5-6 снежня 2024 года адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Гістарычнае краязнаўства Беларусі: вопыт, праблемы і перспектывы развіцця (да 100-годдзя Цэнтральнага бюро краязнаўства)”.
Арганізатарамі яе правядзення сталі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аб’яднаная галіновая прафсаюзная арганізацыя работнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Цёплыя прывітальныя словы гучалі ад старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэміка, доктара эканамічных навук, прафесара Гусакова Уладзіміра Рыгоравіча, акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, акадэміка, доктара гістарычных навук, прафесара Кавалені Аляксандра Аляксандравіча, дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Лакізы Вадзіма Леанідавіча, дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэміка, доктара гістарычных навук, доктара архітэктуры, прафесара Лакоткі Аляксандра Іванавіча, першага намесніка дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук Бараноўскага Аляксандра Віктаравіча.
Каля 100 дакладчыкаў былі заяўлены на канферэнцыю і падзелены на тры секцыі. Гучалі даклады з вуснаў магістраў, дактароў і кандыдатаў гістарычных навук, прафесароў і дацэнтаў, а таксама дырэктароў, захавальнікаў фондаў і навуковых супрацоўнікаў музеяў, у тым ліку студэнтаў універсітэтаў, настаўнікаў і навучэнцаў школ. Нягледзячы на тое, што па розных прычынах не змаглі прыняць удзел усе заяўленыя прадстаўнікі, але даклады, якія гучалі з вуснаў тых выступоўцаў яшчэ раз падцвердзілі, што ў Беларусі жывуць неабыякавыя людзі, якія з душой і сэрцам пранікаюць у гісторыю свайго краю, якія з асалодай даследуюць свой родны кут, які ў кожнага па-своему незвычайны, таямнічы і самы дарагі!
Прынялі ўдзел у канферэнцыі і супрацоўнікі з Лідскага гістарычна-мастацка-га музея. З дакладам “Гарадская паштоўка – краязнаўчая скарбон-ка (на прыкладзе калекцыі Лідскага гістарычна-мастацкага музея)” выступіла дырэктар Хацяновіч Наталля Аляксандраўна, з тэмай даклада “Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Лідскага замка і знакавыя знаходкі” пазнаёміла навуковы супрацоўнік Казыра Тарэса Станіславаўна, з дакладам “Малая радзіма Крупава: гісторыя і людзі” выступіў Хітрун Аляксандр Часлававіч.
Над гэтай тэмай Алесь Хітрун працуе ўжо некалькі гадоў. Па крупіцах збірае ўсе гістарычныя звесткі, факты, падзеі. Але шкада, што ўзяўся за пошук матэрыялу толькі апошнімі гадамі. Старажылаў усё менш і менш. А тыя, хто яшчэ ёсць, забываюць. А маладзейшыя неахвотна і асцярожна штось раскажуць і – усё, быццам чагосьці пабойваюцца. Аднаму ўсё не пад сілу сабраць…
А Крупава ж мае багатую гісторыю! І яе трэба ўратаваць… Нездарма кажуць, што хто не ведае свайго мінулага, не мае будучыні.
Падчас канферэнцыі была магчымасць пабываць на выставе Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі. Удзельнікі наведалі археалагічную навукова-музейную экспазіцыю Інстытута гісторыі НАН Беларусі, навукова-музейную экспазіцыю старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
А. Крупскі.