Каса
(Працяг. Пачатак у мінулых нумарах.)
У пісьмовых крыніцах каса згадваецца даволі даўно, мо ў пачатку эры. У беларускіх пісьмовых крыніцах трапляюцца наступныя згадкі, зафіксаваныя ў Гістарычным слоўніку беларускай мовы.
“… на наше дело ни на которое тымъ людемъ не ходить ни зъ сохою, ни зъ косою, ни зъ серпомъ, (АЗР,1,103,1483);
…посполъ зъ волостью велить намь тяглую службу служити, дякла и подводы давати, на роботу къ двору господарскому съ топоромъ и зъ сохою и съ косою ходити (КСД, 224,1515);
… к сеножатемъ не мает ни с чимь ити толко з сокирою … а с косою чим ее маеть косити (Ст.1529-Ф, 122);
…мы ихъ сена кошеного на сеножатехъ ихъ не брали, ни косъ и грабель есмо не отнимали (АВК, ХУП.14, 1539);
… къ сеножатем ити толко съ сокерою, чим заросли ростеребити, а с косою, чим ее косити (Ст. 1566 1,80);
… топор, косу отняли (АВК, ХХХУІ, 192,1582);
… ходил вес израйль до филистынов острити лемеши свои и мотыки и секьри косы и серпы (Біблія, 320);
…жаловал на … особь помененых о гвалтовное погребленіе трох кос на сеножати (АВК, XXX,340, 1607);
… вжо самого жита и ячменю до жатья доспелого косами покосили и серпами некоторое пожали (ИЮМ, XXII, 273,1652)”.
А зараз пасля лінгвістычных хаджэнняў вакол касы можна сказаць пра яе з этнаграфічнага пункту погляду.
КАСА – прылада для скошвання травы і збож- жавых культур. Слова каса мае два значэнні. Гэта металічнае палатно. Гэта і ўся каса ў зборы. Каса ў зборы складаецца з уласна касы, касся (касільна, касавільна) – драўлянай палкі даўжынёй каля двух метраў, кулькі – своеасаблівай ручкі, за якую трымаецца касец, як правіла, правай рукой, сустрэць левую касу не выпала ні разу: рэхвы – як правіла, металічнага колца, якім мацуецца каса да касся і кліна, таксама элемента мацунку. Да 15 ст. бытавалі паўкоскі і косы-гарбушы, якімі касілі гарох і траву каля платоў і пнёў. З 15 ст.былі пашыраны косы з доўгім металічным палатном (лязо) і доўгім драўляным кассём (касільна, касавільна, касаўё). Рэхва на Палессі, Гарадзеншчыне, Нясвіжчыне і ёсць рэхва, на Гомельшчыне, Магілёўшчыне і Меншчыне яна называецца банькай, дзе-нідзе напарсткам, грывянкай.
У некаторых мясцінах паўдпёвага ўсходу палатно касы прывязвалі да касся дротам або лазой. Для скошвання збожавых да касы прымацоўвалі грабелькі (грабкі, грабцы). Грабелькі (тры, чатыры спіцы, выструганыя з ядлоўцу, сасны) мацавалі пад простым вуглом папярочнай планкай да касся, паралельна з палатном касы.
У паўднёва-заходніх і цэнтральных раёнах спіцы перапляталі аборачкай (вяровачкай), лазой, пазней дротам. У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя выкарыстоўваліся ў асноўным косы “вілейкі” (“літоўкі”), выраблялі іх на заводзе ў Вілейцы. Перад касьбою косы кляпалі на тупой бабцы вострым капцом малатка, або на вострай бабцы тупым капцом малатка, а ў час касьбы касу вастрылі бруском ці мянташкай. У наш час косы выкарыстоўваюць у індувідуальных гаспадарках і для касьбы на забалочаных мясцінах, зарослых хмызняком, у лесе; у калгасах і саўгасах былі пашыраны конныя і трактарныя касілкі, сіласаўборачныя камбайны і інш. тэхніка. У апошнія 30 гадоў ХХ стагоддзя фактычна ўсё коннае начынне сышло ў нябыт, каса прадаўжае служыць чалавеку, але з пачатку ХХІ стагоддзя масава, а то і пагалоўна, замяняецца ротарнымі трымерамі з бензінавым або электрычным рухавіком. Сёння ўжо знайсці на вёсцы чалавека, які б умеў накляпаць звычайную касу – праблема.
(Працяг у наступным нумары.)