У Сейлавічах, як і ўсюды, Дзяды адзначаліся 2 лістапада, але асвячэнне могілак ксёндз Пётр прызначыў на 9 лістапада. Народу з’ехалася не так шмат, аднак усе магілы і самі могілкі прыбраны, відно, што частка людзей пабыла тут 2-га.
Надвор’е было цудоўнае, атмасфера мірная і спакойная, па ўсіх могілках гарэлі зьнічы. Сёлета ксёндз Пётр маліўся толькі каля пярэдняга крыжа і асвячаў свежыя магілы і магілы з новымі помнікамі. Свежых магіл за год, можа, адна. Адыходзіць ў нябыт слаўная сейлавіцкая шляхта. Таму трохі пра могілкі. Называюцца яны Бажантарня, бо знаходзіліся некалі на краі радзівілаўскай фермы фазанаў. Фазан па-польску – бажант, то ферма – бажантарня. На месцы фермы – сёння чыстае поле.
У цэнтры могілак – каля 30 дрыговіцкіх курганоў 11-13 стагоддзя. Былі археалагічныя раскопкі. Паміж курганамі і вакол, у ніжніх пластах ляжыць радзівілаўская гусарыя.
Сейлавіцкая шляхта, як і шляхта іншых навакольных засценкаў пасаджана на гэтую землю князем Мікалаем Радзівілам Сіроткам.
Да Сіроткі Нясвіжскае княства было так сабе – сур’ёзнаму князю і павярнуцца то не было дзе. Князь М. Радзівіл Чорны паспеў зрабіць толькі невялікія зямельныя набыткі ў ваколіцах Нясвіжа (землі сяла Ліпа). Сіротка дакупіў вялікія абшары і ператварыў Нясвіжскае княства ў вялікую латыфундыю.
У гэты час Радзівілы пачалі рэалізоўваць і стратэгію ўпарадкавання структуры сваіх уладанняў. Цяжка сказаць, хто яе прыдумаў, можа, яшчэ Радзівіл Чорны, але Сіротка актыўна яе рэалізоўваў. Патрэбнасць у такой рэформе можна зразумець з «Попісу войска літоўскага 1567 года», дзе называюцца наступныя ўладанні і дзяржаўныя павіннасці Мікалая Сіроткі:
«Воеводич Виленский. Месяца ноябра 20 дня. Пан Миколай Криштоф Радивил з Олыки и Несвижа, кграбя на Шидловцу, ставил почту з ыменей своих — з Несвижа и з волостей, ку Несвижу прислухаючих, з Липска, з Лафы, з Шацка, з Клецка, з Городка, з Лебедева, з Дунилович, з Дубров и Недрезки, з Кгеранойн, з Лоздун, з Негневич, з Налибоков, з Узды, з Сенежич, з Олыки, з Радивилова, з Ыванчич, з Яблоней, з Озлимич, з Морд, з Голубли, з Свядосеи, з Сол, з Дусят, з Кревин, з Богушок, з Высокна, з Жомойток, з Возкгилишок, з Мусник, з Будивидишок, з Болоши, з Ворнян; с тых всих имений ставил всего почту коней пятьсот тридцать деветь збройно по гусарску — с тар., з др.. При том почте ставил его милость драбов пеших триста осмдесят шесть и ознаймил то, иж с повинности драбей 350, а на ласку господарску драбей 36».
Г.зн. Князь Радзівіл Сіротка павінен быў выстаўляць пры патрэбе 539 вершнікаў, узброеных па-гусарску, на самых лепшых рослых конях і з узбраеннем, адпаведным часу (панцыры, шлемы, дзіды, пістолі, корды ці шаблі, ну і крылы, як жа без іх), і ўсё ў сваім часе найлепшае. Павінен быў Сіротка выстаўляць 386 пешых драбаў – 350 па павіннасці і 36 з павагі да гаспадара краіны. Ну і дзе гэтую амаль тысячу браць? Трымаць такое рэгулярнае войска – ніякіх грошай не хопіць. Дзяржаўнае рэгулярнае войска яшчэ наперадзе. Іншыя магнаты мелі аналагічныя абавязкі, і кожны вырашаў праблему па-свойму. Слуцкія князі трымалі выбранецкія вёскі, з насельнікаў якіх выстаўлялі вызначаную вялікім князем колькасць воінаў. Радзівілы пайшлі іншым шляхам. Яны вырашылі фармаваць неабходнае войска з беднай, але гербавой шляхты. Шляхціц быў вольны жыць, дзе хоча, і Радзівілы пачалі склікаць да сябе бедную і зусім беззямельную, але радавітую, гербавую шляхту, надзяляць яе зямлёй за абавязак па першым слове выступаць на вайну пры неабходнай поўнай амуніцыі, у вызначаных барвах. Гэта было значна танней. У мірны час шляхта арала зямлю, сеяла жыта, пасвіла жывёлу, а ў патрэбны час ускоквала на каня і праз пару гадзін стаяла ў шыхце сваёй харугвы. У Радзівілаў бедная шляхта трапляла і ў драбы.
Сіротка надзяляў шляхту зямлёй бясплатна, аддаваў ва ўмоўнае трыманне (пераважна па 5 валок), з якіх шляхціц павінен быў выстаўляць у войска конніка-гусара. Сяліў Сіротка шляхту пры вёсках ці асобнымі паселішчамі. 5 валок – 110 гектараў нясвіжскай зямлі – гэта многа, і князь меў права патрабаваць ад шляхты вер-най і бездакорнай службы.
Бедная шляхта ахвотна ішла да Радзівілаў. Тым больш, што сам шляхціц у тыя гусары мог і не ісці, а паслаць дарослага сына. Сыноў было па трычатыры, то аднаго адправіць да князя было не цяжка.
Тыя крылатыя гусары, якія не палеглі ў чужых краях, і ляжаць на Бажантарні.
Паступова гусарыя адышла ў нябыт, шляхочыя двары падрабніліся. Скажам Секержыцкіх у Сейлавічах стала пад 10 сямей. Гектараў у кожнай сям’і моцна паменшала, і шляхта з зямянаў (землеўладальнікаў) перайшла ў разрад засцянковай. У 1936 годзе ў Сейлавічах было 129 двароў шляхты, 30 двароў было ў Ліпніцкіх – звыклых сейлавіцкіх устронях. Засценак Вінклераўшчына меў адзін двор. Разам гэта звыш 1000 чалавек. 1000 чалавек шляхты ў адным месцы. Пакаленне за пакаленнем неслі іх на гэтую Бажантарню. У Ліпніцкіх былі свае могілкі. Ліпніцкіх няма ўжо гадоў 60, а могілкі ёсць дагэтуль.
Бажантарня далёка ад Сейлавіч, кіламетраў тры. І дарога не лепшая. Палякі выдзелілі сейлаўцам два гектары зямлі пад могілкі недалёка ад касцёла, але, калі за пяць гадоў там нікога не пахавалі, то забралі тую зямлю назад.
1000 чалавек шляхты – вялікая сіла. І калі ў вайну гэтая шляхта заняла патрыятычную пазіцыю і пагалоўна паўстала супраць немцаў, то сітуацыя рэзка змянілася. У паліцыю не пайшоў ні адзін сейлавіцкі шляхціц. У савецкім партызанскім атрадзе ў суседнім Капыльскім раёне з’явілася так званая “польская рота”, а рэальна – шляхочая рота. Ляжаць гэтыя партызаны і на Бажантарні. Хто загінуў у вайну, хто памёр пасля вайны. І гэтыя партызаны, як казала мая маці – выратавалі Сейлавічы, а рэальна не толькі Сейлавічы. Пасля вайны ў Сейлавічах не раскулачылі і не вывезлі ні аднаго шляхціца. Партызаны.
Вось што хавае Бажантарня: дрыговічы, радзівілаўскія гусары, ёсць паўстанцы 1863 года і партызаны Вялікай Айчыннай. Светлая памяць ім усім.
Станіслаў Суднік.