Зоська Верас – аўтар першага (1892-1991) батанічнага шматмоўнага слоўніка, да якога і сёння звяртаюцца самыя дасведчаныя лексікографы, каб даведацца, як праўдзіва на роднай мове называецца тая ці іншая расліна.
“Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік” Зоські Верас быў выдадзены 100 гадоў таму ў 1924 годзе ў Вільні, якраз у той час, калі адбывалася фармаванне і станаўленне беларускай лексікаграфіі і навуковай тэрміналогіі, тэрмінасістэм розных галін навукі, культуры і тэхнікі. Мэта выдання была – паказаць, што ў беларускіх народных назвах раслін адлюстраваны сапраўдны духоўны скарб, паэтычнасць, спрадвечная мудрасць, розум, талент беларускага сялянства, шырэй – народа.
Зоська Верас пачала збіраць беларускія назвы раслін яшчэ гімназісткаю, да вучобы на курсах агародніцтва, садоўніцтва і пчалярства ў Варшаве (1913 – 1914), і складаць, як сама назвала, батанічны зёльнік. Але Першая сусветная вайна перапыніла збіральніцкую працу. Вярнулася Зоська Верас да картатэкі, назіранняў, збіральніцтва толькі ў 1918 годзе. Літаратурныя здольнасці, веданне мовы, веды агранома дапамаглі стварыць філалагічную, навуковую работу – “Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”, складанню якога Зоська Верас прысвяціла дванаццаць гадоў жыцця, працы. Слоўнік быў выдадзены рэдакцыяй газеты “Голас беларуса”, надрукаваны ў друкарні С. Бэкера. З прадмовы да слоўніка можна даведацца, што слоўнік, “чалавеку цікаваму, знаёмаму з назовамі раслінаў у яго роднай мове і то з назовамі не штучнымі, выдуманымі, а чыста народнымі, кожная раслінка, кожнае зелейка раскажа не толькі дэталі свайго ўласнага жыцця, гісторыю свайго роду, але ж таксама напомніць аб той ролі, якую грае ў жыцці нашых сялян, у іх медыцыне, чарах і варожбах. Часта адно характарнае названне раскрые перад нашымі вачыма ўсю паэтычнасць і багатую фантазію нашага народу…”.Зоська Верас выкарыстала ў слоўніку матэрыялы – перш за ўсё і галоўным чынам – з уласных назіранняў. Родныя назвы раслін Сакольшчыны дапоўніла назвамі з Лепельскага, Дзісенскага, Пружанскага паветаў, а таксама, хоць і небагатымі матэрыяламі, сабранымі знаёмымі. Карысталася яна і працай Міхала Федароўскага “Lud Bialoruski na Rusi litewskiej”, слоўнікам братоў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх.
Батанічны слоўнік Зоські Верас – гэта лексікаграфічнае апісанне трохсот дзвюх раслін, у ліку іх – больш за дзевяноста лекавых, усіх назваў раслін – чатырыста дваццаць чатыры. Гэта тлумачыцца тым, што “адна і тая… расліна на Беларусі мае часта розныя назвы, іншы раз зусім адна да аднае непадобныя”.
Слоўнік Зоські Верас перавыдаваўся ў Беларусі некалькі разоў. І сёння беларускія лінгвісты, гісторыкі, біёлагі, краязнаўцы, пісьменнікі звяртаюцца да працы Зоські Верас, з вялікай пашанай і падзякай гавораць пра дарагі “Зёльнік”, пра яго аўтарку – Зоську Верас.
Паводле СМІ.