15 снежня ў Слоніме памёр мясцовы мастак, педагог, паэт, гумарыст Пятро Бурсевіч (1936-2024).
Пётр Фёдаравіч жыў з жонкай на Чырвонаар-мейскай вуліцы ў Слоніме. За сваё жыццё слонімец не лез у вялікія мастакі і паэты. Ён быў сціплы і спакойны чалавек, працаваў, гадаваў дзяцей, займаўся хатняй гаспадаркай, а ў вольную хвіліну браўся за пэндзаль ці ручку і заўсёды маляваў, пісаў вершы. Маляваў людзей, якія жылі побач, краявіды, нацюрморты. І вучыў іншых, здольных да мастацтва, працаваць з пэндзлем і алоўкам.
Мне заўсёды з ім было прыемна сустрэцца, пагутарыць, паўспамінаць тых слонімцаў, якія яшчэ надаўна жылі побач, але адышлі ў іншы свет. У 2020 годзе з друку выйшаў у Мінску яго вялікі альбом фарматам 60х84\8 пад загалоўкам “Сцежкі-пуцявіны”. Пад цвёрдай воклад-кай на 165 старонках змешчаны не толькі ілюстрацыі яго карцін, малюнкаў, але і вершы, апавяданні, публікацыі пра яго творчасць, згадкі ў СМІ і г.д.
Пазнаёміў мяне з Пятром Бурсевічам слонімскі паэт Анатоль Іверс (1912-1999). Гэта Пятро Фёдаравіч некалі афармляў яго паэтычныя зборнікі вершаў “Травень” і “Прыдарожныя сосны”. Гляджу сёння на вокладкі гэтых кніжак і сэрца замірае: дужа шчымлівымі, блізкімі сэрцу атрымаліся малюнкі на вокладках. Асабліва да зборніка “Прыдарожныя сосны” , якія клічуць дадому, на Бацькаўшчыну, дзе нарадзіўся, дзе бегаў басанож, дзе, здаецца, шумяць гэтыя прыдарожныя сосны і сёння.
Альбом “Сцежкі-пуцявіны” адкрываецца партрэтамі сваякоў Пятра Бурсевіча, якіх ён намаляваў, а таксама ксеракопіямі артыкулаў пра мастака. А ўпершыню пра Пятра Бурсевіча напісала слонімская раённая газета “За перамогу камунізму” ў сакавіку 1966 года. Пасля пісалі “Настаўніцкая газета”, БЕЛТА, “Літаратура і мастацтва” і іншыя выданні. Пятро Фёдаравіч працаваў на Слонімскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, настаўнікам малявання ў школах Слоніма, кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва ў Слонімскім Доме піянераў. Ён вучыў юных мастакоў пасцігаць гэтае складанае мастацтва. Разам яны арганізавалі сотні розных выставаў – ад раённых да рэспубліканскіх, прывозілі з гэтых выставаў граматы і дыпломы. Сам Пятро Бурсевіч добра валодаў тэхнікай малюнка. Яго заўсёды цікавіла родная Слонімшчына, людзі працы, барацьба з фашызмам і, вядома ж, прырода. І ўсё гэта адлюстравана на яго карцінах і малюнках. Як пісаў Анатоль Іверс у 1968 годзе, “любоў да роднай краіны, да людзей працы – гэта і ёсць душа мастака Пятра Бурсевіча”.
Пра мастацтва Пятро Фёдаравіч мог гутарыць бясконца. Ён заўсёды падкрэсліваў, што мастацтва – “гэта маё жыццё, маё захапленне”. “Малюю я алеем, алоўкам, акварэллю. Ніякія абстракцыі я не прызнаю. У мастацтве галоўнае для мяне – рэальнасць”, – казаў мне заўсёды Пятро Фёдаравіч.
Што не ўдавалася ажыццявіць у сваіх мастацкіх творах, слонімскі мастак перадаваў у вершах і апавяданнях. Нават напісаў паэму пра лёс слонімскага паэта Анатоля Іверса. Яна таксама надрукавана ў альбоме-кнізе “Сцежкі-пуцявіны”.
Сёння зноў перачытаў гумарэскі і сатырычныя вершы Пятра Бурсевіча, яны друкаваліся ў часопісе “Вожык”, у “Газеце Слонімскай”, у газеце “Звязда”, у “Гродзенскай праўдзе”. Усе яны таксама змешчаны і ў кнізе “Сцежкі-пуцявіны”.
Усё, што бачыў, і ўсіх, хто жыў з ім побач, тых і маляваў слонімскі мастак, для іх і пісаў свае вершы. Ёсць паэтычныя радкі, якія напісаны шчыра і па-мастацку правільна. Шмат іх прысвечана роднаму кутку:
Куточак любы – нівы, сенажаці…
Як не любіць цябе, не апяваць!
З калыскі тут мяне вучыла маці
Цябе ўсім сэрцам, край мой, шанаваць…
Слонімец Пятро Бурсевіч быў апошнім з таго старэйшага пакалення творчай інтэлігенцыі слонімскай зямлі, прадстаўнікі якога нарадзіліся яшчэ да вайны. Менавіта на такіх, як ён і трымалася ўся наша зямля, а мы, маладзейшае пакаленне, бралі з іх прыклад, як па-сапраўднаму трэба любіць родный край, сваю мову, культуру, гісторыю. І такіх выдатных людзей, якім быў Пятро Фёдаравіч Бурсевіч, нам так сёння будзе не хапаць.
Сяргей ЧЫГРЫН.