Алег Анатольевіч Трусаў (нар. 7 жніўня 1954 года) – археолаг, гісторык беларускай архітэктуры, адзіны ў краіне выкладчык гісторыі філатэліі ў Беларусі. Кандыдат гістарычных навук (1981). Палітык і грамадскі дзеяч, на працягу 18 гадоў старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. З 2017 па 2021 год – Ганаровы старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны.
Алег Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 года ў горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці. У 1976 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У перыяд з 1976 па 1992 год працаваў у Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце загадчыкам аддзела комплексных навуковых даследаванняў. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1996 да сакавіка 1998 года – дэкан факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэмаў Беларускага ўніверсітэта культуры. Цяпер дацэнт Кафедры гісторыка-культурнай спадчыны. У 1990 годзе быў адным з заснавальнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.
Алег Трусаў праводзіў археалагічныя раскопкі ў Менску, Лідскім замку і іншых мясцінах Беларусі.
Прымаў удзел у абвяшчэнні дзяржаўнага суверэнітэту і поўнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адзін з распрацоўшчыкаў афіцыйнай выявы дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь “Пагоня”, бел-чырвона-белага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і наверша да яго.
У 1990-1996 гады – дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання. З 1990 па 1995 год – намеснік старшыні камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны.
У 1995-1996 гады Трусаў двойчы балатаваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета XIII склікання, двойчы праходзіў у другі тур, аднак у Вярхоўны Савет не трапіў.
Сябар Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Старшыня БСДП (Г) у 1992-1995 гадах.
У 1989 годзе Трусаў выступіў адным з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы. У красавіку 1997 года абраны Рэспубліканскай Радай першым намеснікам старшыні ТБМ. На VI з’ездзе ТБМ 17 красавіка 1999 года абраны старшынём Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якім кіраваў да 2017 года.
Уваходзіў у склад рэдкалегіі газеты “Наша слова”. Быў чальцом рэдкалегіі часапіса “Беларуская мінуўшчына”. Узначальваў таварыства “Беларусь-Іспанія”, доўгі час быў сябрам Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Адзін з ініцыятараў стварэння Універсітэта імя Ніла Гілевіча.
Аўтар больш, чым 150 навуковых публікацый, сярод якіх некалькі манаграфій. Як археолаг і гісторык архітэктуры займаецца вывучэннем манументальнага дойлідства XI-XVIII стагоддзяў.
Распрацаваў методыку архітэктурна-археалагічнага вывучэння манументальных помнікаў Беларусі, прасочваў эвалюцыю асноўных тыпаў муровак і будаўнічых матэрыялаў.
Манаграфіі:
Трусов, О. А. Памятники монументального зодче-ства Белоруссии XI-XVII вв. Архитектурно-типологический анализ. Мн.: Наука и техника, 1988. – 157 с. – ISBN 5-343-00312-5
Трусаў, А. А. Старонкі мураванай кнігі: Манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму. Мн.: Навука і тэхніка, 1990. – 190 с. – 2000 экз. – ISBN 5-343-00601-9
Трусаў, А. А. Беларускае кафлярства / Беларус.ін-т прабл.культуры. Мн., 1993. – 55 с. – 5000 ас. – ISBN 5-7815-1102-4
Трусаў, А. А. Манументальнае дойлідства Беларусі ХІ-XVIII стагоддзяў. Гісторыя будаўнічай тэхнікі. Мн., 2001. – 203 с. – ISBN 985-6305-29-2
Алег Трусаў. Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах. – Мінск: Кнігазбор, 2009. – 152 с. – 500 ас. – ISBN 978-985-6930-44-0 і інш.
Трусаў, А. А. Эвалюцыя будаўнічых матэрыялаў і тэхнікі манументальнае дойлідства Беларусі ХІ-XVIII стст. Мінск, БДУКМ, 2020. – 306 с. – ISBN 978-985-522-241-6 і іншых кніг.
Суаўтар кніг па гісторыі суседніх з Беларуссю краін.
На сёння ў друкарню здадзены рукапіс кнігі Алега Трусава з рабочай назвай “Мой шлях да Беларусі“.
Рэдакцыя газеты “Наша слова.pdf” віншуе Алега Анатольевіча з 70-годдзем і жадае здароўя ды сілаў дзеля служэння Беларусі.