Гонар беларускай нацыі – Васіль Быкаў. Адзін з плеяды слынных беларускіх творцаў позняга СССР і ранняй Рэспублікі Беларусь.
Гэтыя слаўныя дзеячы беларускай культуры без усякага сумнення пайшлі ў змаганне за незалежную краіну.
Яны трацілі ўсё: зоркі, ордэны, медалі, прэміі, пасады, персанальныя пенсіі, але Беларусь была перад усім. Яны ішлі, як Хрыстос на крыж. Крыж у кожнага быў свой, адпаведна асобе, але ён быў у кожнага.
Васіль Уладзіміравіч Быкаў (19 чэрвеня 1924, в. Бычкі, Ушацкі раён – 22 чэрвеня 2003, в. Бараўляны, Менскі раён, Беларусь) – беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Другой сусветнай вайны, капі-тан. Народны пісьменнік Беларусі.
Большасць твораў – аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Другой сусветнай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.
Творчасць
Творчая біяграфія пісьменніка пачынаецца ў пасляваенныя гады. Першыя апавяданні Васіля Быкава былі надрукаваны ў газеце “Гродзенская праўда” (1959, “У той дзень”, “У першым баі”).
Тэматыка ранніх апавяданняў, як і многіх далейшых твораў Васіля Быкава, прысвечана падзеям вайны.
Сам Васіль Быкаў свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951 года, калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні “Смерць чалавека” і “Абознік”. Іх ён паслаў на водгук М. Лынькову. Нягледзячы на ўвогуле ўдалы творчы дэбют, Быкаў не быў перакананы ў тым, што літаратура – яго жыццёвае прызванне. З героя апавядання “У першым баі” Мікалая Беражнога пачаліся быкаўскія героі – маладыя афіцэры і салдаты з трагічным франтавым лёсам.
Першы зборнік “Ход канём” (1960) раскрывае пасляваеннае жыццё савецкіх людзей, іх узаемаадносіны ў працы, побыце, паказвае нараджэнне новых якасцей у характары чалавека, асабліва моладзі.
Канец 1950-х – пачатак 1960-х гадоў для Быкава – час пошукаў самога сябе. Ён піша сатырычныя мініяцюры, гістарычна-прыгодніцкую аповесць “Апошні баец”, серыю навел на маральна-этычныя тэмы, другі цыкл ваенных апавяданняў, нарысы, рэцэнзіі. Гэтыя творы сведчаць пра тое, што іх аўтар ішоў да свайго адкрыцця свету, да аналітычнага даследавання чалавечага быцця, рашуча адмаўляючыся ад дробнатэмнасці, апісальнасці. Кожны твор быў для яго своеасаблівай школай майстэрства, пяро пісьменніка сталела, почырк набываў большую індывідуальную афарбоўку, мова – выразнасць і дакладнасць. Васіль Быкаў набліжаўся да раскрыцця тых трагічных падзей 1941-1945 гадоў, з якімі сутыкаецца галоўны герой яго аповесцей.
У “Жураўліным крыку” (1959) пісьменнік звярнуўся да ваеннай тэмы, каб застацца ёй верным амаль увесь час. Паводле зместу, шэсць вайскоўцаў, кожны з якіх – жывая чалавечая індывідуальнасць, гінуць у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі. У наступных яго аповесцях паўстае перад чытачом гранічна праўдзівае адлюстраванне вайны. Яго творы нязменна нясуць у сабе моцны зарад маральнай энергіі, неабходнай чалавеку сёння.
Шырокая вядомасць прыйшла да Быкава пасля публікацыі аповесці “Трэцяя ракета” (1961).
Тэма чалавека на вайне таксама праходзіць праз аповесці “Пастка” (1962), “Альпійская балада” (1963), “Праклятая вышыня” (1968).
Аднак у застойныя гады афіцыйная крытыка непрыймальна ставілася да бескампрамісных аповесцей Васіля Быкава пра вайну. Адзін з самых вострапраўдзівых яго твораў “Мёртвым не баліць” (1965) убачыў свет на той час толькі ў часопісах “Маладосць” і “Новый мир (руск.) бел.”, дзякуючы грамадзянскай мужнасці іх рэдактараў П. Панчанкі і А. Твардоўскага. Быкава абвінавачвалі, што ён не з тых пазіцый піша пра вайну, скажае праўду, ачарняе гераічных савецкіх воінаў. Па камандзе галоўных тады партыйных ідэолагаў (М. Суслава, М. Зімяніна і так званага “спецыяліста” па беларускай літаратуры ў Аддзеле прапаганды ЦК КПСС У. Сяўрука) былі арганізаваны калектыўныя пісьмы “незадаволеных” быкаўскім адлюстраваннем падзей вайны. Нягледзячы на тое, што многія творчыя саюзы, выдавецтва “Мастацкая літаратура” і яго дырэктар М. Дубянецкі, шматлікія чытачы патрабавалі ўключыць “Мёртвым не баліць” у збор твораў Васіля Быкава, М. Суслаў, а пасля М. Зімянін загадалі ніколі яе не друкаваць і ўсякія размовы пра выданне спыніць, хоць у многіх краінах гэты твор ужо тады выйшаў асобнай кнігай. I ўсё ж грамадская думка перамагла: аповесць была ўключана ў 4-ы том збору твораў пісьменніка.
У 1970-я гады Быкаў працягвае цыкл аповесцей на ваенную тэму: “Сотнікаў” (1970), “Абеліск” (1971), “Дажыць да світання” (1972), “Воўчая зграя” (1974), “Яго батальён” (1975).
Ваенныя аповесці Быкава – высокамастацкія творы, з якіх складаецца гераічны эпас пра Вялікую Айчынную вайну. У іх аўтар сцвярджае выпрабаваныя ў полымі барацьбы з фашызмам ідэйныя і маральныя якасці: вернасць адвечным агульначалавечым каштоўнасцям, інтэрнацыяналізм, любоў да роднай зямлі, высокую годнасць чалавека-працаўніка і воіна. У творчасці Быкава прасочваюцца ідэйна-эстэтычныя пошукі савецкай літа-ратуры апошняга часу, далейшае развіццё такіх яе неад’емных якасцей, як філасафічнасць, аналітычнасць, псіхалагізм, глыбокае раскрыццё ўнутранага свету чалавека, яго паводзін у экстрэмальных умовах ваенных гадоў. У партызанскім цыкле аповесцей (“Круглянскі мост” (1968), “Пайсці і не вярнуцца” (1978), “Знак бяды” (1982) з асаблівай сілай выявілася праблема трагічнага, адвечная тэма выбару ў складаных умовах акупаванай тэрыторыі і партызанскай барацьбы народа супраць фашыстаў. Не менш востра паказаў пісьменнік і падзеі калектывізацыі, да якіх упершыню звярнуўся ў аповесці “Знак бяды”. У беларускай літаратуры ніхто так аголена-праўдзіва, з болем, абгрунтавана не паказаў бессэнсоўнасць, жорсткасць сталінскіх метадаў абагульнення сялянскіх гаспадарак, вытручвання ў селяніне-працаўніку любові да зямлі-карміцелькі, вынішчэння яго гаспадарчых традыцый. Гэтую тэму пісьменнік працягвае даследаваць і ў аповесці “Аблава”, дзе, асвятляючы падзеі калектывізацыі, упершыню ў беларускай літаратуры паказвае спецпера-сяленца, працавітага, гаспадарлівага селяніна Хведара Роўбу, які быў высланы з сям’ёй на Поўнач, а потым, пры спробе вярнуцца ў родную вёску, загінуў пакутніцкай смерцю.
Пераасэнсаванне мінулага стала галоўным напрамкам, па якім рухалася быкаўская думка ў 1980-я гады. Пісьменнік пераасэнсоўвае і прыкметна ўдакладняе многае з таго, што ўпэўненна сцвярджаў у сваіх творах. У рамане “Кар’ер” (1985) паяднаны сучаснасць і вайна. Складаны лёс чалавека ва ўмовах фашысцкай акупацыі пісьменнік паказвае ў аповесці “У тумане” (1988). “Аблава” (1989) мае рэальную жыццёвую аснову. Васіль Быкаў акцэнтуе ўвагу на злавесна-разбуральнай сутнасці часу і гаворыць пра катастрафізм духоўнага быцця ў цэлым. З суровым рэалізмам у адлюстраванні падзей напісана быкаўская “Сцюжа” (1969, 1991).
У 1990-я гады Быкаў бярэ на ўзбраенне апавяданне. “На чорных лядах”, “Бедныя людзі” (абодва – 1994), “Жоўты пясочак”, “Зенітчыца”, “Палкаводзец”, “Палітрук Каламіец”, “Падоранае жыццё” (усе – 1995).
Аповесць “Пакахай мяне, салдацік” (1996) тэматычна звязана з цыклам “ваенных” апавяданняў. Аповесць “Афганец” (1998) расказвае пра салдата-“афганца”, які, расчараваўшыся ў жыцці, вырашае забіць тырана. Аповесць “Ваўчыная яма” (1999) расказвае пра жыццё ў чарнобыльскай зоне. Надзвычай складаныя рэаліі ваеннай рэчаіснасці паўстаюць з аповесці “Балота” (2001).
Яшчэ адна іпастась пісьменніка – аўтар “баек жыцця” з філасофска-алегарычным зместам: “Сцяна” (1995), “Музыка”, “Народныя мсціўцы” (абодва – 1997), “Ваўчыная яма”, “Мальбара”, “Тры нявымаўленыя словы”, “Труба” (усе – 1998), “Галоўны крыгсман”, “Хутаранцы”, “Апалагетыка “нагана””, “Кошка і мышка” (усе – 1999). Выходзяць кнігі прозы “Сцяна” (1997), “Пахаджане” (1999). Быкаўскія прыпавесці ўвайшлі ў супольную кнігу Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава “Калі рукаюцца душы” (2003). Працягвае тэму сяброўства кніга “Дажыць да зялёнай травы” (2008). Кнігу пад такой назвай Быкаў і Барадулін пісалі 43 гады. Складаецца яна з сяброўскага ліставання двух выдатных творцаў, якое пачалося ў 1960 годзе.
У гады перабудовы Быкаў актывізаваўся як грамадскі дзеяч, публіцыст. Яго выступленні, артыкулы, інтэрв’ю склалі зборнікі “На крыжах” (1992) і “Крыжовы шлях” (1998). Пісьменнік падсумаваў вынікі свайго жыцця і творчасці кнігай успамінаў “Доўгая дарога дадому” (2002).
Адной з апошніх прац Быкава сталі аповеды Ба-рыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 года “Цярновы шлях”, якія пазней увайшлі ў кнігу “Грамадзянін свету” (2004). Кожны з 12 аповедаў пачынаецца лірычна-белетрыстычным уступам самога Быкава, які пры гэтым каларытна характарызуе нямецкія рэаліі і апавядальніка.
Але і пасля смерці Васіля Быкава з’яўляюцца на старонках друку невядомыя беларускаму чытачу творы. У кнігу “Бліндаж” (2007) увайшлі аповесці “Бліндаж” (1987) і “Апошні баец” (1958), якія раней не ўключаліся аўтарам у ніводзін свой зборнік.
У 2020 годзе знайшлі арыгіналы чатырох апублікаваных у 1970 годзе франтавых малюнкаў Васіля Быкава, зробленыя яго рукой. Яны захоўваліся ў асабістым архіве Івана Глухава, гарадзенскага журналіста і ветэрана вайны.
Экранізацыі і інсцэнізацыі твораў
Па творах Быкава пастаўлены кінафільмы “Трэцяя ракета” (1963), “Альпійская балада” (1966), “Дажыць да світання” (1975), “Воўчая зграя” (1976), “Абеліск” (1977), “Узыходжанне” (1977, паводле “Сотнікава”, рэжысёр Ларыса Шапіцька (руск.) бел.) “Знак бяды” (1985), “У тумане” (2012), кароткаметражны фільм “Пастка (руск.) бел.”, тэлефільм “Доўгія вёрсты вайны” (1976, паводле аповесці “На ўсходзе сонца”). В. Дашуком створаны фільм пра Быкава “Узыходжанне” (1985). У 1981 годзе быў зняты фільм “Фруза (руск.)бел.”, а ў 1989 годзе – фільм “Круглянскі мост”. У 2008 годзе выйшаў фільм “Асуджаныя на вайну (руск.) бел.” паводле аповесці “Пайсці і не вярнуцца”. У 2019 годзе зняты фільм па “неваенным” апавяданні – “Народныя мсціўцы”. Дарэчы, на беларускай мове з ўсіх экранізацый твораў Быкава зняты толькі два фільмы – “На чорных лядах” (рэж. Валерый Панамароў, 1995) і “Народныя мсціўцы” (рэж. Аляксандар Меліхавец, 2019).
П’еса “Апошні шанц” ставілася ў тэатрах. Былі інсцэніраваны яго аповесці “Абеліск”, “Альпійская балада”, “Дажыць да світання” (усе – Масква), “Знак бяды” (Гомель, Ленінград, Менск), “Пайсці і не вярнуцца” (Кастрама, Масква, Чарнігаў), “Сотнікаў” (Ленінград, Магілёў), “Трэцяя ракета” (Кіеў, Масква) і інш. У 1990 годзе пастаноўкі радыёспектакляў па аповесцях Быкава “У тумане” і “Кар’ер” адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.
Балет “Альпійская балада” (1967) напісаў Яўген Глебаў, на яго ж аснове стварыў “Сюіту з балета “Альпійская балада””. Оперу “Сцежкаю жыцця” (1980, паводле “Воўчай зграі”) стварыў Генрых Вагнер. Да творчасці пісьменніка звярталіся мастакі А. Кашкурэвіч, I. Немагай.
Вікіпедыя.