У менскім выдавецтве “Тэхналогія” выйшаў з друку ўнікальны энцыклапедычны слоўнік-даведнік Янкі Саламевіча “Беларускія псеўданімы і крыптанімы (XVI-XX стст.)”. Гэта вялікі том, які налічвае 704 старонкі. На іх змяшчаецца 20.250 расшыфраваных псеўданімаў і крыптанімаў беларускіх літаратараў, навукоўцаў, грамадска-палітычных і культурніцкіх дзеячоў ад XVI да канца ХХ стагоддзя.
Слоўнік Янкі Саламевіча “Беларускія псеўданімы і крыптанімы (XVI-XX стст.)”, як напісаў у прадмове да выдання доктар філалагічных навук, прафесар Вячаслаў Рагойша, гэта непадуладны часу помнік, якім Янка Саламевіч (1938-2012), абяссмерціў сябе назаўсёды. І гэта, сапраўды, так.
Амаль усё жыццё даследчык і энцыклапедыст жыў сваім слоўнікам, збіраў яго, удакладняў. Першае выданне “Беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI-XX стст.)” Янка Саламевіч выдаў у 1983 годзе. Пасля пачаў далей шукаць і расшыфроўваць усё новыя і новыя псеўданімы і крыптанімы. Назбіралася іх на два-тры тамы. Таму не пакідала мара даследчыка выдаць дапоўнены слоўнік, патрымаць яго ў руках, парадавацца. Чаму я пра гэта пішу, ды таму, што шмат гадоў сябраваў са сваім старэйшым сябрам-земляком. Ён тэлефанаваў мне, пісаў у лістах, распавядаў пра новыя і новыя знаходкі, пісаў, як яму хочацца хутчэй падрыхтаваць слоўнік і выдаць. Распавядаў пра свае знаходкі і адкрыцці. Вось некалькі вытрымак з яго лістоў:
17 чэрвеня 1991 года. “Ажыццяўляю ідэю Генадзя Кісялёва – збіраю матэрыял да кнігі пра псеўданімы. Назаві свае, калі ласка, скажы, адкуль яны паходзяць…”
8 лютага 1998 года. “Генадзь Каханоўскі быў цудоўны чалавек, толькі Бог не даў яму пажыць. Прысвячу яму новае выданне свайго “Слоўніка беларускіх псеўданімаў” (калі ўдасца выдаць! У картатэцы ўжо 13 тысяч расшыфраваных)…”
11 лютага 1999 года. “Паабяцалі (Цьфу! Цьфу!) мне перавыдаць мой слоўнік псеўданімаў у 2-х тамах. Цяпер толькі ім і займаюся. Ужо перадрукаваў да літары С – 700 старонак. Да канца яшчэ многа работы. Давай псеўданімы журналістаў “Газеты Слонімскай”. Уключу з радасцю ўсіх…”
19 снежня 2007 года. “У другім томе майго слоўніка псеўданімаў будзе лацінка і паказальнік аўтараў (амаль энцыклапедыя, болей за 800 рукапісных старонак). Трэба будзе яшчэ перапісаць больш за 1000 старонак. Паказальніка, пакуль усё не зроблена, не перапішаш (там жа пералічваюцца і ўсе псеўданімы і крыптанімы кожнага)…”
27 снежня 2007 года. “Дабіваю першы том. Але ўсё вылазяць і вылазяць пытанні. Віталь Скалабан сказаў: “Не можаш зняць пытання – выкрэслівай, хопіць і таго, што набралася”. У 2008 годзе першы том слоўніка псеўданімаў павінен выйсці, хоць у канцы года…”
24 студзеня 2008 года. “За гэты месяц я падчышчу ўсе пытанні па першым томе. Калі звярстаюць, будзе 600-700 старонак. У другім томе – лацінка і паказальнік. Перапісваць давядзецца старонак 1000…”
21 траўня 2009 года. “Дабіваю слоўнік псеўданімаў. Дачка Вераніка ўносіць апошнія праўкі ў літару А. Пасля пашлем Ю. Гарбінскаму ў Варшаву. Літара А займае 102 старонкі.
Б. – стар.103-181. Таксама я ўжо закончыў. Пасля ўнясення правак можна адсылаць.
В. – стар.182-270. Засталося пару пытанняў. Але фактычна ўсё ўжо гатова.
Г. – стар. 271-330. Амаль гатова.
Д. – стар. 331-386. Амаль гатова.
Е. – стар. 387-398. Амаль гатова.
Ж. – стар. 398-415. Амаль гатова.
З. – стар. 416-459. Амаль гатова.
Як бачыш, не гультайнічаю. Каб не ацёк ног – усё было б добра. Гэтыя 459 старонак хочацца выслаць у маі…
Збіраю матэрыял да артыкула пра псеўданімы, якія хто каму параіў, або якія прыдумалі рэдакцыі. Напрыклад, у “Беларускай крыніцы” пад вершам Пятра Сакала (Масальскага) стаіць Гальяш Леўчык (верш “Беларускі сцяг”). У паштовай скрынцы напісалі Пятру Масальскаму: “Чаму пад вашым вершам не ваш подпіс – і самі не ведаем”.
Шнэку, аўтару “Драбаў”, параіў узяць псеўданім Хв. Ільяшэвіч, Міхаілу Гольдману (Міхасю Ясеню) – Алена Васілевіч, Эдзі Агняцвет – Я.Купала, артыстцы Вользе Галіне – Я. Колас. У рэдакцыі “ЛіМа” С. Ліхадзіеўскаму прыдумалі Л. Сцяпанаў, А. Лісу – Л. Арсенка і г.д. Матэрыялу – заваліся. Напрыклад, у “Крыніцы”, 1924, № 18, 16 ліпеня К.Сваяк піша, што подпіс “Сваяк” у № 2 “Грамадскага голасу” не яго. Такіх лістоў многа. А як дасюль Максіму Багдановічу прыпісваюць артыкул “Цензурные мытарства Н.А. Некрасова” ў “Голосе” пад літарай Б?. Але ж аўтар – У. Бурцаў. Нават вопытная Н.Б. Ватацы М. Багдановічу прыпісвала словы Я. Лёсіка “Беларусь, Беларусь, агнём імя тваё мне гарыць”. Думаю, што матэрыялу назбіраецца. І будзе артыкул. Чакаю тваю новую кнігу пра Беласточчыну, на якую буду спа-сылацца ў слоўніку псеўданімаў. Бывай здароў!..”
9 чэрвеня 2009 года. “Юрась Гарбінскі абяцаў прыехаць у Мінск пад 30 чэрвеня. Яму пасланы пачатак слоўніка псеўданімаў і літара А (102 старонкі). Ён дасць В. Кіпелю для прадмовы. Па літары А можна меркаваць, што гэта будзе за кніга. Хутчэй за ўсё будзе 3 ці 4 тамы…”
27 ліпеня 2009 года. “Пазаўчора першы том псеўданімаў (А-М) паехаў у Варшаву. Сёлета павінен выйсці. Едучы ў Паставы (ён з Паставаў), Юрась Гарбінскі абяцаў у жніўні прывесці вёрстку…”
16 верасня 2010 года. “Мой слоўнік псеўданімаў не выйдзе. Юрась Гарбінскі казаў, што ён цяпер у Я.Запрудніка. Нешта там рэдагуе, правіць. Што – невядома. Ды і немалады ўжо, з 1926 года…”
Гэта толькі невялікая колькасць вытрымак з лістоў Янкі Саламевіча да мяне, якія датычаць слоўніка псеўданімаў. Амаль у кожным лісце ён пісаў пра яго, але ніхто даследчыку пры жыцці выдаць слоўнік так і не дапамог: ні той Юрась Гарбінскі, ні Вітаўт Кіпель, ні Янка Запруднік… А так марыў пабачыць сваю працу мой зямляк!
І толькі цяпер, праз 12 гадоў пасля смерці Янкі Саламевіча, дзякуючы менскаму выдавецтву “Тэхналогія”, слоўнік выйшаў з друку. Бо без расшыфроўкі прыдуманых прозвішчаў не можа абысціся літаратура. Таму сістэматычны збор псеўданімаў і іх даследаванне пачаліся ў свеце з XVII cтагоддзя. Напрыклад, у 1674 годзе ў Гамбургу выйшла праца нямецкага юрыста Вінцэнта Плакцыуса “Пра творы і аўтараў ананімных і псеўданімных”. Бібліятэкар Напалеона I Антуан Барб’е ў 1806-1809 гадах выдаў 4-тамовы слоўнік французскіх псеўданімаў. Сучасны англійскі слоўнік псеўданімаў налічвае каля 60 тысяч, а нямецкі – каля 83 тысяч адзінак. У 1990-я гады выйшаў у свет новы 5-тамовы слоўнік пседанімаў польскіх пісьменнікаў. Падобныя слоўнікі псеўданімаў і крыптанімаў даўно пабачылі свет у Браціславе, Празе, Сафіі, Будапешце, выдаваліся такія слоўнікі ў Расіі і ва Украіне…
У Беларусі да Янкі Саламевіча ніхто працай над псеўданімамі і крыптанімамі грунтоўна не займаўся. Асобныя псеўданімы расшыфроўвалі Сцяпан Аляксандровіч, Адам Мальдзіс, іншыя даследчыкі. А вось Янка Саламевіч захапіўся імі сур’ёзна. І вынік – навідавоку.
Энцыклапедычны слоўнік-даведнік “Беларускія псеўданімы і крыптанімы” складаецца з трох частак: 1. Расшыфроўка псеўданімаў і крыптанімаў, якімі падпісваліся творы, выдадзеныя кірылічным шрыфтам. 2. Расшыфроўка псеўданімаў і крыптанімаў, якімі падпісваліся творы, выдадзеныя лацінскім шрыфтам. 3. Паказальнік аўтараў. Усяго персаналій у слоўніку згадваецца ажно 5130. Агульная структура слоўніка адпавядае прынятай у сусветнай практыцы сістэме падачы матэ-рыялаў такога тыпу.
Наогул, ніводзін слоўнік псеўданімаў не ў стане ахапіць усе выпадкі скарыстання выдуманых прозвішчаў у друку свайго народа. Не ахоплівае ўсіх беларускіх і праца Янкі Саламевіча. Многае яшчэ трэба даследаваць, расшыфраваць. Таму праца тут бясконцая. Можа хто некалі з маладзейшых даследчыкаў яе працягне, але ў гэта мала верыцца. Таму энцыклапедычны слоўнік-даведнік Янкі Саламевіча “Беларускія псеўданімы і крыптанімы (XVI-XX стст.)” застаецца помнікам у Беларусі і па-за яе межамі назаўсёды.
А цяпер хачу сказаць некалькі слоў пра свайго земляка, аўтара слоўніка, з якім сябраваў шмат гадоў.
Янка Саламевіч быў цудоўным чалавекам, вялікім беларускім энцыклапедыстам, роўнага якога ў Беларусі больш няма. Я не мог наталіцца яго ведамі, аповедамі пра нашу Беларусь, яе гісторыю, літаратуру, выданні і, вядома ж, людзей. З ім гутарыць можна было бясконца. З ім цікава было бываць на розных мерапрыемствам, фэстах, вяселлях, сустрэчах. Ён мог так развесяліць грамаду, што людзі проста “рвалі” жываты ад смеху, бо выдатна ведаў беларускі гумар, фальклор, ён ўмеў прыкмеціць і запомніць нейкае добрае слоўца, выраз, прымаўку. А пра землякоў сваіх з вёскі Вялікая Кракотка Слонімскага раёна Янка Саламевіч мог распавядаць бясконца. Ну, напрыклад, пра тое, як на судзе пры Польшчы судзілі беларускага селяніна. Пракурор кажа: “Прошэ паньства, оскаржоны обзывал сонсяда псэм”, а абвінавачаны суседу ў адказ: “Сабака ты, сабака! Калі я на цябе казаў пес?!”. Ці пра тое, як вясковая жанчына корміць бацюшку: “Ешце, ойча, ешча”. “Ем, ем, дарагая!” – адказвае бацюшка. “Ой, што вы тут ясце, гаўно вы ясце!” – чуе ў адказ.
А як ён файна згадваў сваіх бацькоў, іх крылатыя выразы, прымаўкі, слоўцы. Прывяду некалькі прыкладаў. Бацька пра маму, якая пачынала драмаць перад тэлевізарам і дзяўбла носам, казаў: “О, ужэ жыдоў возіць!”. А пра сучасную моладзь яго бацька казаў: “Вянец пад плотам, а вяселё потым”. А мама загадвала малым такую загадку: “Суну-пасуну, Трахім смяецца”. Ніхто з дзяцей не адгадваў. Потым яна тлумачыла: “Месяц відзён, калі адсунуць юшку ў коміне!”.
Да сённяшніх дзён жыцця спадар Янка памятаў розныя вясковыя кракоцкія выразы і тыя, якія яму казалі бацькі: зняхаліся (г. зн. злюбіліся), спадніца тоўста, як падруба; далікатны, як панскі цюцька; вада халодная, аж у зубы заходзіць; ідзе, як назаўтра; пляце смалянога дуба (гаворыць абы-што); ужэ налавіў рыбы (нацубарыў у пасцель) і г.д.
Трэба ж яшчэ згадваць і працы, жыццёвы шлях, і заслугі Янкі Саламевіча перад нашай Айчынай і народам. А заслуг у яго шмат. Янка Саламевіч у свой час скончыў Белдзяржуніверсітэт, абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1968 года працаваў у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя”, спачатку старэйшым навуковым супрацоўнікам, потым загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў, вядучым рэдактарам, пасля вядучым рэдактарам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі.
У 1972 годзе з друку выйшла яго манаграфія “Міхал Федароўскі”, прысвечаная чалавеку, які выяўляў мастацкія здабыткі беларускага народа і тым самым прычыніўся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларусаў перад светам. У кнізе аўтар разгледзеў і прааналізаваў жыццёвы і творчы шлях і навуковую дзейнасць Міхала Федароўскага, звярнуў увагу не толькі на яго песенную спадчыну, як гэта рабілася дасюль польскімі вучонымі, але і на казкі, прыказкі, загадкі, паданні, легенды, замовы і анекдоты. Потым з друку выходзіць яго першы ў Беларусі “Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў. XVI-XX стагоддзяў”. Былі іншыя кнігі, якія ён напісаў, склаў, падрыхтаваў, пераклаў. Сотні артыкулаў Янкі Саламевіча змешчаны ў розных беларускіх энцыклапедыях, даведніках, календарах. Іх трэба збіраць і выдаваць асобнай кнігай. А напачатку 1980-х гадоў мой зямляк на беларускім тэлебачанні вёў цудоўную перадачу “Роднае слова” і г.д. У 1976 годзе Янку Саламевічу, разам з некалькімі іншымі стваральнікамі Беларускай энцыклапедыі, была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі ў галіне навукі.
Сяргей ЧЫГРЫН.