Беларускаму паэту-песенніку Міхаілу Ясеню (1924-2006) 18 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння.
На песнях, створаных на словы паэта Міхаіла Ясеня (Міхаіла Гольдмана), вырасла не адно пакаленне беларусаў. Іх любяць і помняць, яны гучаць на тэлебачанні і радыё, іх спяваюць вядомыя артысты (Яраслаў Еўдакімаў, Тамара Раеўская і іншыя), і самадзейныя выканаўцы. Гэта – “Памяць сэрца”, “Ліст з 45-га”, “Майскі вальс” – адны з лепшых песень аб Вялікай Айчыннай вайне, і напісаны яны менавіта на словы Міхаіла Ясеня.
Міхаіл Ясень нарадзіўся 18 жніўня 1924 года ў Менску. Вучыўся ў школе, рана навучыўся чытаць і захапляўся творамі Якуба Коласа, Янкі Маўра, Змітрака Бядулі. Пасля заканчэння восьмага класа, вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме. Вайна застала юнака на занятках па геадэзіі. Разам з сям’ёй Міхаіл пешшу ішоў да Барысава і праз пэўны час апынуўся ў Сталінградзе, дзе ўладкаваўся на завод. У жніўні 1942 года стаў чырвонаармейцам, быў артылерыйскім разведчыкам, сувязістам, тапографам. Да канца вайны юнак знаходзіўся на Волхаўскім фронце, прымаў удзел у прарыве блакады Ленінграда, штурмаваў лінію Манергейма, быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За адвагу”, “За абарону Ленінграда”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай Вайне 1941-1945 гг.” і іншымі. Да красавіка 1947 года служыў у Германіі.
Пасля дэмабілізацыі менчанін вярнуўся ў родны горад, закончыў школу рабочай моладзі і Беларускі політэхнічны інстытут, працаваў інжынерам-канструктарам. Атрымаў 15 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы, стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу тэхнічнай творчасці (1966), быў узнагароджаны срэбным медалём ВДНГ СССР.
Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца напачатку 1950-х гадоў, падчас вучобы ў інстытуце. У гэты час Міхаіл Ясень быў рэдактарам насценнай газеты, пісаў вершы, гумарэскі, сцэнарыі студэнцкіх вечарын, некалькі яго вершаў з’явіліся ў перыядычным друку. Лёс звёў паэта-пачаткоўца Міхаіла Ясеня з маладым кампазітарам Дзмітрыем Смольскім. Тандэм Ясень-Смольскі даў добры плён: з’явілася шэраг песень, сярод якіх “Матулі чакаюць сыноў”, “Салдаты, салдаты…”, аднак сапраўдную вядомасць набыла песня “Абеліскі”.
Паўвеку доўжылася творчая праца Міхаіла Ясеня. За гэты час паэт напісаў больш за сотню вершаў, вялікая колькасць якіх стала песнямі. Сусветная вядомымі сталі “Памяць сэрца”, “Ліст з 45-га”, “Майскі вальс”, “Здымак у газеце” на музыку Ігара Лучанка. Песня “Памяць сэрца” ў выкананні Віктара Вуячыча атрымала першую прэмію на першым Усесаюзным конкурсе на лепшае выканане савецкай песні ў кастрычніку 1966 года.
З Міхаілам Ясенем супрацоўнічала каля пяцідзесяці беларускіх кампазітараў, сярод якіх: Яўген Цікоцкі, Уладзімір Алоўнікаў, Леанід Захлеўны, Уладзімір Буднік, Эдуард Зарыцкі, Віктар Войцік… Усе творцы адзначалі, што вершы Міхаіла Ясеня, нягледзячы на іх знешнюю прастату, валодаюць надзвычайнай музычнай вобразнасцю і самі кладуцца на музыку. Вельмі плённым стала супрацоўніцтва паэта з Леанідам Захлеўным. Каля чатырох дзясяткаў песень стварыў кампазітар на словы Міхаіла Ясеня. Сярод іх: “Гісторыя аднаго кахання”, “Буйніцкае поле”, “Перамога”, “Дзявятае мая”, “Бацькоў не забывай”, “Міласэрнасць”, “Вяргіня” і іншыя.
Паводле СМІ.