Так у 1930-х гадах называлі маладую беларускую спявачку Яўгенію Чарняўскую-Орса. Яна была родам з Наваградчыны. У сярэдзіне 1930-х гадоў вучылася ў Варшаўскай кансерваторыі. Сваю вучобу і жыццё ў Варшаве маладая студэнтка і спявачка актыўна сумяшчала з беларускім рухам у польскай сталіцы. Без яе ўдзелу не абыходзіліся ні адна беларуская вечарына, сустрэча, прэзентацыя. У Варшаве Яўгенію Чарняўскую ведалі не толькі беларусы, але і ўкраінцы, палякі, літоўцы. Усіх яна зачароўвала сваёй прыгажосцю і голасам.
11 снежня 1937 года ў Варшаве ўкраінская студэнцкая грамада ладзіла вечарыну ў гонар сваёй нацыянальнай паэткі Лесі Украінкі. На вечарыну ўкраінцы запрасілі і Яўгенію Чарняўскую-Орса. Спявачка выканала некалькі ўкраінскіх песень і сваім звонкім мілагучным голасам, як пісаў часопіс “Шлях моладзі” (1937, № 17. С.18), “здабыла сабе гучныя воплескі шматлікіх слухачоў”.
Запрашалі нашу спявачку ўкраінцы Варшавы і на іншыя імпрэзы. Напрыклад, 6 снежня 1938 года яна спявала песні на вечары ўкраінскай паэзіі. А пасля выканання песні “Салавейка” спявачку некалькі разоў выклікалі “на біс”. Заходнебеларуская прэса пісала, што “воплескам не было канца. І не дзіва: голас спявачкі прыгожы, тэхніка адпаведная, інтэрпрытацыя высокакультурная, глыбокая, шчыра адчута, сцісла гарманізуецца са створанай кампазіцыяй. Выклікае вялікую ўвагу дыкцыя пясняркі. Чарняўская агулам выканала сваё заданне вельмі добра. Можна спадзявацца, што Чарняўская будзе вялікай спявачкай нашай Бацькаўшчыны” (Шлях моладзі, 1938. С.20).
6 лютага 1937 года ў Варшаве ў зале імя М. Карловіча мясцовай філармоніі адбыўся беларускі канцэрт-вечарына. Невялікая зала, якая была разлічана толькі на 250 месцаў, змагла ўмясціць больш за 400 чалавек. Многія не змаглі ўжо купіць білетаў. Канцэрт пачаўся каля 22 гадзін. Першай выступіла беларуская спявачка Яўгенія Чарняўская-Орса. Яна праспявала песні “Адна, і зноў адна”, “А за ліхімі ды марозамі” і “Маладую Беларусь”. Музыку да гэтых песень напісаў кампазітар Канстанцін Галкоўскі. Спявала Яўгенія і дуэтам з А. Панько. Аб гэтым пісаў у часопісе “Шлях моладзі” (1937, № 3. С. 20) Пятро Ластаўка. Паведамляў усё той жа Пятро Ластаўка і пра іншыя выступленні Яўгеніі Чарняўскай-Орса.
4 сакавіка 1938 года Яўгенію Чарняўскую-Орса на канцэрт у Вільню запрасіў Рыгор Шырма і прапанаваў ёй выступіць разам з ягоным хорам. Канцэрт адбыўся ў гасціннай універсітэцкай зале Снядэцкіх. У праграме канцэрта так і было запісана, што адбудзецца канцэрт беларускага хору Рыгора Шырмы і маладой беларускай спявачкі Яўгеніі Чарняўскай-Орса. На гэтым канцэрце пабываў і Максім Танк. У сваіх “Лістках календара” (Максім Танк. Збор твораў у шасці тамах. Мн., 1981. Т. 6. С. 192) пісаў: “Быў на канцэрце студэнцкага хору Рыгора Шырмы. У другой частцы канцэрта выступала маладая і вельмі сімпатычная спявачка А.Орса-Чарняўская (маецца на ўвазе Аўгіння – С.Ч.). Адкуль яе выкапаў дзядзька Рыгор? І не толькі выкапаў, а і ўзбагаціў яе рэпертуар беларускімі народнымі песнямі. Яна выканала некалькі новых песняў, і асабліва ўдала – “Паднімайся з нізін, сакаліна сям’я…”. І яе праводзілі бурнымі апладысментамі; студэнты падарылі ёй прыгожы букет жывых кветак і сэрца кірмашнага “Казюка”.
Сапраўды, канцэрт быў цудоўны. Яўгенія Чарняўская-Орса віленскай моладзі была зусім невядомая. Таму паглядзець на яе і паслухаць прыйшлі не толькі беларусы, але і палякі, яўрэі, рускія. Спявачка паказала сябе вельмі здольнай артысткай. Свежы, моцны і мяккі голас прарочыў ёй слаўную будучыню і ўсіх захапіў.
У першай частцы свайго выступлення Яўгенія Чарняўская-Орса выканала арыі Гендэля, Вердзі, Манюшкі, а потым спявала беларускія народныя песні ў апрацоўцы прафесара Галкоўскага. А на заканчэнне пад шматлікія апладысменты выконвала “Маладую Беларусь” на словы Янкі Купалы.
Там Максім Танк упершыню і пазнаёміўся з прыгожай беларускай спявачкай. Іх разам нават Янка Шутовіч сфатаграфаваў. “Сёння (маецца на ўвазе 5 чэрвеня 1938 года – С.Ч.) Янка Шутовіч перадаў мне некалькі фатаграфій: адна – аматарская – зробленая на казюкоўскім фэсце, дзе мы зня-ліся са спявачкай А.Чарняўскай”, – прыгадвае ў “Лістках календара” Максім Танк (Максім Танк. Збор твораў у шасці тамах. Мн., 1981. Т.6. С. 203).
Па гэтых запісах адчуваецца, што Максім Танк проста закахаўся ў беларускую прыгажуню.Часопіс “Калосьсе” ў першым нумары за 1938 год апублікаваў нават верш Максіма Танка, прысвечаны спявачцы:
Ёсць варажбітныя травы
З папараццю кучаравай, –
Быццам яны ўсё ліхое
Дзіўнымі чарамі гояць.
Ўецца зялёная сцежка.
Нейчая ў песнях усмешка
Бліснула ярка і сіня, –
Нават не ведаю імя.
Лепей каб звалася Рутай,
Шчасцем, Палярнаю зоркай,
А не Купальскай атрутай,
Сном ці Няволяю горкай.
Рутай украсіш, што хочаш;
Шчасцем нат песні напоіш;
Зорка у цёмныя ночы
Будзе гарэць над зямлёю.
Але з атрутай і снамі,
Але ў сэрцы з няволяй, –
Пойдзеш якімі трапамі
У каласістае поле?..
Нешта над рэчкай варожаць,
Месяц, аер і бярозы
І забабонныя травы
З папараццю кучаравай.
Калі Максім Танк пазнаёміўся з Яўгеніяй бліжэй, ён шмат распавядаў ёй пра нашу літаратуру, пра паэзію, казаў, што рыхтуе зборнік вершаў “Пад мачтай”, але не хапае фінансаў. Тады, прыехаўшы ў Варшаву, Яўгенія Чарняўская-Орса разам з сябрамі мясцовага Асветнага таварыства беларусаў, пачала збіраць фінансавыя сродкі на кнігу “Пад мачтай” Максіма Танка. Беларуская спявачка сабрала і перадала Максіму Танку каля 200 злотых. А рэштку грошай, неабходных на выданне зборніка, даў яшчэ адзін сябра “Товажыства пшыяцюл наук”. І 20 чэрвеня 1938 года зборнік вершаў “Пад мачтай” Максіма Танка выйшаў з друку.
Пасля заканчэння Варшаўскай кансерваторыі сляды беларускай спявачкі губляюцца. Альбо яна засталася ў Польшчы, альбо выехала далёка на Захад, ці, магчыма, вярнулася на Бацькаў-шчыну. Пакуль адшукаць не ўдалося.
Сяргей ЧЫГРЫН.