Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Нагода. Прыгадаем паэта Уладзіміра Шурпу

Нагода. Прыгадаем паэта Уладзіміра Шурпу

12 верасня 2024, 19:00 літаратура 41
Нагода. Прыгадаем паэта Уладзіміра Шурпу

Кожны раз, калі еду са Слоніма ў Гародню, з левага боку дарогі мільгане шыльдачка з назвай вёскі Саволеўка. І адразу прыпамінаецца мне цудоўны чалавек, таленавіты паэт і журналіст Уладзімір Шурпа (1939-1998), які быў родам з гэтай вёскі.

У жыцці пашанцавала мне з ім спаткацца пару разоў, пагутарыць, паразважаць пра літаратуру. Гэтыя сустрэчы адбываліся ў Слоніме, калі ён, працуючы на Гарадзенскім абласным радыё, прыязджаў у горад над Шчарай у камандзіроўкі. Гэта ён прапанаваў мне даць свае вершы на абласное радыё, якія там гучалі, а таксама дасылаць інфармацыі на абласное радыё са Слонімшчыны. Што я і рабіў.

Уладзімір Шурпа быў невысокага росту, любіў хадзіць з сумкай на левым плячы і, здаецца, часта курыў цыгарэты. Ён быў вопытным журналістам, прайшоў педагагічную школу. У Саволейцы Уладзімір Шурпа нарадзіўся 9 верасня 1939 года ў сялянскай сям’і. Скочыў сямігодку ў Абухава Гарадзенскага раёна, а потым філалагічны факультэт Гарадзенскага педінстытута імя Янкі Купалы.

Кім толькі ў жыцці не давялося юнаку працаваць: і прыцэпшчыкам, і вагаўшчыком на камбайне, і трактарыстам, і электрыкам. А пасля інстытута – шмат гадоў аддаў педагогіцы, быў настаўнікам, дырэктарам вячэрняй школы, дырэктарам СШ у вёсцы Чарнелі Іўеўскага раёна, дырэктарам СШ у вёсцы Каменка Гарадзенскага раёна. А з 1974 года ён працаваў журналістам на Гарадзенскім радыё.

У вольны час Уладзімір Шурпа пісаў артыкулы, апавяданні і вершы. Многія з іх друкаваліся ў “Гродзенскай праўдзе”, у калектыўных зборніках і альманахах. У 1996 годзе ён яшчэ паспеў выдаць свой адзіны зборнік паэзіі “Перазвон адліг”.

З Уладзімірам Шурпам добра сябраваў лідскі паэт Уладзімір Васько. Калі я запытаў у Уладзіміра Гаўрылавіча пра Шурпу, дык ён з радасцю распавёў і прыгадаў той час, калі яны вучыліся і сябравалі:

– Калі я паступіў у Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы (1960), Уладзімір Шурпа ўжо вучыўся на трэцім курсе. Аднак мы з ім даволі хутка зблізіліся і пасябравалі. Разам хадзілі ў рэдакцыю газеты “Гродзенская праўда” на літаб’яднанні, выступалі на абласным радыё. Старэйшыя пісьменнікі Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк, калі ў нас крыху памацнелі паэтычныя крылы, бралі нас іншы раз з сабой выступаць у школах, тэхнікумах, воінскіх часцях, у раённых цэнтрах. Помняцца, напрыклад, паездкі ў Ваўкавыск, Свіслач. Акрамя рэдакцыі “Гродзенскай праўды” мы з Валодзем Шурпам хадзілі і ў рэдакцыю гродзенскай раённай газеты “Сельская новь”, літаратурным аб’яднаннем у якой кіраваў паэт і даследчык, інспектар раённага аддзела адукацыі Апанас Цыхун. У гэтай газеце таксама друкавалі нашы вершы. Уладзімір Шурпа быў здольным паэтам, гарэзным, гаваркім, разумным хлопцам. На жаль, яму пры жыцці ўдалося выдаць толькі адзін зборнік вершаў “Перазвон адліг” (1996).

У суботнія і нядзельныя вечары Валодзя звычайна браў у рукі гармонік, на якім добра іграў, і праходзіў па калідорах інтэрната з чацвёртага па першы паверхі, выводзячы мелодыі беларускай полькі ці вальса. Гэта быў сігнал для хлопцаў і дзяўчат збірацца на танцы. Яны ладзіліся на нашым другім паверсе ў фае.

Спачатку іграў Шурпа, пасля яго змянялі Коля Петрыкевіч ці Алесь Пятроўскі. Часам мы Валодзю запраэшалі ў свой 45-ы пакой і казалі: “Ну, Вовік, ідзі адгавейся. Ты ўжо, відаць, стаміўся…”. Налівалі яму поўную шклянку партвейну, і ён залпам асушваў яе да дна. Ажыўлялася гамонка, гучаў смех. А пасля мы ўсе разам зноў ішлі на танцы. Помніцца такі выпадак. Неяк Данута Бічэль запрасіла Апанаса Цыхуна, Валодзю Шурпу і мяне выступіць у школе рабочай моладзі, дзе яна пасля заканчэння педінстытута выкладала беларускую мову і літаратуру. Апанас Пятровіч дабіраўся туды сваім ходам, а я з Шурпам па дарозе заехалі на кватэру яго брата. Валодзя хацеў напрасаваць штаны. Дома нікога не было. Ён разагрэў прас і, не вы-ключаючы яго, пачаў прасаваць. А час нас прыспешваў. І я Шурпу нават крыху падганяў. Неўзабаве ён хуценька надзеў яшчэ цёплыя штаны – і ў калідор, дзе я ўжо гатовы быў адчыніць дзверы. Шнура ж з разеткі ветраны паэт не выцягнуў. Мы добра даехалі да школы, няблага выступілі. Але, калі вярнуліся на кватэру яго брата, убачылі, што чуць у кватэры не адбыўся пажар: прас прапаліў стол і ўпаў на падлогу. На падлозе ён таксама прапаліў немалую пляму. Валодзя вельмі перажываў: “Перападзе мне ад брата. Адбярэ ключ”. Я стараўся яго суцешыць: “Дык стол жа стары. Чаго яго так ужо шкадаваць. Купіць новы”.

На другі дзень мы заглянулі ў кабінет Апанаса Цыхуна і расказалі яму пра гэта здарэнне. “Ну і шалапуты, – папракнуў нас Апанас Пятровіч, – маглі б нарабіць пажару…”.

9 верасня Уладзіміру Шурпу споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння. А ўжо 26 гадоў, як яго няма сярод нас. Засталіся толькі вершы паэта. Два з іх прапаную чытачам “Нашага слова”. Яны друкуюцца са зборніка “Краю мой – Нёман” (Мн., 1986).

Сяргей ЧЫГРЫН.

 

Сыну

 

Амаль дарослы ты ў мяне –

Так хутка вымахаў угору.

Учора, як званок, звінеў,

А сёння ўжо баском гаворыш.

Імкнешся раптам узысці,

Дзе найвышэй, і не іначай,

Яшчэ мяркуеш аб жыцці

З катэгарычнасцю юначай.

А трэба ўсё рабіць, як след –

Не на гатовенькім папасе.

Перад табою цэлы свет

І сталасць мудрая ў запасе.

Як адужаеш, смела кроч

Насустрач марам светлым, сынку.

Не аступайся і не збоч,

Тапчы ў жыцці сваю сцяжынку.

 

***

 

Пад сонечнай ласкай прасторна для мар.

Далоў непагоду з аблокамі ніцымі!

Калі ж небасхіл не бывае без хмар,

Дык хай яны пояць зямлю навальніцамі.

На чыстым паветры настрою уздым.

Вітаю расінку і рупнасць грачыную.

Калі ж над планетай віхурыцца дым,

Няхай ён па-мірнаму пахне айчынаю.

Сяброўства і шчырасць адносін статут,

Каб людзі не ведалі здрады і пошасці.

Калі ж немагчыма пражыць без пакут,

Няхай яны будуць пакутамі творчасці.

Шчаслівым заўжды заставацца хачу.

Вядома, не песціцца ў вечнай параднасці.

Калі ж заняволяцца слёзы ўваччу,

Няхай яны льюцца ад радасці.

Уладзімір Шурпа, 1986 г.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3621
Я краінай сваёй ганаруся
Культура

Я краінай сваёй ганаруся

4 лютага 2025, 16:3118
Час прывёў на Парнас
літаратура

Час прывёў на Парнас

21 лютага 2025, 09:0418
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
Далучайцеся да нас