Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

29 лістапада 2024, 09:07 Мова 60
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Тур

 

У добрыя старыя часы, калі лепшыя беларускія паэты і артысты (Эдуард Акулін, Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Скобла, Таццяна Грыневіч-Матафонава і інш.) калясілі па Лідчыне, выступаючы паўсюль ад Лідскага замка да самай далёкай Ходараўскайі школы, не раз даводзілася чуць “Казачку пра тура” Леаніда Дранько – Майсюка. Гэта верш для дзетак, друкаваўся ў свой час у “Вясёлцы” (2015 г.).

 

Казачка пра Тура

 Казачку скажу пра Тура,

Што дайшоў да князя Тура

Праз Туры, Турское, Тураў,

Праз Туроўлю і Турэц,

Тураўлянку і Туржэц!

Праз Туркі, Турыйск і Турын,

Праз Турычына і Тур’ю,

Турск, Тур’ёва і Затур’ю,

Праз Туржанку і Адтур’ю!

І сказаў ён князю Туру:

“Ты – не Тур, а Туравец!”

Тут і казачцы канец.

 

Нават толькі па колькасці тапонімаў, прыведзеных у гэтым вершы, можна сказаць, што памяць пра тура жыве ў беларускім народзе дагэтуль.

Тур, ці першабытны бык, ці першабытны дзікі бык, ці еўрапейскі дзікі бык (лат. Bos primigenius, лат. Bos taurus primigenius) – вымерлая парнакапытная жывёліна з роду сапраўдных быкоў сямейства поларогіх. Адзін з прабацькоў сучаснай буйной рагатай жывёлы. Самым блізкім сваяком з’яўляецца цяпер існы ватусі. Жыў тур з другой паловы антрапагена ў лесастэпах і стэпах Усходняга паўшар’я. Цяпер лічыцца вымерлым у выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека і інтэнсіўнага палявання. Апошняя асобіна не была забіта на паляванні, а загінула ў 1627 годзе ў лясах недалёка ад Якторува (у Польшчы, за 50 км ад Варшавы) – лічыцца, што з-за хваробы, якая закранула маленькую, генетычна слабую і ізаляваную папуляцыю апошніх жывёл гэтага віду.

Рабіліся і робяцца спробы адрадзіць папуляцыю тураў. У сярэдзіне ХХ стагоддзя ў немцаў як бы і атрымалася, хаця генетычна адроджная жывёліна заставалася каровай. У прынцыпе то, а кім яна павінна быць, калі каровы пайшлі ад тураў? Сёння ізноў вядуцца падобныя эксперыменты, але скептыкі кажуць, што атрымоўваецца нейкая новая парода каровы і не больш.

Слова “тур” у значэнні “дзікі бык” – аднаскладовае, старажытнае і сягае ў часы нашай індаеўрапейскай агульнасці, а то і глыбей. З першых славянскіх крыніц мы ведаем слова туръ (буй-тур). Слова на індаеўрапейскім узроўні роднаснае стар.-грэч. таўрас, літ. tavras, “буйвал, тур”, taurе “чарка, слоік”, пруск. tauris “зубр”, лат. taurus “бык”, ірл. tarb – тое ж, далей – авест. staоra – м. “буйная рагатая жывёла”, гот. stiur “бык, цяля”. Назва народа таўры, якія насялялі Таўрыю, цяперашні Крым, таксама магло быць звязана з грэчаскім словам таўрас і абазначаць пастухоў тураў ці кароў.

Праіндаеўрапейскае слова tawros, да якога ўзы-ходзяць гэтыя словы, параўноўваецца з прасеміцкім tawr, што значыць “бык”, араб. tawr, бык, ад якога яно, можа быць, і пайшло, быўшы запазычаным з прасеміцкай. Іншая гіпотэза складаецца ў тым, што абодва словы былі запазычаны ці пайшлі з нейкай трэцяй мовы.

Само па сабе слова тур у беларускай мове не значыць нічога, але вельмі прадукцыйнае. А тут у справу ўмешваецца яшчэ слова тура (вежа). Тура і тур – словы зусім рознага паходжання, а вытворныя ад іх цалкам усё заблытваюць. Возьмем слова турнір. Беларускі слоўнік іншамоўных слоў падае слова турнір так: “ТУРНІР (ням. Turnier, ад фр. tourneoi) – 1) спартыўнае спаборніцтва, у якім усе ўдзельнікі маюць паміж сабой па адной ці дзве сустрэчы (напр. шахматны т.); 2) спаборніцтва сярэднявечных рыцараў”. Але чаму слова турнір не можа паходзіць ад слова тур, бо двубой тураў, чым не спаборніцтва, а бой рыцара з турам для сярэднявечча зусім натуральная з’ява, як сёння радэа. З нацягам са словам тур можна парадніць слова турнік, на якім атлет рыхтуецца да турніра. А вось турнікет – гэта ўжо ад туры.

         (Працяг у наступным нумары.)

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
Беларускіх Праведнікаў народаў свету ўвекавечаць помнікам
Грамадства

Беларускіх Праведнікаў народаў свету ўвекавечаць помнікам

21 лістапада 2018, 14:1517
Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!
Грамадства

Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!

9 лістапада 2018, 09:2817
Далучайцеся да нас