Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Нунцый Ёзіч на фэсце ў Будславе пакінуў беларускім вернікам свой духоўны запавет

Нунцый Ёзіч на фэсце ў Будславе пакінуў беларускім вернікам свой духоўны запавет

9 ліпеня 2024, 19:37 Грамадства 14
Нунцый Ёзіч на фэсце ў Будславе пакінуў беларускім вернікам свой духоўны запавет

6 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшлі цэнтральныя ўрачыстасці сёлетняга Будслаўскага фэсту, падчас якога адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Гэты фэст стаў апошнім у служэнні ў нашай краіне Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча, якога 28 чэрвеня Папа Францішак прызначыў на новую місію ў Грузію і Арменію.

На плошчы перад Нацыянальным санктуарыем нунцыя Ёзіча сустрэлі беларускія біскупы і прадстаўнікі дзяржаўнай улады.

Па запрашэнні Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага прадстаўнік Папы Францішка ўзначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, якую канцэлебравалі ўсе каталіцкія біскупы Беларусі, Апостальскі адміністратар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і больш за пяць дзясяткаў святароў з розных мясцін з усіх дыяцэзій Беларусі.

У прамоўленай гаміліі нунцый Ёзіч перадусім адзначыў сваю радасць ад магчымасці ўзначаліць літургічную цэлебрацыю ў Нацыянальным Марыйным санктуарыі і разам з беларускімі вернікамі маліцца і дзякаваць Маці Божай Будслаўскай за ўсе ласкі, атрыманыя ў жыцці.

– Цудатворны Будслаўскі абраз, які мы штогод ушаноўваем у гэтым санктуарыі, з’яўляецца святыняй, якая на працягу стагоддзяў ахоўвае не толькі жыхароў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але кожнага верніка і грамадзяніна Беларусі, хто да яе звяртаецца.

Я таксама як пілігрым кожны год прыязджаў у Будслаўскі санктуарый, і гэта ўжо чацвёрты раз з таго часу, як Святы Айцец Папа Францішак прызначыў мяне нунцыем у гэтай краіне.

Цяпер, калі мая касцёльная місія тут заканчваецца ў бліжэйшыя некалькі месяцаў, я карыстаюся гэтай цудоў-най магчымасцю, каб звярнуцца да вас з пасланнем удзячнасці і духоўным запаветам, які я хацеў бы даць вам перад тым, як пакінуць Беларусь пасля вельмі інтэнсіўнага перыяду жыцця і служэння Касцёлу тут, які мы дзялілі разам у радасцях і смутках.

Прызнаюся вам, што з першага моманту майго прыезду ў Беларусь абраз Маці Божай Будслаўскай заўсёды суправаджаў усю маю дзейнасць і кожны дзень, праведзены ў гэтай краіне. Дзякуючы Маці Божай Будслаўскай я пазнаў мужную веру беларускага народа, які ўмеў захоўваць і працягвае берагчы веру, перададзеную вашымі дзядамі і прадзедамі.

За гэтую веру, заснаваную на глыбокім духоўным перакананні і евангельскіх каштоўнасцях, я выказваю сваю ўдзячнасць кожнаму з вас, прысутных тут, а таксама тым, хто не змог прыйсці і застаўся дома, — сказаў Апостальскі нунцый.

Завяршаючы служэнне ў Беларусі, нунцый Антэ Ёзіч пажадаў пакінуць беларускім вернікам свой запавет, “які адпавядае таму, што Святы Айцец Папа Францішак часта прамаўляе да нас”. Гэта духоўны запавет, які дапаможа вам заставацца адзінымі ў цяжкія часы.

– Дарагія браты і сёстры, дарагія беларусы, ваша гісторыя навучыла вас заўсёды быць мірнымі і вернымі свайму пакліканню. Будзьце і надалей будаўнікамі міру ў сучасным свеце, заўсёды несучы з сабой радасць і братэрскую еднасць! Абараняйце сваю хрысціянскую веру розных традыцый, перададзеных вам вашымі дзядамі і прадзедамі, заўсёды шукаючы натхнення і паратунку для вас і вашых сем’яў!

Заўсёды выходзьце насустрач братам і сёстрам у патрэбе, як навучыла нас Марыя сваім наведваннем Альжбэты! Беражыце хрысціянскія і сямейныя каштоўнасці, заснаваныя на слове Хрыста, якое з’яўляецца адзіным падмуркам нашага існавання! Заставайцеся вернымі сведкамі Маці Божай і нашай Маці, Будслаўскай Багародзіцы, да якой вы штогод пілігрымуеце, праходзячы шмат кіламетраў!

Заставайцеся побач са сваімі біскупамі і святарамі, якія пасланыя абвяшчаць вам Слова Пана! Яны таксама будуць маліцца за вас і шчодра дапамагаць вам праз сакрамэнты Касцёла.

Дарагія браты біскупы, дарагія святары, манахі і манахіні, семінарысты і катэхеты, заўсёды заставайцеся адзінымі і вернымі свайму пакліканню, чулымі да патрэбаў братоў і сясцёр, даручаных вашай апецы. Выяўляйце сваю канкрэтную любоў да іншых і давайце сведчанне таго, што Езус з’яўляецца Збаўцам свету.

На заканчэнне гаміліі ён асаблівым чынам заахвоціў да малітвы за мір, «заснаваны на чалавечай годнасці і міжнародным праве, аднолькавым для ўсіх».

Тэкст: Мікола Гракаў.

Фота: Віктар Ведзень.

Catholic.by.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
Свой край вывучай. ВЯРТАННЕ  З  НЯБЫТУ
Культура

Свой край вывучай. ВЯРТАННЕ З НЯБЫТУ

28 кастрычніка 2019, 18:5315
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0015
Далучайцеся да нас