Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Брукаванае слова Петруся Граніта

Брукаванае слова Петруся Граніта

26 сакавіка 2024, 18:13 літаратура 33
Брукаванае слова Петруся Граніта

Сусветны дзень паэзіі ўрачыста адзначылі ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. На мерапрыемства завіталі аматары і майстры мастацкага слова, сябры літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры “Лідскай газеце”. Менавіта да гэтага дня супрацоўнікі дома-музея адкрылі выстаўку “Брукаванае слова”, якую прысвяцілі заходнебеларускаму паэту Петрусю Граніту. Напрыканцы студзеня яму споўнілася б 115 год з дня нараджэння.

Трэба зазначыць, што ў пачатку лютага тут была адкрыта выстаўка “У дом твой сцежка прывяла сама…”, што была прысвечана Валянціну Таўлаю, якому творчая інтэлігенцыя адзначыла таксама юбілей – 110 год з дня нараджэння. І таму першынство ў святкаванні юбілейных дат было дадзена паэту, які жыў у гэтым доме.

Выстава “Брукаванае слова” адразу пачынаецца з парога дома-музея і знаёміць з жыццём і творчым шляхам Петруся Граніта. Трэба зазначыць, што Пятрусь Граніт – гэта псеўданім зачэпіцкага паэта Івана Івашэвіча. Пару год назад куратару выстаўкі, навуковаму супрацоўніку музея Алесю Хітруну паспрыяла пабыць у Зачэпічах на свяце беларускай паэзіі, арганізаваным гарадзенскімі пісьменнікамі. У той дзень адбылося знаёмства з унучкай І. Івашэвіча Людмілай Аляксандраўнай Яновіч, якая, як аказалася потым, жыве ў Лідзе, ды прытым, непадалёку ад дома-музея. Падчас размовы стала вядома, што ў яе захоўваецца архіў дзеда-паэта. Пазней Людміла Аляксандраўна прынесла ў Дом Валянціна Таўлая папку з каштоўным матэрыялам з архіва яе дзеда. У папцы змяшча-ліся рукапісы і машынапісы вершаваных твораў, фотаздымкі, дакументы і іншае. Па-зней быў атрыманы і прыжыццёвы зборнік вершаў “Сцяжынка” паэта. Адназначна, такія матэрыялы маюць месца для захоўвання ў абласных і рэспубліканскіх музеях. А тут – падзея для Дома Таўлая! Гэты матэрыял і стаў асновай у адкрыцці выстаўкі. Як быццам, ён чакаў свайго часу.

Падчас адкрыцця выстаўкі паэты-аднадумцы даведаліся пра жыццё і творчасць Петруся Граніта. Асобная ўвага была скіравана на яго працоўную дзейнасць, а менавіта пра нялёгкую працу – брукаванне дарог. Яна прымусіла яшчэ будучага паэта ўвіхацца дзеля належных сродкаў на пражытак да 1939 года – часу ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. У беларускай літаратуры такога працавітага паэта, які аж 12 гадоў клаў брук і яшчэ паспяваў пісаць добрыя вершы, больш не было! Доўгія гады ў родных мясцінах яшчэ захоўваліся брукаванкі, пакладзеныя самадзейным паэтам.

Пра выбар гэтай нялёгкай працы літаратуразнаўцу Уладзіміру Калесніку давялося яшчэ пры жыцці пагутарыць з Іванам Івашэвічам. Вось што ён піша: “Працу брукара ён не тое што любіць, а ганарыцца ёю: цяжкая праца, не кожны вытрывае. Паспрабуй цэлы летні дзень пад спёкаю молатам каменне трушчыць. Увесь потам сыдзеш, соль на кашулі выступіць, хоць бяры ды страсай саляны пыл на паперу і тою соллю страву падсольвай. Або сядзіш, дарогу мосціш, і роўная, як струна, дарога бяжыць з-пад тваіх каленяў. Хацеў бы ўстаць ды памчацца ў тыя далёкія далі, у невядомыя гарады, да якіх вядзе твая дарога. Хочаш, а не можаш, кленчыш на каленях, глядзіш у сінь-даль ды зайздросціш тым, хто па тваёй дарозе, па бруку, па каменьчыках тых, сагрэтых тваімі далонямі, імчыцца на быстрай машыне. Што там машына! Зайздросціш балаголу, які хоць і зубы сціскае на дрогкім бруку, каб языка не прыкусіць, але ўсё ж едзе, а ты – на месцы. Зайздросціш няшчаснаму пешаходу, які хоць кійком падпіраецца, але дыбае. Любіць pyx дарога, і жыццё любіць pyx. Усякае жывое стварэнне рухаецца, куды яго цягне, а ты мусіш сядзець як прыкаваны. Часам ахвота ісці ў нязведаныя куткі так спакушала і таміла Іванаву душу, што хацелася кінуць гэтую катаржную работу – ды заламіся ты, прынука! Але выхаваная змалку руплівасць, сорам жыць без працы, кпіны з лёгкага хлеба, сялянская цвярозасць – усё гэта трымала яго на адным месцы…”.

Адназначна, паэт прымаў удзел у вызвольным руху, пад яго уздзеяннем ён пачаў пісаць вершы, уключыўся ў культурна-асветныя справы. У гісторыі беларускай літаратуры захаваўся і той факт, што ў снежні 1933 года Пятрусь Граніт быў запрошаны нават у Вільню на з’езд Літаратурнага фронту сялянскіх і рабочых пісьменнікаў, якім кіраваў Валянцін Таўлай. У той дзень гэтыя два паэты пазнаёміліся. І сяброўства іх захавалася на доўгі час. Лідзянам напэўна вядома і пра тое, як у сакавіку 1940 года прыязджаў у Ліду кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага савета БССР Янка Купала. На той сустрэчы разам з Ва-лянцінам Таўлаем, Нінай Тарас, Анатолем Іверсам, Пятром Глебкам быў і Пятрусь Граніт – старшыня Беліцкага сельсавета.

Кожны паэт марыць выдаць томік сваіх твораў. У зачэпіцкага паэта таксама быў падрыхтаваны зборнік вершаў “Над хваляй Нёмана”, але ж з пачаткам вайны фашысцкай Германіі з Польшчай, кніжцы не суджана было выйсці ў свет. Рукапіс загінуў. Але творчасць паэта працягвалася. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён быў сувязным партызанскай брыгады “Барацьба” і выступаў у партызанскім друку пад псеўданімам Мацей Гвозд.

З прыходам савецкай улады з 1946 па 1950 год Іван Івашэвіч вучыўся ў Наваградскім педагагічным вучылішчы. Потым працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах. Ёсць звесткі, што Зачэпіцкую школу ён будаваў за ўласныя грошы.

Пятрусь Граніт любіў дзяцей. Ім прысвячаў свае вершы. У 1978 годзе быў выдадзены зборнік для дзяцей “Сцяжынка”. Мяркуецца, што першапачатковая назва яго мелася быць “Па дарогах жыцця”.

Часта наведваўся паэт і ў рэдакцыю лідскай газеты “Уперад”, у якой друкаваліся яго вершы. Змяшчаў творы і ў абласным друку. Нізкі вершаў былі апублікаваны ў зборніках “Сцягі і паходні” (1965 г.), “Ростані волі” (1990 г.).

14 студзеня 1980 года паэта не стала. Пахаваны на вясковых могілках у Зачэпічах.

Захаваўся і дом, у якім жыў паэт. У верасні 2017 года на гэтым будынку з’явілася памятная шыльда. З таго часу родная вуліца Петруся Граніта пачала насіць яго імя.  У 2018 годзе ў Зачэпічах быў урачыста адкрыты памятны знак – камень у гонар трох паэтаў Герасіма Праменя (Івана Пышко), Васіля Струменя (Аляксандра Лебедзева) і Пятруся Граніта (Івана Івашэвіча).

У Лідзе яшчэ жывуць і тыя, хто асабіста ведаў Петруся Граніта. Адзін з іх – гэта лідскі паэт Уладзімір Васько. Свой успамін “Згадка пра Івашэвіча” ён змясціў у кнізе “Лясная рапсодыя” (2013 г.), а ў зборніку “Энергія душы” – верш  “Гняздо паэтаў” з нагоды адкрыцця знака-каменя траім паэтам у вёсцы Зачэпічы, што на сённяшняй Дзятлаўшчыне.

У дзень адкрыцця экспазіцыі гучалі вершы лідскіх паэтаў. Уладзімір Васько і Ірына Марук згадалі пра сустрэчы з Петрусём Гранітам. Праз матэрыял, які прадстаўлены на часовай экспазіцыі, яны змаглі прайсціся дарогай самадзейнага паэта і прасачыць тыя падзеі, праз якія прайшоў беларускі народ у той ужо гістарычны час. 

У назве выстаўкі, як было заўважана, прасочваецца нялёгкая праца самадзейнага паэта, у якой ён паказаў сябе працаўніком-селянінам, які сваімі мазольнымі рукамі пракладаў брукаваную дарогу, як быццам бы паэтычным друкаваным словам – сцяжынку ў светлую будучыню, у якой кожны жыхар нашай незалежнай краіны павінен звацца беларусам.

Выстава “Брукаванае слова” будзе актуальнай да 80-годдзя з дня вызвалення беларускіх зямель ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і да 85-годдзя з дня ўз’яднання Заходняй Беларусі да БССР.

 Алесь Хітрун,

навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0517
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2817
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2116
Далучайцеся да нас