Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

14 лістапада 2024, 19:40 Мова 37
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

 

Пагаварыўшы пра лес і дрэвы можна пачаць гаворку і пра насельнікаў лесу і не толькі.

Звяры ў нашых лясах пасяліліся намнога раней, чым сюды прыйшлі хоць якія людзі, а адносна славян, то і пагатоў.

Многа насельнікаў нашых лясоў маюць аднаскладовыя, а, значыць, вельмі старажытныя назвы: тур, зубр, лось, лань, воўк, рысь, дзік, пёс, кот, бац (пац), мыш…

Пачнём з самай маленькай мышы, якая з’яўляецца пачаткам многіх харчовых ланцужкоў з удзелам больш буйных драпежнікаў.

Мышыныя (лат. Muridae) – сямейства сысуноў з атрада грызуноў (Rodentia). Даўжыня цела ад 5 см (мыш-малютка) да 48 см (паўднёвы тонкохвосты пацук [ангел.] Phloeomys cumingi). Да сямейства адносяцца мышы, пацукі і пясчанкі.

Слова “мыш” паходзіць ад праславянскага mysь, далей ад праіндаеўрапейскага mus, ср. стар.-інд. mus – м., нов.-перс. mus, грэч., лат. mus, алб. mi, стар.-в.-н. mus, арм. mukn, ангел. mouse. Алег Трубачоў бачыць тут адну з найстаражытнейшых індаеўрапейскіх табуістычных назваў жывёл – mus – “шэрая”.

Мышы распаўсюджаны паўсюдна (асабліва хатнія мышы) акрамя Антарктыды. Займаюць шырокі спектр экасістэм ад экватарыяльных лясоў да тундраў. Большасць відаў насяляюць лясы тропікаў і субтропікаў. Завезены ў Паўночную і Паўднёвую Амерыку і на многія выспы. Сустракаюцца землерыйные, драўняныя і паўводныя віды, хоць большасць вядзе паўназемны ці наземны лад жыцця. Шырокі спіс ніш, запоўненых мышынымі, дапамагае растлумачыць іх адноснае багацце.

Мышы (як і пацукі) актыўныя на змярканні і ўначы.

У мышыных сустракаецца шырокі спектр харчовых звычак – ад траваедных і ўсяедных відаў да адмыслоўцаў, якія спажываюць строга дажджавых чарвякоў, некаторыя віды грыбоў ці водных казурак. Большасць родаў спажываюць раслінную ежу і дробных бесхрыбтовых, часта захоўваючы насенне і іншыя раслінныя рэчывы для зімовага спажывання. Мышыныя маюць скірагнатныя сківіцы (спадчынны характар у грызуноў) і прысутнічае дыястэма. У мышыных адсутнічаюць іклы і прэмаляры. Маюць, як правіла, тры маляры (хоць часам толькі адзін ці два), а тып маляраў вар’іруецца ў залежнасці ад роду і звычкі сілкавання.

Некаторыя мышыныя вельмі сацыяльныя, а іншыя вядуць адасоблены лад жыцця. Самкі звычайна прыносяць некалькі прыплодаў у год. Размножваюцца ў цёплую пару года. У цёплых рэгіёнах і ў жыллі чалавека размнажэнне можа адбывацца круглы год. Полаваспелымі становяцца ў 1,5-3 месяцы. Хоць працягласць жыцця большасці родаў, як правіла, складае меней двух гадоў, мышыныя валодаюць высокім рэпрадуктыўным патэнцыялам, і іх папуляцыя мае тэндэнцыю да хуткага павелічэння, а затым рэзка скарачаецца, калі харчовыя рэсурсы вычэрпваюцца. Гэта часта назіраецца ў трох-чатырохгадовым цыкле.

Палярныя мышы лемінгі – шэраг родаў грызуноў падсямейства палёўкавых (Arvicolinae) сямейства хамякоў (Cricetidae). Да лемінгаў блізкія пяструшкі. Ва ўсіх лемінгаў шчыльны целасклад, кароткія ногі і хвост, маленькія, утоеныя ў поўсць вушы. Даўжыня цела 10-15 см, хваста – да 2 см; маса – 20-70 г. Афарбоўка аднакаляровая, шэра-карычневая ці пярэстая. У некаторых лемінгаў узімку поўсць моцна святлее ці бялее, а кіпцюры на пярэдніх лапках разрастаюцца, набываючы форму капытоў. Лемінгі засяляюць тундры і часткова лесатундры Еўразіі і Паўночнай Амерыкі, а таксама прылеглыя выспы Паўночнага Ледавітага акіяна. Актыўныя круглы год. Зіму часта праводзяць у гнёздах, уладкованых прама на зямлі пад снегам, сілкуючыся прыкаранёвымі часткамі раслін. Некаторыя віды здзяйсняюць сезонныя міграцыі на летнія “пашы” . Сілкуюцца асотамі, хмызнячкамі і імхамі, часцяком моцна выядаючы вакольную расліннасць. За суткі лемінг з’ядае ўдвая больш, чым важыць сам, а за год – каля пяцідзесяці кілаграмаў раслінных кармоў. Корміцца лемінг цэлы дзень з невялікімі перапынкамі; некаторыя віды запасяць корм на зіму.

Такім чынам маленькая мыш засяліла ўсю Зямлю і сярод мноства народаў праз тысячагоддзі захавала сваю назву, дадзеную невядома якім народам яшчэ ў час інда-еўрапейскага моўнага адзінства, недзе ў 3-м тысячагоддзі да нашай эры.

Слова “мыш” дало ў нашай мове ладнае гняздо словаў: дзеяслоў “мышкаваць” (паляваць на мышэй). Мышкуюць лісы, мышкуюць нават ваўкі (не ганарова, але голад – не цётка). Мышысты колер. Мышыны кароль. Мышаняты, мышкі. Слова “мышка” праскочыла ў ІТ-сферу, і амаль што ніхто не задаецца пытаннем, як на самай справе называецца кампутарная мышка.

А справа тут выглядае так.

Азначэнні.

Кампутарная мыш – маніпулятар, прылада для ўводу дадзеных пры працы з кампутарам і наўтбукам. З развіццём графічнага інтэрфейсу яна амаль цалкам выцесніла іншыя прылады (джойсцікі, светлавыя пёры) з-за прастаты выкарыстання і нізкага кошту.

Кампутарная мыш – каардынатная прылада для кіравання курсорам і аддачы розных каманд кампутару. Кіраванне курсорам ажыццяўляецца шляхам перасоўвання мышы па паверхні стала ці адмысловага кілімка. Кнопкі і колца мышы выклікаюць адпаведныя дзеянні, напрыклад: актывацыя паказанага аб’екта, выклік кантэкстнага меню, вертыкальная і гарызантальная (у спецыялізаваных мышах) прагортка вэб-старонак, вокнаў аперацыйнай сістэмы і электронных дакументаў.

Атрымала шырокі распаўсюд у сувязі са з’яўленнем графічнага інтэрфейсу карыстальніка на персанальных кампутарах. Апроч мышэй, сустракаюцца іншыя прылады ўводу аналагічнага прызначэння: трэкболы, сэнсарныя панэлі, графічныя планшэты, сэнсарныя экраны. Да пачатку XXI стагоддзя выпускаліся мышы з трыма кнопкамі.

Гісторыя.

9 снежня 1968 года кампутарная мыш была прадстаўлена на паказе інтэрактыўных прылад у Каліфорніі. Патэнт на гэты гаджэт атрымаў Дуглас Энгельбарт у 1970 годзе.

Першым кампутарам, у набор якога ўключалася мыш, быў міні-кампутар Xerox 8010 Star Information System, прадстаўлены ў 1981 годзе. Мыш фірмы Xerox мела тры кнопкі і каштавала 400 даляраў ЗША, што адпавядае амаль 1000 даляраў у коштах 2012 года з улікам інфляцыі. У 1983 годзе фірма Apple выпусціла сваю ўласную аднакнопкавую мыш для кампутара Lisa, кошт якой ўдалося паменшыць да 25 $. Шырокую вядомасць мыш набыла дзякуючы выкарыстанню ў кампутарах Apple Macintosh, пазней – у АС Windows для IBM-PC-сумяшчальных кампутараў.

У СССР маніпулятар “Мыш” таксама звалі “Калабком” з-за круцельнага апорнага шарыка. Таксама выпускалася кампутарная мыш, якая звалася “Маніпулятар “Калабок”” з цяжкім, металічным, не пакрытым тады гумай, шарам. Ёсць правадныя і бесправадныя кампутарныя мышы. Бесправадная “мыш” называецца яшчэ “аэрамыш”. Маленькая мышка ды ўдаленькая. Глянь, куды сіганула, якое месца заняла ў сучаснасці і ва ўсіх мовах свету.

 

І яшчэ пра аднаго маленькага звярка, якога ў старажытнасці называлі словам падобным на слова мыш, а магчыма, і лічылі мышшу.

У “Слове пра паход Ігаравы” ёсць вядомыя ўсім словы:

“Боянъ бо вещий аще кому хотяше песнь творити.то растекаша мыслию по древу,

серым вьлком по земли,

шизым орлом подъ облакы”.

Як можна расцякацца мыслію па дрэву і пры чым тут воўк і арол? Як і чаму пясняр паставіў іх у адзін шэраг? Відочна, меў на тое прычыну, бо ведаў, што мысль – гэта не думка, а зусім рэальны звер – вавёрка.

Ёсць і спрэчныя пазіцыі, апе глянем на вытворныя ад слова “мысль”. “Мыслівец” і “mysliwiec” – паляўнічы па-старабеларуску і па-польску, лётчык-знішчальнік па-польску. “Мysliwstwо” – паляванне, паляўнічы промысел па-польску. Мысліва назва вёскі, адкуль тэарэтычна паходзіць шляхта Мысліцкія.

“Промысел” таксама ад слова “мысль”, “прамысліць“.

Адсюль жа пайшлі словы “прамысловасць”, “прамысловы” і г. д.

Што ж, відавочна, не на сабалёў прамышлялі колісь нашы прашчуры, а на мысляў. Мысль была найменшым зверам, на якога тады палявалі. Шкурка мыслі была адзінкай вартасці іншых шкурак. Собаль раўняўся 30 мыслям, куніца – 6 мыслям.

А што ж сучаснае беларускае слова вавёрка? Адкуль узялося яно? Разгорнем летувіска – расейскі слоўнік:

voverе-вавёрка

voveres lisdas – вавёрчына гняздо

voverautі – паляване на вавёрак

voverytе – вавёрачка

voveruska – лісічка (грыб).

Так, мы згубілі ў стагоддзяў сваю векавечную назву гэтага звярка “мысль”. Расейцы ізмыслілі назву “белка”, а беларусы пазычылі ў балтаў слова “вавёрка”.

Цікава, што грыб лісічку, які за рыжы колер мы назвалі ад слова “ліса”, летувісы за той жа колер назвалі ад слова “вавёрка” – voveruska.

Паколькі шкурка вавёркі або проста “вавёрка” была валютнай адзінкай ды і грашовай таксама, то гэтае балцкае слова вельмі хутка разляцелася па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, і ўжо ў 14-м стагоддзі мы сустракаем яго пад Бранскам, не кажучы ўжо пра тапонімы на тэрыторыі Гарадзеншчыны. Лідская Ваверка – таму прыклад. Старажытны горад Вавярэйск таксама меў у аснове назвы слова вавёрка.

Позні прыход слова вавёрка ў беларускую мову спрычыніўся да таго, што гняздо словаў з зыходным словам вавёрка ў нас у адрозненне ад летувіскай мовы зусім невялікае:

вавёрка;

вавёрачка;

ваверчаня.

Здаецца і ўсё.

              (Працяг у наступным нумары.)

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Купалле на Лідчыне
Культура

Купалле на Лідчыне

9 ліпеня 2024, 20:0427
Выстава „Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”
Грамадства

Выстава „Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”

13 снежня 2018, 10:5826
Мова Нанова: «Я тану!» крычаць толькі ў фільмах
Мова

Мова Нанова: «Я тану!» крычаць толькі ў фільмах

1 мая 2019, 14:4324
Восеньскія дні назірання за птушкамі
Грамадства

Восеньскія дні назірання за птушкамі

7 кастрычніка 2019, 15:5423
Далучайцеся да нас