25 верасня прайшла першая восеньская сустрэча ўдзельнікаў клуба “Кветкавод” Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Напачатку сустрэчы “кветкаводы” праслухалі паведамленне пра гародніну, якая вырошчваецца на градках, пра гісторыю яе з’яўлення, а таксама падрабязны распавед пра тое, які ўплыў на здароўе можа аказваць розная гародніна, якую гародніну трэба есці пры адпаведных захворваннях, а ў якіх ёсць супрацьпаказанні.
Госці дзяліліся сакрэтамі і рэцэптамі падрыхтоўкі розных саленняў і марынадаў, а таксама спосабаў нарыхтоўкі гародніны на зіму. Пасля сустрэчы ў канферэнцзале для ўдзельнікаў клуба была арганізавана экскурсія ў экалагічны цэнтр. У цэнтры “кветкаводы” змаглі палюбавацца рознымі відамі ландшафтнага дызайну: альтанкамі, горкамі, дарожкамі, вадаёмам, убачыць рэдкія для нашых месцаў дрэвы, бардзюрныя шматгодкі і аднагодкі, рэдкія лекавыя расліны, а супрацоўнік экалагічнага цэнтра Зубік Таццяна Яўгенаўна распавяла пра працу цэнтра і догляд раслін, каб яны былі прыгожымі як мага даўжэй.
ТК “Культура Лідчыны”.