23 верасня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка і грамадска-культурнага дзеяча Артура Вольскага (1924-2002)
Артур Вольскі нарадзіўся ў мястэчку Койданава ў сям’і пісьменніка Віталя Вольскага. Вучыў-ся ў 25 й Менскай узорнай чыгуначнай беларускай школе імя Аляксандра Чарвякова. Выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў гэтай школе працаваў пісьменнік Янка Маўр. Дзякуючы яго намаганням вучні добра ведалі родную мову, ганарыліся сваёй культурнай спадчынай. Артур Вольскі з дзяцінства захапляўся літаратурай і маляваннем. Яго першыя літаратурныя творы – апавяданне “Воўчае гняздо” і верш “Калі б быў бы я паэтам” былі апублі-каваны ў часопісе “Іскры Ільіча” ў канцы 1930-х гадоў.
У 1938-1941 гадах Артур Вольскі вучыўся ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы. У 1941 годзе сям’я Вольскіх трапіла ў г. Уральск, дзе юнак стаў працаваць мастаком у Беларускім дзяржаўным тэатры імя Якуба Коласа. У 1942 годзе Артур Вольскі стаў чырванафлотцам і на працягу 10 гадоў знаходзіўся на Далёкім Усходзе: быў мінёрам, боцманам, ваенным журналістам. За ўдзел у баях супраць Японіі быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.
Пасля дэмабілізацыі Артур Вольскі вярнуўся ў Менск і заняўся журналісцкай дзейнасцю. Працаваў у газеце “Чырвоная змена”, часопісах “Бярозка” і “Вясёлка”. У 1962 годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. У 1963-1966 і 1992-2000 гг. загадваў літаратурна педагагічнай часткай Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, у 1966-1978 гадах быў яго дырэктарам. У 1978-1979 гадах кіраваў Домам літаратара, а з 1980 года з’яўляўся літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР (з 1955 г. быў яго сябрам). У 1981-1984 гадах працаваў старшым рэдактарам выдавецтва “Юнацтва”, шмат часу аддаваў грамадскай дзейнасці.
У кнігах паэзіі Артура Вольскага “Водбліскі далёкіх маякоў” (1958), “Далёкія і блізкія прычалы” (1962), “Да-брата” (1966), “Выратавальны круг” (1974), “Строма” (1982) значнае месца адведзена апісанню службы маракоў.
Юным чытачам адрасаваны паэтычныя зборнікі “Маленькім сябрам” (1955), “Дзедаў госць” (1958), “Чырвоная зорка” (1961), “Чарнічка” (1964), “Рагатка” (1971), “Што такое мікра тое” (1971), “Лясныя мастакі” (1973), “Жывыя літары” (1973), “А куды падаўся дождж” (1974), “Ізумрудавы горад, дзе ты?..” (1977), “Еду ў госці да слана” (1978), “Сонца блізка ўжо зусім” (1984), “Дабяруся да нябёс” (1984), “Ад А да Я – прафесія мая” (1987), “Хлеб – усяму галава” (1989), “Казкі з праўдай напалам” (1996), “Адэльчыны ручнікі” (2002) і іншыя. Кнігі Артура Вольскага вучаць дзяцей працавітасці, паслухмянасці, узаемадапамозе, сяброўству, дабрыні, шчырасці, павазе да старэйшых і інш.
Плённа працаваў Артур Вольскі і ў жанры драматургіі. У суаўтарстве з Пятром Макалём напісаў п’есы “За лясамі дрымучымі” (1959) і “Марынка- крапіўніца” (1962). Артур Вольскі з’яўляецца аўтарам п’ес- казак “Сцяпан – вялікі пан” (1979, пакладзена на музыку Юрыем Семянякам і пастаўлена на сцэне Менскага тэатра музычнай камедыі як першая аперэта для дзяцей), “Тры Іваны – тры браты” (1985), “Граф Глінскі Папялінскі” (1986), “Каб не змаўкаў жаваранак” (1989). На Беларускім тэлебачанні пастаўлены спектаклі “Апошняя ноч Алаізы” (1986), “Водар папараці” (1989). Па творах Артура Вольскага быў зняты шэраг мультфільмаў.
Артур Вольскі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ст., “Знак Пашаны”, медалямі, граматамі Вярхоўнага Са-вета БССР. Ён з’яўляецца лаўрэатам прэміі імя Янкі Маўра.
У 1988 года Артур Вольскі быў адным са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Уваходзіў у склад некалькіх Соймаў БНФ, узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне ветэранаў вайны. Яго бацька Віталь Вольскі – аўтар славутай п’есы “Несцярка”, а сын Лявон – вядомы беларускі бард.
Паводле СМІ.