23 верасня, ва ўспамін святога айца Піо з П’етрэльчыны, біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў юбілей 75-годдзя з дня нараджэння.
Як паведаміла Прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі, з гэтай нагоды ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гародні адбылася ўрачыстая цэлебрацыя Эўхарыстыя, якую ўзначаліў годны юбіляр.
У ёй браў удзел таксама каад’ютар Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, які днём раней вярнуўся з Рыма, дзе праходзіў фармацыйны курс для новых біскупаў.
Святую Імшу разам з іерархамі канцэлебравалі святары з розных мясцін дыяцэзіі, якія 23 верасня ўдзельнічалі ў дні засяроджання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні. На ўрачыстай цэлебрацыі ў галоўный святыні горада над Нёманам прысутнічалі кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі.
Усе яны сабраліся разам як вялікая дыяцэзіяльная сям’я, каб падтрымаць юбіляра малітвай, падзякаваць Богу за дар яго жыцця, яго асобу і служэнне ў якасці першага біскупа Гарадзенскага, а таксама выказаць яму сваю любоў і падзяку.
Гамілію на святой Імшы прамовіў канцлер Курыі Гарадзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч. Засяродзіўшы ўвагу на літургічным чытанні гэтага дня, святар адзначыў, што з Евангелля ясна вынікае імператыў для сучасных людзей: свяціць для іншых. Гэтым святлом, патлумачыў ксёндз Аляксандр, з’яўляюцца словы, учынкі, асабістае сведчанне жыцця. Прамоўца заахвоціў дзяліцца гэтым святлом, дадаўшы, што такім чынам “будзем узбагачаны самі, бо, як запэўнівае Пан Езус, “хто мае, таму дадзена будзе” (пар. Лк 8, 18)”.
На заканчэнне гаміліі канцлер Курыі, які належыць да найбліжэйшых супрацоўнікаў біскупа, выказаў яму ўдзячнасць.
Ксёндз Аляксандр падзякаваў за тое, што ў асобе юбіляра “мы маем дасведчанага, надзейнага правадніка, праўдзівага пастыра, які з клопатам, любоўю і чуласцю вядзе шляхам да збаўлення даручаную яму аўчарню”.
Шмат цёплых пажаданняў і падзяк юбіляру прагучала таксама напрыканцы Імшы.
Ад імя духавенства і законных сясцёр Гарадзенскай дыяцэзіі да біскупа звярнуўся пробашч катэдральнай парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі. Іерарха павіншавалі ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі. Віншаванні выказалі семінарысты і навучэнцы Тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра ў Гародні, прадстаўнікі малітоўнага руху “Маргарытка”, госці з радзімы біскупа, Літвы, а таксама з Польшчы.
Да юбіляра звярнуўся біскуп Гуляй. Ён сказаў, што дзень нараджэння пастыра дыяцэзіі з’яўляецца, акрамя нагоды для ўдзячнасці, святам Касцёла, бо біскуп жыве і дзейнічае з упаўнаважання яго Езусам Хрыстом.
Каад’ютар Гарадзенскай дыяцэзіі дадаў, што на раніцы свайго жыцця сённяшні біскуп адказаў на заклік Бога, як калісьці Самуэль: “Вось я, Пане, распараджайся мной”, “дазволіў “звязаць сабе рукі” і ўклаў іх у рукі Пана, каб яны заставаліся ў Яго распараджэнні ў гэтым свеце”.
Іерарх адзначыў, што кожны біскуп “з’яўляецца рукамі і вуснамі Езуса Хрыста ў свеце, вядзе нас да Езуса і паказвае нам Яго”, “паказвае, што такое Касцёл, што такое пасланніцтва ў Касцёле”, “дапамагае кожнаму з нас распазнаць, якая наша місія ў гэты момант гісторыі збаўлення”.
Біскуп Гуляй, наступнік біскупа Кашкевіча на Гародзенскай дыяцэзіяльнай катэдры, пажадаў яму “заўсёды адчуваць далонь падтрымкі міласэрнага Бога”, каб з гэтай дапамогай ён мог “яшчэ доўга адчуваць і паказваць нам усім, усяму Касцёлу на Гарадзеншчыне, што дабрыня Бога з’яўляецца жыццём”.
Юбіляр сардэчна падзякаваў удзельнікам святкавання за прысутнасць і найперш за дар малітвы, якая кожны дзень плыве, нібы рака, з розных бакоў Гарадзеншчыны.
“У гэты важны для мяне дзень хачу сказаць тры словы: дзякую, выбачаюся і прашу”,- з узрушанасцю прызнаўся іерарх. Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў духавенству і законным сёстрам за тое, што можа разам з імі будаваць Нябеснае Валадарства на зямлі і ісці дарогай да святасці, выбачыўся за ўсе памылкі і недасканаласці і папрасіў працягваць спадарожнічаць яму малітвай, каб ён мог далей служыць Касцёлу.
Паводле: Прэс-службы Гарадзенскай дыяцэзіі. Фота: Станіслаў Бервячонак / Grodnensis.by.