У гомельскім выдавецтве “ТДА “Барк” выйшла з друку новая кніга Сяргея Чыгрына “Верталёт Бабы-Ягі”. На гэты раз аўтар прысвяціў яе юным чытачам.
У кнігу ўвайшлі п’есы-казкі для дзяцей. Гэта казкі цікавага зместу і сучаснага гучання. Яны вучаць юных чытачоў быць працавітымі, добрымі, шчырымі і справядлівымі. Адначасова высмейваюць гультайства, пляткарства і хцівасць.
П’есы аўтара нескладаныя для пастановак і выканання, яны паспяхова могуць быць выкарстаны ў школах, бібліятэках і тэатрах. Кожны рэжысёр-пастаноўшчык знойдзе ў гэтых тэкстах блізкі яму ідэйна-мастацкі стрыжань, які дазволіць стварыць цэласны, завершаны спектакль і падараваць выканаўцам і юным гледачам радасць творчасці.
Гэта ўжо не першая кніга Сяргея Чыгрына, якая была напісана для дашкольнікаў і школьнікаў. Раней аўтар выдаў зборнікі паэзіі “Слонік і гармонік”, “Загадка ад сінічак”, а таксама кніжку легендаў і паданняў “Камень-бацька і камень-сын”.
Міхась АКУЛКА.