Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Марыйнасць – гэта наша тоеснасць

Марыйнасць – гэта наша тоеснасць

9 ліпеня 2024, 19:26 Грамадства 14
Марыйнасць – гэта наша тоеснасць

Увечары 5 ліпеня на палявым алтары перад Нацыянальным санктуарыем Маці Божай Будслаўскай адбылася першая святая Імша сёлетняга фэсту, які праходзіць пад дэвізам: “Найсвяцейшае Сэрца Езуса – супакой і паяднанне нашае”.

Цэлебрацыю для пілігрымаў, якіх сёлета толькі на роварах і пешкі прыбыло 1982 чалавекі, узначаліў каад’ютар Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. Для наймалодшага ў Беларусі каталіцка іерарха гэтая Эўхарыстыя стала яго “біскупскай прыміцыяй” на Будслаўскім фэсце.

 Як прызнаўся на пачатку Імшы сам біскуп Гуляй, у сувязі з гэтым ён сапраўды адчуваў хваляванне, як быццам новапрэзбітэр, які ўпершыню складае Эўхарыстычную ахвяру.

– Такое хваляванне адчуваецца тады, калі сустракаюцца сэрцы, перапоўненыя любоўю; любоўю, якой хочацца дзяліцца, якая нібы вырываецца з нашых сэрцаў, – сказаў іерарх, дадаўшы, што падчас Эўхарыстыі “Бог дакранаецца да нашага сэрца, каб учыніць яго падобным да Сэрца Езуса”.

 Біскуп Гуляй цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх прысутных на фэсце, за ўсіх пілігрымаў, за іх сем’і і родных, за ўсіх хворых і церпячых, за моладзь і дзяцей.

Разам са сваім малодшым сабратам яе канцэлебравалі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які напачатку прывітаў усіх прысутных, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральныя вікарыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, найстарэйшы беларускі іерарх Казімір Велікаселец з Гомеля, а таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У канцэлебрацыі бралі ўдзел таксама дзясяткі святароў з усіх дыяцэзій Беларусі, многія з якіх самі прыйшлі і прыехалі на роварах як пілігрымы.

 У прамоўленай гаміліі біскуп Гуляй засяродзіўся на ролі Марыі ў духоўным жыцці вернікаў і ў справе збаўлення.

– У цябе, дарагі брат і сястра, ёсць Марыя. Трымайся Яе Сэрца, трымайся кожны дзень, – заахвоціў удзельнікаў фэсту іерарх. Ён патлумачыў, што Марыйны характар нашай веры – не проста адна з магчымых праяваў пабожнасці або формаў духоўнасці.

– Марыйнасць – гэта наша тоеснасць. Гэта не адзін з магчымых шляхоў, а толькі праўда пра нашу веру. Мы наскрозь марыйныя, бо, па волі самога Езуса, з’яўляемся Яе дзецьмі, – падкрэсліў біскуп. Ён дадаў, што Езус пажадаў прыйсці на свет, прыняўшы цела з Панны Марыі, каб наблізіцца да чалавека, і таксама дзякуючы Ёй чалавек набліжаецца да Бога.

 Усё зямное жыццё Ёзуса – ад Бэтлеема да Галготы – было непарыўна звязана з Марыяй.

– Першыя і апошнія абдымкі, якія Яго тулілі, – гэта абдымкі Марыі. Пад Яе апекай Ён рос і ў Яе прысутнасці на працягу 30-ці гадоў рыхтаваўся да сваёй трохгадовай місіі. Значыць, прабываў з Марыяй у дзесяць разоў даўжэй, чым з апосталамі, – заўважыў біскуп Гуляй.

– Марыя – самы пэўны, самы кароткі і самы дасканалы сродак, каб дайсці да Езуса Хрыста, – нагадаў пастыр словы святога Людвіка Марыі Грыньён дэ Манфора, дадаўшы, што марыйнасць не можа абмяжоўвацца толькі знешнімі праявамі, а павінна быць наступствам таго, што адбываецца ў сэрцы, каб будаваць з Ёю адносіны і любіць Марыю дзеля Яе самой, а не дзеля атрымання нейкіх дабротаў. Іерарх адзначыў, што з Марыяй чалавек вучыцца любіць Езуса і Касцёл усё больш і больш дасканала: любоўю, якая радуецца праўдзе, “якая ўсё церпіць, нават спакусу”. Паводле біскупа, праз Марыю мы можам дакрануцца да неба, якое ў Маці Божай яднаецца з зямлёю.

– Яднайся з Ёю і давярай Ёй, як наш беларускі народ, які вякамі шануе Яе як Маці і Каралеву. Як нашыя продкі, аддай Ёй уладу над сваім жыццём, калі ўсё навокал хістаецца. Яна здабудзе дабро таксама з цябе і з тваіх блізкіх, і тады мы атрымаем сілу, каб паўстаць,- сцвердзіў іерарх.

 На заканчэнне гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй заахвоціў усіх прысутных прысвяціць сябе Маці Божай: “Увесь Твой я, і ўсё, што маё, Табе належыць”.

Напрыканцы Імшы адказны за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Алег Хмылко і біскуп Алег Буткевіч запрасілі юнакоў і дзяўчат на Чацвёртыя агульнабеларускія дні моладзі, якія ў гэтым месяцы пройдуць у Браславе, пасля чаго адказны за душпастырства моладзі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак прадставіў усе пешыя і роварныя пілігрымкі, якія сёлета прыйшлі на Будслаўскі фэст.

Тэкст: Мікола Гракаў.

Фота: Віктар Ведзень.

Catholic.by.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0018
Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка
Навука

Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка

1 снежня 2020, 20:0016
Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс.  ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ
Мова

Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс. ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ

9 лютага 2022, 22:2215
Вырай «Вурая»
Грамадства

Вырай «Вурая»

9 лістапада 2018, 09:2215
Далучайцеся да нас