З-прад веку вёска Гарні была дзяржаўнай маёмасцю і належала Лідскаму староству, але магла здавацца і ў арэнду. Гэтак па інвентары 1680 г. вёска знаходзілася ў складзе Лідскага староства, але ў пажыццёвым карыстанні ў палкоўніка Давыда Ярдана. За дзяржаўную службу лідскі стараста Ян Сцыпіён з жонкай атрымаў вёскі Гарні (1708 г.) і Пурcці (1711 г.) у Лідскім павеце. У 1718 г. з дазволу караля Аўгуста ІІ Моцнага Ян Сцыпіён перадаў Гарні свайму сыну Юзафу. У 1765 г. у вёсцы было 20 хат, у якіх жылі Саладухі, Скемішы, Драгуны, Ярмакі, Якоўчыкі, Мілеўскія, Савасцюкі і іншыя. Жыхары вёскі мелі наступныя павіннасці: “… ніякіх чыншаў і данін не плацяць, толькі па тры дні жанчыны і мужчыны ўзімку і ўлетку паншчыну адбываць павінны ў двары лідскага старасты. Таксама асобна летам з дома маюць даваць на жніво па адной жняі на тыдзень. Гэтыя ж падданыя па чарзе тыднёва вартаваць павінны. Калі патрэбна, жанчыны павінны выходзіць падсяваць збожжа”.
У старыя часы дарога з Ліды на Слонім, ці так званы Беліцкі гасцінец, ішла з Ліды на Гарні, Палубнікі і Любары, дзе быў пабудаваны вялікі мост цераз Дзітву. Як памяць пра гэты гасцінец, сучасная вуліца Інтэрнацыянальная (на гэтай вуліцы сёння знаходзіцца школа № 11), мела назву вуліца Гарнянская. Гэты раён горада быў забудаваны толькі на пачатку XX ст., калі Ліда ўжо мела чыгунку і немагчыма было адсюль напрасткі праехаць у бок Гарнёў, але жыхары горада яшчэ памяталі, дзе раней праходзіў стары Слонімскі тракт. Улетку 1938 г. Гарадская Рада вырашыла змяніць назву вуліцы Гарнянскай на Ягелон-скую, аднак гэта рашэнне яшчэ неабходна было зацвердзіць павятовым уладам. У дакументах 1939 г. вуліца яшчэ фігуруе як Гарнянская. Зараз тая частка вуліцы, якая яшчэ існуе ў нашым горадзе, мае назву Інтэрнацыянальная.
Дадам, што я нарадзіўся і да 17 гадоў жыў са сваімі бацькамі па вуліцы Інтэрнацыянальнай, і гэты куток нашага горада назаўсёды застанецца для мяне самым мілым і родным.
І сёння ў Гарнях існуе дэндра-парк – батанічны помнік прыроды мясцовага значэння. Парк быў закладзены па ініцыятыве царскай дзяржаўнай лясной аховы на паўднёвай ускраіне Ліды ў 1881 г. Лідскім ляснічым у той час быў губернскі сакратар Фёдар Мацвеевіч Сакалаў (на пасадзе з кастрычніка 1876 г.). За “польскім часам” тут знаходзілася галоўнае лясніцтва Лілскага павета. У снежні 1964 г. рашэннем Лідскага райвыканкама парк абвешчаны батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Плошча парку – 6,7 гектара. Тут расце каля двух тысяч дрэў і кустоў. Больш за паўтары тысячы дрэў, уключаючы рэдкія віды, перасягнулі векавую мяжу. Самае вялікае і старажытнае дрэва парку – цукровы клён, яму 139 гадоў, дыяметр ствала – 180 сантыметраў. Захаваліся алеі, пракладзеныя больш за 130 гадоў таму. Ёсць насаджэнні лістоўніцы сібірскай, хвоі веймутавай і звычайнай, белай акацыі, ліпы, дуб чарэшчаты, ясень звычайны, рабіна, елка калючая.
Паміж магутнымі волатамі размясцілася алея казак, на якой можна сустрэць казачных персанажаў, на адным з дрэў ёсць “вуха жаданняў” і кожны з наведвальнікаў можа прашаптаць туды сваё самае патаемнае жаданне якое абавязкова збудзецца. Маецца сапраўдны лабірынт, высажаны з 1415 туй. Праект лабірынта стварылі спецыялісты інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. На адной з самых велічных алей парку – ліпавай – ёсць ліпа і дуб, якія растуць практычна з аднаго кораня. На велізарнай паляне ўзвышаецца стыльная васьмікутная вясельная альтанка. Дзейнічае сапраўдны Музей гісторыі лясной гаспадаркі.
Пра гісторыю лясніцтва ў Гарнях вядома зусім мала, таму цікавай з’яўляецца е-мэйл Ігара Касінскага, які мне пераслаў лідзянін Павел Казак. Прадзед Красінскага працаваў ляснічым. Вось пераклад гэтага ліста:
“Калі каго цікавіць, як выглядала цяперашняя хата лесніка ў Гарнях і хто працаваў і жыў у гэтай хатцы ў 1926-1929 гг., дасылаю інфармацыю і фота.
У 1926 г. Зыгмунт Развадоўскі (мой прадзед па маці) служыў ляснічым у Лідскім лясніцтве ў суседняй з горадам вёсцы Гарні. З жонкай Нінай і дачкой Марыяй ён жыў у вялікім драўляным будынку.
Мой прадзед працаваў тут да 1929 г., а пасля выхаду на пенсію ўся сям’я пераехала ў Вільню, у дом па вул. Зыгмунтоўскай 22 (цяпер 11) на рацэ Вілія – каля Зялёнага Моста.
Зыгмунт Развадоўскі ў 1922 г. пачаў працаваць ў Дзяржаўным лясніцтве ў г. Гародні. Для атрымання гэтай працы па-трабавалася адпаведная адукацыя і прафесійны вопыт. І вось цікавы факт – з-за адсутнасці дыплома, які б сведчыў пра адпа-ведную адукацыю (ён застаўся ў лясным упраўленні ў Санкт-Пецярбургу) кваліфікацыя прадзеда была натарыяльна заверана ў Гарадзенскім акруговым судзе наступным акументам:
“Мы, ніжэйпадпісаныя, інспектар дзяржаўных лясоў Баляслаў Франкевіч і інспектар Друскінінкайскага лясніцтва Эўгенюш Жангаловіч, запэўніваем, што цяперашні інспектар Гарадзенскага лясніцтва Зыгмунт, сын Фелікса і Зоф’і з Астаневічаў Развадоўскіх, пасля заканчэння поўнага курсу навучання ў былой Пятроўскай акадэміі ў Маскве ў 1885 г. [Пятроўская сельскагаспадарчая акадэмія, цяпер універсітэт сельскай гаспадаркі імя К.А. Ціміразева ў Маскве], 13 снежня 1885 г. паступіў на дзяржаўную службу ў Расіі і бесперапынна працаваў у Лясным упраўленні на Чарнаморскім ўзбярэжжы, дзе апошняй яго пасадай была старшы інспектар дзяржаўных лясоў, г. з. 13 сакавіка 1920 г.”
Па фотаздымку леснічоўкі бачна, што яна пабудавана ў модным тады “Закапанскім стылі”, здаецца падобная леснічоўка стаіць (ці стаяла) недалёка ад Шчучына каля аўтадарогі Ліда – Гародня.
Магу яшчэ дадаць, што ў 1934 г. тэлефон Галоўнага лясніцтва ў вёсцы Гарні меў нумар 94, у 1939 г. актуальным быў усё той жа нумар, але галоўны ляснічы меў ужо свой тэлефонны апарат з дадатковым нумарам.