Аляксандру Казіміравічу Сержпутоўскаму ў беларускай этнаграфіі і фалькларыстыцы належыць адно з пачэсных месц. Ён пакінуў багатую спадчыну ў галіне вывучэння побыту і культуры беларускага народа, вусна-паэтычнай творчасці.
Аляксандр Казіміравіч нарадзіўся 21 чэрвеня 1864 года ў вёсцы Бялявічы Чапліцкай воласці, Слуцкага павета, Менскай губерні. Пасля заканчэння Пецярбургскага археалагічнага інстытута і Вышэйшых юрыдычных курсаў ён доўгі час працаваў на Меншчыне настаўнікам (тут Сержпутоўскі пражыў каля 30 год), а з 1906 года і да канца свайго жыцця ў 1940 годзе – у Рускім музеі ў Пецярбургу рэгістратарам і хавальнікам этнаграфічнага аддзела.
Навуковыя зацікаўленні Аляксандра Сержпутоўскага пачалі складвацца ў пачатку 90-х гадоў ХІХ стагоддзя. У гэты час у Беларусі этнографамі і фалькларыстамі была сабрана і апублікавана велізарная колькасць матэрыялаў – дзесяткі тысяч песень, сотні казак, тысячы прыказак, прымавак і загадак. Фальклорна-этнаграфічная літаратура ў гэты час была самая шматлікая. Шырокая грамадскасць дзякуючы этнографам пазнаёмілася з самабытнай арыгінальнай культурай беларускага народа, яго багатай вусна-паэтычнай творчасцю.
Цікавасць да краязнаўства захапіла і маладога Аляксандра Казіміравіча. Спачатку як аматар, а потым як сталы даследчык культуры і быту свайго народа, ён любоўна запісваў, сістэматызаваў, вывучаў і аналізаваў усё тое, што датычыла жыцця беларускага селяніна, яго быту і культуры.
Навуковая дзейнасць Аляксандра Сержпутоўскага ўвесь час праходзіла ў жывым народным асяроддзі. Матэрыялы для сваіх работ ён збіраў асабіста як у час настаўнічання на Меншчыне, так і пасля ўладкавання на працу ў музей. А з 1906 года ён зрабіў працяглыя экспедыцыі на Беларусі: на Палессе (1906-1907 гг.), на захад Беларусі (1909 г.), на поўдзень Беларусі (1910 г.), на захад Беларусі і ў Магілёўскую губ. (1913 г.), у Віцебскую губ. (1914 г.) .
Пасля рэвалюцыі Аляксандр Казіміравіч працягвае сваю этнаграфічную дзейнасць па вывучэнні Беларусі. Ён звязваецца з Інстытутам беларускай культуры. Па заданні Інстытута ў 1926 годзе ён робіць працяглую экспедыцыю па Гомельскай губерні.
За час сваіх экспедыцый вучоны сабраў велізарную колькасць этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў. Так, толькі ў экспедыцыі 1906-1907 гг. на Палессі ім было сабрана звыш 800 этнаграфічных рэчаў (земляробчыя прылады працы, прадметы жылля, хатняе начынне, адзенне, тканіны, вышыўкі, сродкі транспарту, бандарныя і цяслярныя вырабы і прылады працы, прылады рыбнай лоўлі і пчалярства, сродкі народнай медыцыны, музыч-ныя інструменты, цацкі і г.д.). Акрамя гэтага, ім зроблена звыш 200 фотаздымкаў з побыту народа, запісана вялікая колькасць фальклорных твораў, зроблены апісанні быту і звычаёвага права.
Побач са збіраннем матэрыялаў Аляксандр Казіміравіч вёў і навуковае даследаванне быту і культуры беларусаў. Яшчэ ў пачатку 90-х гадоў ён пачаў выступаць у мясцовым друку з краязнаўчымі артыкуламі, а з 1907 года шэраг яго этнаграфічных і фальклорных прац публікуецца ў навуковых часопісах, а таксама выходзіць асобнымі выданнямі.
Буйнейшымі працамі Аляксандра Сержпутоўскага па этнаграфіі з’яўляюцца наступныя: “Аб завітках у Беларусі”, “Нарысы Беларусі” (друкавалася на працягу 1907-1909 гг. у часопісе “Живая старина”), “Земляробчыя прылады Беларускага Палесся” (1910), “Бортніцтва ў Беларусі” (1914), “Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў” (1930).
У сваіх этнаграфічных нарысах ён дае яркія характарыстыкі паасобных з’яў побыту беларускіх сялян. З асаблівай цеплынёю ён апісвае тыя народныя традыцыі, у якіх каларытна адлюстроўваюцца высокія маральныя якасці простага чалавека, пачуццё дружбы, узаемадапамогі і таварыства. Гэтаму прысвечаны яго нарысы “Сябрына” (сяброўства, дружба), “Бонда” (звычай дзя-ліцца з суседзямі і родзічамі ўсім, што набываецца), “Талака” (бясплатная калектыўная ўзаемная дапамога ў працы).
Пераважную колькасць сваіх прац А. Сержпутоўскі прысвяціў сваёй радзіме – паўднёвай частцы Слуцкага павета, і ў прыватнасці вёсцы Чудзін. Такая лакалізацыя навуковых даследаванняў давала магчымасць глыбока вывучыць асаблівасці народнага быту і культуры пэўнага раёна, што мела вялікае значэнне як для агульнай этна-графічнай характарыстыкі беларусаў, так і для выяўлення паасобных этнаграфічных раёнаў Беларусі.
У фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі захоўваюцца работы Аляк-сандра Казіміравіча Сержпутоўскага. Некаторыя з іх з’яўляюцца прыжыццёвымі выданнямі этнографа.
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.