Пяткевіч з Га-родні прыгадаў мне такі выпадак з Аляксеем Карпюком. “Аднойчы мы з ім ехалі цягніком з Менска дадому, – пачаў успамінаць Аляксей Пяткевіч. –  Вечарам зайшлі ў будынак (стары яшчэ) чыгуначнага вакзала ў Гародні перакусіць. Падняліся на другі паверх і адразу заўважылі, што людзей у рэстаране многа, асабліва мужчын. Неўзабаве высветлілася, што было гэта нейкае савецкае свята, здаецца, дзень чырвонай арміі. І немаладыя мужчыны, удзельнікі вайны, былі “пры парадзе”. Я адразу прыкмеціў, што Карпюк неяк змяніўся з твару, як бы пацяплеў. Тады кажу яму: “Бачыце, якое суседства. І я закажу грамаў сто. Можа, і Вы што-небудзь… Такую ж вайну прайшлі!” Ён азірнуўся вакол і рашуча махнуў рукой … “Так і быць, вып’ю я бакал шампанскага”. Толькі афіцыянтка прабачылася і заўважыла, што бакал ніяк нельга, трэба браць цэлую бутэльку. На тым і разышліся. Але не быў бы то Карпюк, каб так лёгка здацца. Ён устаў з-за стала і пайшоў некуды за дзверы. Даволі хутка вярнуўся з поўным бакалам шампанскага. Мы павячэралі, ён выпіў свой бакал і тады пытаецца: “Ты бачыў калі-небудзь п’янага Карпюка?” – Не, кажу, што Вы, Аляксей Нічыпаравіч, ніколі. – Тады во, глядзі, перад табою п’яны Карпюк”.

Таленавітай і дзіўнай асобай быў пісьменнік Піліп Пястрак. Пра яго прыгоды мне заўсёды любіў распавя-даць паэт Юрка Голуб. Пра адносіны Аляксея Карпюка і Піліпа Пестрака часта казаў гарадзенскім літаратарам Васіль Быкаў. Адзін выпадак сяброўства Пестрака і Карпюка запомніла Данута Бічэль і занатавала ў сваёй кнізе “Хадзі на мой голас” (Гародня-Уроцлаў, 2008):  “Пястрак любіў прыязджаць у Гародню. Ён сам пра гэта казаў так: “У Гарод-ню я ездзіць люблю, таму што я тут сядзеў у турме”. Маўляў, прыемнае прыемна ўзгадваць… Калі Пястрак прыязджаў у Гародню, яны з Карпюком хадзілі ў рэс-таран. Пястрак за-маўляў пляшку гарэлкі. Карпюк замаў-ляў бутэльку мінера-лкі і шмат кубачкаў гарбаты. Да рэстараннай салаткі Кар-пюк вымаў з партфеля колца хатняй каўбаскі. Так яны сябравалі. Але аднойчы Піліп Пястрак зайшоў да Карпюка дадому і спытаў: “Алёша, а дзе ў цябе стаіць мая кніга?” Алёша пачаў выкручвацца, што даў пачытаць знаёмым. Але Пястрак не слухаў, ён пакрыўдзіўся і пайшоў…”.

Аляксей Карпюк – чалавек, які быў выхаваны ў заходнебеларускім духу. Гэта быў культурны, таленавіты, аўтарытэтны і шчыры пісьменнік, якога мы ведалі, паважалі і любілі. Такім і застаўся ён у нашай памяці назаўсёды.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0616
Далучайцеся да нас