Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Навіны Германіі. Чэмпіянат Еўропы па футболе стартаваў у Германіі

Навіны Германіі. Чэмпіянат Еўропы па футболе стартаваў у Германіі

19 чэрвеня 2024, 08:38 Спорт, У свеце 19
Навіны Германіі. Чэмпіянат Еўропы па футболе стартаваў у Германіі

Германія ўпершыню пасля ўз’яднання краіны прымае чэмпіянат Еўропы па футболе сярод мужчынскіх нацыянальных зборных. Матчы пройдуць з 14 чэрвеня па 14 ліпеня ў 10 гарадах. Фаварытам Еўра-2024 букмекеры лічаць зборную Англіі, якая апярэдзіла фіналіста чэмпіянату свету 2022 года Францыю і гаспадыню турніру Германію. Зборная Італіі, якая стала чэмпіёнам Еўропы ў 2021 годзе, заняла ў прагнозах букмекераў толькі шостае месца.

Апошнім разам нямецкая мужчынская зборная па футболе выйгравала чэмпіянат Еўропы ў 1996 годзе. Фармат Еўра-2024 – такі ж, як і ў двух папярэдніх чэмпіянатах Еўропы: у ім удзельнічаюць 24 нацыянальныя зборныя, падзеленыя на шэсць груп. Спачатку каманды згуляюць адна з адной у рамках групавога этапу. Зборныя, якія занялі першыя і другія месцы ў групах, выходзяць у плэй-оф. У плэй-оф выйдуць і чатыры лепшыя каманды, якія зоймуць у сваіх групах трэція месцы.

У рамках Еўра-2024 адбудзецца 51 матч на 10 ста-дыёнах Германіі. Больш за ўсё матчаў – па шэсць – прымуць футбольныя арэны ў Берліне, Мюнхене і Дортмундзе. На найбуйнейшым – Алімпійскім стадыёне ў Берліне – пройдзе і фінал турніру. Адкрылася Еўра-2024 матчам зборных Германіі і Шатландыі ў Мюнхене.

Па пяць гульняў адбудуцца на стадыёнах Штутгарта, Гамбурга, Дзюсельдорфа, Франкфурта і Кёльна, па чатыры – у Лейпцыгу і Гельзенкірхене. Ва ўсіх гарадах арганізаваны фан-зоны, дзе гульні будуць паказваць на вялікіх экранах бясплатна.

 

У першым матчы чэмпіянату зборная Германіі разграміла каманду Шатландыі. Выніковы лік матча, які прайшоў у Мюнхене, для шатландцаў зусім непрыстойны – 5:1. Галы за Германію забілі Фларыян Вірц, Джамал Мусіяла, Каі Хаверц, Ніклас Фюлькруг, Лерой Сане. Першыя два былі забіты ў першыя 20 хвілін матча, а пасля першага тайма лік быў 3:0.

Нават адзіны свой мяч у адказ шатландцы забілі не самі: у самым канцы другога тайма мяч адрыкашэціў ад галавы нямецкага абаронцы Антоніа Рудыгера.

З канца першага тайма шатландцы гулялі ў меншасці, бо абаронца Браян Партэўс атрымаў чырвоную картку за фол ва ўласнай штрафной. Суддзя прызначыў за гэта пенальці, які паспяхова рэалізаваў Хаверц.

 

Першы гол на Еўра забіў самы перспектыўны немец – Фларыян Вірц.  Яму спатрэбілася ўсяго 10 хвілін, каб забіць першы гол у вароты Шатландыі.

Вірц трапіў на гэты чэмпіянат у статусе вялікай надзеі нямецкай зборнай. Галоўны трэнер зборнай Юліян Нагельсман назваў Вірца і яшчэ двух нямецкіх гульцоў, Джамала Мусіяла і Ілкая Гюндагана, сваімі “трыма чараўнікамі”, а прэса называе Фларыяна вундэркіндам.

Фларыян Вірц родам з Пульхайма, 53-тысячнага гарадка недалёка ад Кёльна. У сям’і будучай зоркі было 10 дзяцей, ён, самы малодшы, з’явіўся на свет 3 траўня 2003-га. Хлопец пачаў гуляць у футбол, калі яму было 4 гады, а першым трэнерам стаў яго бацька – цяпер ён агент Фларыяна.

Вірц згадвае, што ў яго сям’і ўсе былі апантаныя футболам:

– У нас не было тэлебачання ў гасцінай, таму мы гулялі там у футбол. Калі я ішоў у кухню па талерку, адначасова штурхаў перад сабой мяч.

Сястра хлопца, Джуліяна, таксама стала прафесійнай футбалісткай і цяпер гуляе за брэменскі клуб “Вердэр”. А сам Фларыян захоўвае адданасць сям’і – па даных на 2021 год, хлопец, якому тады было 18 гадоў, усё яшчэ жыў з бацькамі.

Сваю кар’еру хлопец распачынаў з клуба ў Пульхайме, а потым трапіў у футбольную акадэмію “Кёльна”, дзе гуляў да 2020 года. У 17 гадоў і 15 дзён ён упершыню выступіў у Бундэслізе за дарослую каманду “Баера” і на той час стаў самым маладым дэбютантам у гісторыі клуба. У такім жа юным узросце Вірц трапіў у дарослую зборную – калі ён выйшаў за яе на поле, яму было 18.

21-гадовы паўабаронца і дагэтуль выступае за “Баер”, які ўпершыню выйграў золата нямецкага чэмпіянату, але за Вірца ўжо б’юцца іспанскія гранды – “Рэал” і “Барселона”. Па апошніх звестках, перамагае “Рэал”, і летам 2025 года Фларыян падпіша кантракт з каралеўскім клубам – сума трансферу можа скласці 150 мільёнаў еўра.

Паводле СМІ.

Фларыян Вірц. Фота: Jean Catuffe / Getty Images

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5919
Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!
Грамадства

Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!

9 лістапада 2018, 09:2818
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0018
Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс.  ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ
Мова

Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс. ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ

9 лютага 2022, 22:2217
Далучайцеся да нас