23 студзеня ў Менску памёр беларускі пісьменнік Віктар Гардзей. Ён пражыў 78 гадоў.
Нарадзіўся Віктар Гардзей у вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння ў 1964 годзе сярэдняй школы працаваў у калгасе. У 1965-1966 гадах ён быў супрацоўнікам ляхавіцкай раённай газеты “Будаўнік камунізму”, з 1967 па 1983 год з’яўляўся загадчыкам аддзела пісьмаў, адказным сакратаром і намеснікам рэдактара ганцавіцкай раённай газеты “Савецкае Палессе”. У 1983 годзе пераехаў у Менск, дзе пачаў працаваць у часопісе “Беларусь”. Завочна скончыў у 1984 годзе факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Вожык”, выдавецтве “Мастацкая літа-ратура”, у газеце “Літаратура і мастацтва”.
У друку Віктар Гардзей упершыню выступіў у 1963 годзе з апавяданнем “Памылка”. З сярэдзіны 1970-х гг. пачалі выходзіць яго зборнікі паэзіі. Сярод іх – “Касавіца” (1975), “Верасное палясоўе” (1978), “Засевак Радзімы” (1983), “Незабудкі азёр” (1985), “Узрушэнне” (1988), “Дзікая пчала” (1994), “Зялёныя дажджы” (1997), “Межань” (1999), “Трыадзінства” (2010) і іншыя. У вершах паэт апісваў хараство беларускай прыроды ў розныя поры года, экалагічнае бедства пасля чарнобыльскай трагедыі, закранаў маральна-этычныя і сацыяльныя праблемы вёскі, адлюстроўваў боль абпаленага вайной пакалення. Паэт заклікаў знайсці ў сабе сілы, каб пераадолець песімізм, душэўную адзіноту. Яго лірычны герой і сёння спяшаецца жыць, дзеліцца вялікімі і малымі радасцямі.
Шматгранны талент Віктара Гардзея раскрыўся ў розных жанрах: паэзіі, крытыцы, журналістыцы. Аднак, найбольш ярка ён праявіўся ў празаічных творах. Аповесць “Дом з блакітнымі аканіцамі” дала назву першай кнізе прозы (выдадзена ў 1984 г.). Многія творы Віктара Гардзея напісаны на матэрыяле Берайсцейшчыны, а прататыпамі яго літаратурных герояў сталі жыхары роднай вёскі Малыя Круговічы, якія з лёгкасцю пазнаюць сябе ў кожным новым творы пісьменніка. Чытачамі і крытыкай былі станоўча ўспрыняты трылогія “Аселіца ў басейне Чорнага мора” (2000), раман “Бедна басота” (2003), зборнік аповесцей і апавяданняў “З мінулага не вяртаюцца…” (2013). Віктар Гардзей напісаў шмат твораў для дзяцей, якія ўвайшлі ў зборнікі вершаў “Чырвоны грабень-чык” (1976), “На арэхавай палянцы” (1982), “Коцікі на вярбе” (1988), “Мой тата – трактарыст” (1989), “Зай, які лічыў варон” (1991), “Зайкава балалайка” (1998), “У бары на зары” (2001), “Малая дзіцячая Чырвоная кніга” (2008). Плённа працаваў пісьменнік і ў галіне перакладу.
У 1993 годзе Віктар Гардзей стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Івана Мележа, у 2008 г. дыпламантам Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор года “Залаты Купідон”. Імем пісьменніка названа вуліца ў вёсцы Малыя Круговічы; на месцы дома, дзе ён нарадзіўся, у 2017 годзе быў устаноўлены памятны знак.
SS.