Горад Ліда быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 08.07.1944 г. на працягу трох гадзін у выніку імклівай атакі трох конных палкоў. Непасрэдны ўдзел у вызваленні горада Ліда прымаў 3-ці гвардзейскі кавалерыйскі корпус пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Аслікоўскага Мікалая Сяргеевіча.
Бой за горад прайшоў у галавакружным тэмпе. На будынку гебітскамісарыята (каледж) быў усталяваны Чырвоны сцяг. Страты немцаў былі значнымі. У баях за Лідчыну кавалерысты знішчылі звыш 1500 салдат і каля 1200 захапілі ў палон.
09.07.1944 г. Масква салютавала войскам 3-га Беларускага фронту за вызваленне Ліды 12 артылерыйскімі залпамі з 124 гармат. 25.07.1944 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Саюза ССР вайсковым часткам, якія вызначыліся пры вызваленні горада, было прысвоена ганаровае званне “Лідскія”. Сярод іх: 17-ты гвардзейскі кавалерыйскі полк (камандзір палкоўнік М.Ц. Шаўчэнка), 23-ці гвардзейскі кавалерыйскі полк (камандзір палкоўнік А. Бондар), 86-ты – гвардзейскі кавалерыйскі полк (камандзір палкоўнік А. Труханаў), 307-ая штурмавая авіяцыйная дывізія (камандзір палкоўнік А. Кажамякін). Сяргей Іванавіч Балгарын – яфрэйтар 32 Смаленскай кавалерыйскай дывізіі быў ганараваны званнем Героя Савецкага Саюза. У прадстаўленні паведамлялася, што кулямётчык С. Балгарын знішчыў у баі камандзіра 3-га паліцэйскага палка – палкоўніка СС, узнагароджанага трыма крыжамі, і больш за 100 фашыстаў.
Вайсковыя часткі, якім было прысвоена ганаровае найменне “Лідскіх”, пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны былі расфармаваны. Генералы М.С. Аслікоўскі, І.П. Калюжны, П.П. Брыкель, Е.С.Чапуркін, палкоўнік А.В. Кажамякін і яфрэйтар Сяргей Балгарын рашэннем гарвыканкама былі прызнаны Ганаровымі грамадзянамі г. Ліды.
У баях за г. Ліду вызначыліся падраздзяленні войскаў пад камандаваннем падпалкоўнікаў В.М. Грыгор’ева, А.Ф. Труханава. Абодва яны загінулі падчас гэтай аперацыі і пахаваны ў брацкай магіле ў гарадскім парку. Тут таксама пахаваны ўдзельнікі вызвалення Ліды маёр Н.П. Арцёменка, ст. лейтэнант Г. І. Сытнікаў і гвардыі радавыя Г.М. Савушкін і Ф.Т. Тумаеў.
Вечная памяць героям!
6 ліпеня на Дажыначнай плошчы прайшоў канцэрт, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі і горада Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў!
А ў 20:00, пасля ўскладання кветак да Кургана, прайшла ваенна-гістарычная рэканструкцыя вызвалення Ліды з удзелам клубнага аб’яднання “Гонар мундзіра” з г. Гомеля.
ТК “Лідскі (не)афіцыйны.