Да 120-годдзя беларускага празаіка, перакладчыка, мемуарыста, рэлігійнага дзеяча і выдаўца Яна Пятроўскага (1905-2001)
Вядомаму беларускаму эміграцыйнаму празаіку, перакладчыку, мемуарысту і выдаўцу Яну Пятроўскаму 7 студзеня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння. Розныя крыніцы дзень нараджэнне Яна Пятроўскага падаюць па-рознаму. Але ў метрычнай кнізе Слуцкага сабора за 1905 год, копію якой усё жыццё захоўваў у асабістым архіве Ян Пятроўскі, у першай частцы адносна народжаных пад № 17 мужчынскага полу, ёсць наступны запіс: “Студзеня 7 дня 1905 года ў мешчаніна места Слуцка Дзям’яна – сына Адама Пятроўскага і ягонае праўнае жонкі Юстыны – дачкі Андрэя, абодвух праваслаўнага веравызнання, нарадзіўся і 7 студзеня 1905 года ахрышчаны сын Ян. Хрышчонымі бацькамі былі мяшчане места Слуцка: Ян – сын Сымон Гурскі і панна Галена – дачка Мікалая Андрусевіча”.
Бацька рана памёр, таму гаспадыняй у доме была маці, дапамагаў ёй старэйшы брат Апанас. Акрамя яго ў сям’і Пятроўскіх было яшчэ сямёра дзяцей.
Вучобу Ян Пятроўскі пачаў у хатняй настаўніцы. Пасля вучыўся ў школе Свята-Троіцкага манастыра, а потым – у прыходскай школе. У 1919 годзе сям’я Пятроўскіх пераехала ў Вільню. Там Ян закончыў гімназію і адбыў службу ў польскім войску. Атрымліваў веды ён яшчэ на адукацыйных падрыхтоўчых курсах, пасля ў школе падхарунжых. Была ў яго яшчэ адна найважнейшая школа – гэта школа роднай мовы.
У 1931годзе Ян Пятроўскі пераехаў з Вільні ў Варшаву і паступіў вучыцца ў пратэстанцкую Біблейскую школу ў Клярысаве. Пасля яе заканчэння працаваў год у Варшаве, а пасля пераехаў у Дзярэчын на Зэльвеншчыну.
Ян Пятроўскі шчыра сябраваў з беларускім паэтам, музыкантам, мастаком і калекцыянерам са Слоніма Гальяшом Леўчыкам (Ільёй Міхайлавічам Ляўковічам, 1980-1944). Даследуючы творчасць свайго земляка Гальяша Леўчыка, я аднойчы напісаў пісьмо Яну Пятроўскаму у ЗША, каб ён прыслаў успаміны пра вядомага слонімца. Спадар Пятроўскі вельмі ўзрадаваўся майму пісьму са Слоніма. Менавіта Гальяш Леўчык і стаў прычынаю нашага шматгадовага сяброўства.
Ян Дзям’янавіч прыслаў мне шмат цікавых, раней невядомых звестак пра майго земляка. У адным з іх ад 15 кастрычніка 1993 года ён піша:
” У часе мае першае сустрэчы з Гальяшом Леўчыкам, ён пяяў мне пад гітару жартаўлівую песеньку, з якое засталася ў памяці маёй адна страфа, у якой Язэпка расказвае пра сябе:
Як падрос я крышку,
Ў школу стаў хадзіць,
І настаўнік ў школе часта мне казаў:
У цябе, Язэпка, разумна галава,
Толькі ў Язэпкі розуму няма…”.
Цікавыя ўспаміны пра Гальяша Леўчыка пакінуў Ян Пятроўскі ў першым томе сваіх трохтомных “Мэмуараў” (Гэйнсвіл, ЗША, 1988-1996 гг.). Ёсць там і каштоўныя ўспаміны пра “Дзярэчын – малы Вярсаль”. Наогул, “Мэмуары” Яна Пятроўскага ахопліваюць усё ХХ стагоддзе, дзе аўтар апісвае і ўспамінае даваенныя Слуцк, Вільню, Варшаву, распавядае пра Антона Луцкевіча, пра беларускае жыццё на эміграцыі, пра гісторыю касцёла метадыстаў, а таксама пра Беларускі Харытатыўна-адукацыйны фонд, які стварылі Ян і Аліцыя Пятроўскія. Гэты фонд шмат зрабіў для развіцця беларускай культуры ў свеце.
Да пачатку Другой сусветнай вайны Ян Пятроўскі быў абраны сакратаром Гадавой канферэнцыі на XVI Місійнай канферэнцыі Паўднёвай епіскапальнай метадыстычнай царквы ў Польшчы. А ў 1939 годзе ў Капенгагене ён прымаў удзел у пасяджэнні з нагоды аб’яднання метадысцкай царквы…
У 1953 годзе Пятроўскія эмігрыруюць у ЗША, дзе і пачынаецца іх шырокая, плённая творчая і выдавецкая справа. Ян Пятроўскі ўпершыню ў сусветнай беларустыцы перакладае і выдае на беларускай мове дыялогі грэчаскага філосафа Платона. У шасці асобных кнігах выйшлі з друку дыялогі “Абарона Сакратаса”, “Крытон”, “Файтон”, “Сімпазіён”, “Іён”, “Горгіяс”, “Протагорас”, “Гіппіяс вялікшы”, “Парменідас” і “Політэя”. Па-беларуску выходзяць і філасофскія роздумы рымскага імператара Марка Аўрэліюса.
У 1987 годзе асобным выданнем выйшла з друку даследчая праца Яна Пятроўскага “Старажытная грэцкая клясыка”. А праз два гады – праца нямецкага філосафа Карла Вільгельма фон Гумбольдта “Унутраная форма мовы”, якую пераклаў на беларускую мову Ян Пятроўскі.
Не кожная дзяржава можа пахваліцца выданнем, якое маюць сёння беларусы – двухтомны “Грэцка-беларускі слоўнік” Яна Пятроўскага.
Сабраў наш суайчыннік і выдаў у ЗША трохтомнік “Лепшых думак чалавека”, а таксама іншыя літаратурна-перакладчыцкія працы.
А яшчэ Ян Пятроўскі з 1962 да 1966 года выдаваў рэлігійна-метадыстычны часопіс “Сьветач Хрыстовае навукі”, выйшла ўсяго 24 нумары. А яго Харытатыўна-адукацыйны фонд меў яшчэ свой бюлетэнь “Анаграмы”, дзе інфармавалася пра дзейнасць і сутнасць фонду, пра яго мэты, задачы і пра тое, што рабілася супрацоўнікамі фонду.
Вось такім быў і застаўся ў гісторыі беларускай культуры і літаратуры беларус Ян Пятроўскі з Флорыды. Ён добра ведаў старажытную грэчаскую, польскую, англійскую, нямецкую, рускую, украінскую, чэшскую, лацінскую і вядома ж сваю родную беларускую мовы. Перакладчык усё жыццё пісаў і выдаваў па-беларуску кнігі, ён моцна любіў антычную філасофію і сваю Бацькаўшчыну.
Сяргей ЧЫГРЫН.